BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Вынікі канферэнцыі Нацыянальнага Форума грамадзянскай супольнасці

06.07.2010
Вынікі канферэнцыі Нацыянальнага Форума грамадзянскай супольнасці

Што грамадзянская супольнасць Беларусі можа прапанаваць Ўсходняму партнёрству?

Рэзалюцыя канферэнцыі

5-6 ліпеня адбылася Канферэнцыя Нацыянальнага Форума грамадзянскай супольнасці Беларусі. Нацыянальны Форум з'яўляецца важным элементам у агульным механізме ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве Усходняга партнёрства. Яго сэнс заключаецца ў кансалідацыі і ўзгадненні пазіцый ўнутры грамадзянскай супольнасці на нацыянальным узроўні, выпрацоўцы агульнай стратэгіі ўдзелу прадстаўнікоў беларускага грамадзянскага грамадства ў Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, вылучэнні змястоўных прапаноў па развіццю ініцыятывы. Акрамя гэтага, за Нацыянальным Форумам замацавана права рэкамендацыі арганізацый да ўдзелу ў агульным Форуме грамадзянскай супольнасці, які адбудзецца 18-19 лістапада 2010 года ў Берліне. Беларусь стала другой пасля Арменіі краінай Усходняга партнёрства, дзе была сфарміравана адпаведная нацыянальная платформа для грамадзянскай супольнасці.

Асноўнай тэмай Канферэнцыі сталі пытанні агульнай ацэнкі прасоўвання ініцыятывы Усходняга партнёрства (УП), актуальнай ролі грамадзянскай супольнасці і яе задач на будучы перыяд. Нацыянальны прадстаўнік Беларусі ў Кіраўнічым камітэце Форума грамадзянскай супольнасці УП Улад Вялічка адзначыў у цэлым паспяховае (і даволі імклівае па мерках ЕЗ) разгортванне УП, актыўнае ўключэнне грамадзянскай супольнасці ў гэты працэс. У той жа час, ён звярнуў увагу ўдзельнікаў канферэнцыі на шэраг негатыўных момантаў: адсутнасць кантактаў з прадстаўнікамі беларускай дзяржавы, нізкую інфармаванасць грамадства аб ініцыятыве Усходняга партнёрства, слабую рэсурсную забяспечанасць структур Форума грамадзянскай супольнасці.
Дырэктар Аналітычнага цэнтра «Wider Europe" Вячаслаў Паздняк ў дакладзе на пленарным паседжанні адзначаў, што “для беларускай грамадзянскай супольнасці неабходна адстойваць Усходняе партнёрства ва ўсіх яго вымярэннях, нават пры разуменні таго, што пакуль яно застаецца толькі “акном магчымасцяў”. У гэтым “акне” трэба ствараць і «вобразы будучыні», і стратэгіі іх дасягнення. Не менш важна і тое, што Усходняе партнёрства як агульны геапалітычны праект 27 членаў Еўрасаюза і 6 суседзяў дае беларускай грамадзянскай супольнасці ўнікальныя магчымасці і для самарэалізацыі, і для рэалізацыі еўрапейскіх ідэалаў і каштоўнасцяў у Беларусі".

«Мэтай бліжэйшага этапа развіцця ФГС з'яўляецца стварэнне механізмаў ўключэння грамадзянскай супольнасці ў вызначэнне “позвы дня” або “дарожнай карты” разгортвання ініцыятывы Усходняга партнёрства”, - адзначыў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. “Рамкамі для пабудовы такіх “дарожных карт” па тэматычных платформах можа стаць метад адкрытай каардынацыі, які паспяхова рэалізуецца ў ЕЗ. Гэты метад дазваляе вызначаць ступень прасоўвання кожнай з краін і ўсяго рэгіёну ў цэлым да агульнай прасторы ЕЗ, рэалізуючы стратэгію мяккага кіравання, заснаваную не на санкцыях, а на рэгулярнай ацэнцы і маніторынгу, апісанні лепшых практык і публічнага прадстаўлення вынікаў гэтай адзнакі”, - адзначыў эксперт.

Удзельнікі канферэнцыі здолелі прыйсці да ўзгодненага меркавання па пытаннях актуальных задач грамадзянскай супольнасці Беларусі, вызначыць асноўныя прыярытэты змястоўнай работы па кожнаму з тэматычных напрамкаў Усходняга партнёрства. Гэтыя прыярытэты будуць пакладзены ў аснову тых "дарожных карт”, праца над якімі будзе працягнута пасля канферэнцыі. У дыскусіях было адзначана, што беларуская грамадзянская супольнасць яшчэ толькі асвойвае неабходныя кампетэнцыі для ўключэння ў паўнапраўны дыялог на міжурадавым узроўні. Праца над “дарожнымі картамі” з'яўляецца не толькі неабходнай часткай падрыхтоўкі да Форума грамадзянскай супольнасці ў Берліне, але і стымулюе рост і развіццё самой грамадзянскай супольнасці.
Ацэньваючы дзеянні і крокі беларускай дзяржавы і ўрада ў рамках ініцыятывы УП як недастатковыя, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выказалі намер прапанаваць Грамадска-кансультатыўнаму савету пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ ўключыць пытанне аб Усходнім партнёрстве і ўдзеле ў ім грамадзянскай супольнасці ў парадак дня аднаго з сваіх бліжэйшых пасяджэнняў.

Важным вынікам Канферэнцыі стала вызначэнне спісу арганізацый, рэкамендаваных да ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці ў Берліне ў лістападзе 2010. 32-е арганізацыі грамадзянскай супольнасці з 88-мі, што заявіліся да ўдзелу, атрымалі рэкамендацыі, якія будуць улічаныя, нараўне з рэкамендацыямі Дэлегацыі Еўрапейскай Камісіі, у працэсе канчатковага адбору ўдзельнікаў будучага Форума.

Аргкамітэт канферэнцыі

Видео