BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Пірка Тапіёла: "Усходняе партнёрства" стваралася адмыслова для Беларусі

10.11.2010
Пірка Тапіёла: "Усходняе партнёрства" стваралася адмыслова для Беларусі

Але пакуль праграма ў нас амаль не запрацавала. Як распавёў дарадца Савета ЕС, Еўрасаюз адкрыты да таго, каб нарэшце падпісаць Дамову аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдаткуе на бліжэйшыя тры гады больш за 4 мільярды еўра на фінансаванне праграм у рамках "Усходняга партнёрства". Грошы цягам наступных трох гадоў пойдуць на розныя інвестыцыйная праекты, а таксама на транспартныя і экалагічныя праграмы. Але, як распавёў на канферэнцыі ў Любліне прадстаўнік Еўрапейскага банка Філіп Шымчак, Беларусь наўрад ці зможа ўдзельнічаць у гэтых праектах.

Філіп Шымчак: “Цяпер мы сканцэнтравалі ўвагу на “паўднёвай восі” і “цэнтральнай”. Бо на дадзены момант “паўночная вось” знаходзіцца ў цяжкім становішчы: Беларусь не атрымала права выкарыстоўваць некаторыя з нашых фінансавых інструментаў. Расія таксама паставіла пэўныя ўмовы, кажучы пра нашае супрацоўніцтва па транспартных сетках. Так што зараз мы развіваем "паўднёвую" і "цэнтральную транспартную вось" і ўкладаем грошы ва Ўкраіну, Малдову, Грузію і Арменію”.

Падобная сітуацыя і з інвестыцыйнымі праграмамі. Рэч у тым, што па такіх праграмах банк супрацоўнічае выключна з урадам краіны, мясцовымі ўладамі. Але настойвае на празрыстасці тэндараў — каму і на якія праграмы пералічваць грошы. Мала таго, што ў банка ёсць сумневы ў тым, што ў Беларусі такія тэндары сапраўды праводзяцца празрыста, у нашай краіны няма юрыдычных падставаў для супрацоўніцтва.

Філіп Шымчак: “Беларусь яшчэ не ўключаная ў наша фінансаванне: такое рашэнне яшчэ не прынята. У нас ёсць рамачныя пагадненні аб супрацоўніцтве з усімі краінамі-партнёрамі. За выключэннем Беларусі і Азербайджана”.

Ці пойдуць грошы Еўрапейскага банка ў нашую краіну, верагодна, залежыць толькі ад палітычнага рашэння беларускіх уладаў. Тым больш, што, паводле словаў старшага дарадцы па справах Украіны, Беларусі і Малдовы Савета ЕС Пірка Тапіёлы, праграма "Ўсходняе партнёрства" стваралася выключна для Беларусі — для таго, каб нарэшце далучыць яе да еўраінтэграцыі.

Пірка Тапіёла: “У выніку палітычных падзей Беларусь не ратыфікавала падпісаную ў 1990-х гадах Дамову аб партнёрстве і супрацоўніцтве. І ў Савеце Еўрапейскага Саюза было прынятае рашэнне, каб адчыніць дзверы Беларусі, каб Беларусь прыцягнуць да супрацоўніцтва. Таму відавочна, што "Ўсходняе партнёрства" накіраванае канкрэтна па адрасе Беларусі, каб Беларусь удзельнічала ў гэтым працэсе. І тут важна паказаць карысць, пэўную выгоду такога супрацоўніцтва. Мы адкрытыя да таго, каб заключыць пэўныя дамовы, каб нарэшце прыйсці да падпісання Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве. І ўжо распрацаваны пэўны план дзеянняў. Мы імкнемся да таго, каб былі прынятыя пэўныя рашэнні з аблягчэннем візавага рэжыму, бо гэта важна для грамадзян Беларусі”.

Праўда, адзначыў Тапіёла, Еўрасаюз заахвочвае Беларусь да супрацоўніцтва, а не навязвае яго. Бо нават дзеля выканання сваіх планаў у дачыненні да нашай краіны Еўропа не адступіць ад дэмакратычных і маральных каштоўнасцяў.

Еўрарадыё пацікавілася ў Піркі Тапіёлы, якія надзеі ўскладае Савет ЕС на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. З пункту гледжання будучыні праграмы "Ўсходняе партнёрства" і супрацоўніцтва ЕС і нашай краіны.

Пірка Тапіёла: “Давайце не будзем перабольшваць ролі і значнасці прэзідэнцкіх выбараў. Самае галоўнае — працэс, як ён выглядае. Напрыклад, БДІПЧ АБСЕ прадставіў цэлы шэраг рэкамендацый. Паглядзім, у якой ступені гэтыя рэкамендацыі будуць выконвацца. Мы ведаем, што прэзідэнт Беларусі ў пэўнай ступені папулярны ў Беларусі, мы ведаем, што апазіцыйныя групы слабыя. І мы тут не кажам пра тое, хто павінен быць абраны, а хто — не. Самае галоўнае для нас — як выглядае выбарчы працэс. Мы будзем назіраць за тым, што будзе адбывацца 19 снежня і перад 19 снежня — якім чынам будзе праходзіць выбарчая кампанія, самі выбары”.

Згодна з яго словамі, дэмакратызацыя — доўгі працэс. І Еўропа імкнецца зацікаўліваць Беларусь ісці па гэтым шляху. І таму, кажа Пірка Тапіёла, яны мусяць глядзець не толькі на выбары, але і далей: як будзе развівацца грамадзянская супольнасць, ці будуць выконвацца правы і свабоды людзей і гэтак далей.

 

Крыніца: Зміцер Лукашук, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Видео