BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чаго беларусам чакаць ад вугорска-польскага старшынства ў ЭЗ?

06.11.2010
Чаго беларусам чакаць ад вугорска-польскага старшынства ў ЭЗ?

У 2011 годзе пасаду старшыні Эўразьвязу па чарзе будуць займаць дзьве краіны Цэнтральнай Эўропы - Вугоршчына й Польшча. Ці можа Беларусь чакаць ад гэтага тандэму паляпшэньня стасункаў з Эўразьвязам?  З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да высокапастаўленых дыпляматаў Польшчы й Вугоршчыны.

На канфэрэнцыі, прысьвечанай Усходняму партнэрству, якая нядаўна прайшла ў польскім горадзе Люблін, дыпляматы абедзьвюх краінаў заявілі, што рэалізацыя праграмы Ўсходняга партнэрства стане іх агульным прыярытэтам.


Важнасьць гэтай праграмы для Будапэшту відавочная, - кажа кіраўнік дэпартамэнту стратэгічнага плянаваньня Міністэрства замежных справаў Вугоршчыны Адам Сэстай.

А. Сэстай: Украіна зьяўляецца самым вялікім суседам Вугоршчыны. Мы падтрымліваем добрыя гандлёвыя й палітычныя стасункі зь іншымі ўсходнеэўрапейскімі краінамі. У свой час разьвіцьцё кантактаў з нашымі больш разьвітымі заходнімі суседзямі пазытыўна адбілася на нас. Мы хочам, каб тое самае адбылося й з нашымі суседзямі на Ўсходзе. Мы хочам, каб яны таксама ўключыліся ў працэс эўрапейскай інтэграцыі ды атрымалі такія ж выгады, як і мы. 


Польскі ўрад ўжо склаў сьпіс сваіх прыярытэтаў у рамках Усходняга партнэрства. Пра гэта кажа ўпаўнаважаны міністра замежных справаў Польшчы па пытаньнях Усходняга партнэрства Анджэй Цяшкоўскі.

А. Цяшкоўскі: Мы будзем дабівацца прагрэсу ў пытаньнях заключэньня дамоваў аб асацыяцыі, стварэньня зонаў вольнага гандлю, адмены візаў. Таксама мы намераныя арганізаваць спатканьні міністраў краінаў Усходняга партнэрства, прысьвечаныя эканоміцы, інфраструктуры, сельскай гаспадарцы, навуцы, культуры, а таксама руху людзей.

Акрамя гэтага, мы хочам, каб больш актыўны ўдзел ва Ўсходнім партнэрстве ўзялі міжнародныя фінансавыя інстытуты. Мы ўжо заручыліся падтрымкай Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку, Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця. Спадзяемся, што нам удасца прыцягнуць сродкі з па-за Эўразьвязу, з такіх краінаў як ЗША, Канада, Швэйцарыя, Нарвэгія ці Японія.

Беларусь, у адрозьненьні ад усіх сваіх суседзяў, у тым ліку й Расеі, ня мае дамовы аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам. З-за гэтага Менск фактычна не ўдзельнічае ў дыялёгу па адмене візавага рэжыму з краінамі аб’яднанай Эўропы. Анджэй Цяшкоўскі спадзяецца, што гэтая праблема будзе вырашаная.

А. Цяшкоўскі: Адмена візаў – гэта частка двухбаковага супрацоўніцтва, якое Брусэль ладзіць з кожнай краінай-суседам паасобку. Будзем спадзявацца, што гэтае супрацоўніцтва распачнецца. Пакуль што для яго проста няма прававой базы: няма ані гандлёвых дамоваў, ані дамовы аб супрацоўніцтве. Усё залежыць ад разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Спадзяемся, што сьнежаньскія прэзыдэнцкія выбары пройдуць згодна з дэмакратычнымі стандартамі. Калі гэта адбудзецца, тады двухбаковае супрацоўніцтва пачне разьвівацца.

Апошнім часам вялікіх посьпехаў ў візавым дыялёгу з Эўразьвязам дабілася Масква, - паведаміўАдам Сэстай зь Міністэрства замежных справаў Вугоршчыны. Дыплямат заявіў, што яго краіна будзе дабівацца, каб дзяржавы Ўсходняга партнэрства дасягнулі у пытаньні адмены візаў ня меншага посьпеху, чым Расея.

 

Крыніца: Аляксандар Папко, Польскае радыё для замежжа

Видео