BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Заява рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі

12.11.2010
Заява рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі

З А Я В А

РАБОЧАЙ ГРУПЫ
АСАМБЛЕІ НЯЎРАДАВЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ БЕЛАРУСІ

12 лістапада 2010 г.

Мы, прадстаўнікі Асамблеі НДА Беларусі, выказваем глыбокую занепакоенасць у сувязі з запланаванай на 14 лістапада Нацыянальнай канферэнцыяй па выніках даследавання Індэкса грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, якая адбываецца ў межах праекта пад эгідай АБСЕ ў супрацоўніцтве з міжнароднай арганізацыяй CIVICUS. Падставай для такой заклапочанасці з’яўляецца неабгрунтавана заяўленая арганізатарамі канферэнцыі мэта стварэння тэматычных і нацыянальнай платформ грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Асамблея НДА Беларусі заўжды выступае за тое, каб грамадскія арганізацыі гуртаваліся дзеля прасоўвання сваіх інтарэсаў і правоў, дзеля абмену інфармацыяй і ўсталявання партнёрскіх стасункаў. Мы таксама лічым, што канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж суб’ектамі грамадзянскай супольнасці, улады і інстытутамі бізнэсу ўвасабляе ідэю сумеснай адказнасці за развіццё і прагрэс грамадзтва.

Аднак пабудова такога канструктыўнага дыялогу і ўзаемадзеяння магчыма толькі пры ўмове, што гэты  працэс не будзе парушаць прынцыпаў, на якіх заснаваная грамадзянская супольнасць. Пры гэтым мусіць забяспечвацца як стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця грамадзянскай супольнасці, так і адкрыты, празрысты, інклюзіўны працэс пабудовы механізмаў камунікацыі паміж грамадскімі арганізацыямі і органамі ўлады.
 
На дадзены момант мы са шкадаваннем адзначаем, што:

  • Атмасфера для дзейнасці і развіцця грамадскіх арганізацый у Беларусі неспрыяльная. Пра гэта сведчаць наяўнасць крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый (Арт. 193.1 КК), складаны рэжым атрымання дзяржаўнай рэгістрацыі (у тым ліку праблемы з атрыманнем юрыдычнага адрасу і адвольныя адмовы ў рэгістрацыі НДА), абмежаваныя магчымасці для атрымання бязвыплатанай дапамогі і інш. Асобна хочам звярнуць увагу на тое, што ў краіне рыхтуецца Закон “Аб некамерцыйных арганізацыях”, распрацоўка якога адбываецца без удзелу грамадзянскай супольнасці.
  • Улады краіны яшчэ не прадэманстравалі на практыцы жадання і волі для наладжвання дыялогу з усім спектрам арганізацый грамадзянскай супольнасці.
  • Працэс стварэння “нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці” краіны, які ідзе пад кіраўніцтвам Ю.Загуменнава, адбываецца паспешліва, непрадумана і па-валюнтарысцку, што выклікае сур’ёзныя сумневы ў сапраўднасці заяўленых мэтаў гэтага працэсу.

Адначасова, хочам указаць на той факт, што ў Беларусі ўжо колькі год існуюць і працуюць дыялогавыя пляцоўкі і аб’яднанні няўрадавых арганізацый, якія засведчылі сваю эфектыўнасць. Неаднаразова гэтыя пляцоўкі і аб’яднанні (Асамблея НДА Беларусі, Форум праваабарончых арганізацый, Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і інш.) выходзілі з прапановамі аб канструктыўным узаемадзеянні з афіцыйнымі ўладамі, але іх звароты так і засталіся без адказу.

Таму Асамблея НДА Беларусі заяўляе, што:

  • Асамблея НДА гатовая і надалей працаваць на паляпшэнне камунікацыі і развіцця дыялогу як ўнутры грамадскага сектару, так і з прадстаўнікамі органаў улады. Але такі дыялог можа адбывацца толькі на прынцыпах павагі, партнёрства, грамадскага ўдзелу, незалежнасці, адказнасці, роўных магчымасцяў у стасунках з уладамі для ўсіх недзяржаўных арганізацый і ініцыятываў.
  • Асамблея НДА пакуль не бачыць падставаў лічыць адкрытай і дэмакратычнай ініцыятыву па стварэнні “нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці” у межах праекта па даследванні Індэкса грамадзянскай супольнасці Беларусі.
  • Асамблея НДА Беларусі заклікае да шырокіх і адкрытых кансультацый паміж зацікаўленымі ўладнымі структурамі і недзяржаўнымі арганізацыямі не толькі па мэтах, прынцыпах і механізмах ўзаемадзеяння “дзяржава–НДА”, але і па тым, як такія механізмы павінныя выпрацоўвацца. Асамблея НДА лічыць, што канферэнцыя 14 лістапада мусіць быць прысвечаная абмеркаванню вынікаў заяўленага даследвання, а таксама магчымаму ў будучыні наладжванню дыялогу паміж грамадзянскай супольнасцю і органамі ўлады.
  • Асамблея НДА гатовая вітаць жаданне ўладаў распачаць плённае ўзаемадзеянне і дыялог з грамадзянскай супольнасцю, але гэтае жаданне павіна быць падмацавана канкрэтнымі крокамі. Мы бачым такімі крокамі а) скасаванне артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу, б) распачынанне адкрытай публічнай дыскусіі па распрацоўцы  законапраекту аб некамерцыйных арганізацыях з паўнавартасным удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў ім.

Запампаваць тэкст Заявы

Видео