BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускі дыплём - за мяжой патрэбны, але ня надта "працаздольны"

18.06.2010
Беларускі дыплём - за мяжой патрэбны, але ня надта "працаздольны"

Днямі на чарговай нарадзе Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ўзровень беларускай адукацыі дастаткова высокі і яна карыстаецца вялікім попытам за межамі краіны. Аднак, як сьведчаць водгукі беларусаў, якія працуюць цяпер у замежжы, гэта не зусім так. Дыплём – гэта не выратавальнае кола, а ўсяго толькі адзін са складнікаў, які дапамагае атрымаць працу ў іншых краінах сьвету. Зь якім беларускім дыплёмам лягчэй уладкавацца на працу за мяжой?

Беларускія студэнты атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў 43 адукацыйных установах краіны. Ці ёсьць сярод гэтых ВНУ такія, па заканчэньні якіх ува ўсім сьвеце цябе будуць прызнаваць за прафэсіянала?

Вось што кажа наконт гэтага Андрэй Катлярчук, доктар гістарычных навук, выкладчык і дасьледчык унівэрсытэту Паўднёвага Стакгольму (Sodertorn University):

“Я ня думаю, што вылучаецца нейкі асобны беларускі ўнівэрсытэт. Я скептычна да гэтага стаўлюся. Усе залежыць ад спэцыяльнасьці. Вядома, дыплём ёсьць дыплём. Можна яго перакласьці на ангельскую мову, натарыяльна засьведчыць, і тады ён у Швэцыі дзейнічае як дакумэнт”.

Як на практыцы “працуе” дакумэнт аб заканчэньні БДУ, расказвае Ільля, былы студэнт факультэту прыкладной матэматыкі гэтай навучальнай установы, а цяпер навуковы супрацоўнік Інстытуту Макса Плянка Саарляндзкага ўнівэрсытэту ў нямецкім горадзе Саарбрукен:

“Дыплём мне спатрэбіўся толькі ў працэсе падрыхтоўкі маёй візы ў амбасадзе Нямеччыны. Патрабавалі, каб я яго пераклаў на нямецкую мову, і больш я яго не выкарыстоўваў. Мой навуковы кіраўнік цікавіўся маім дыплёмам, таму што яму было цікава, якія я праходзіў дысцыпліны і што я вывучаў такога цікавага. Таму што ёсьць розныя ўнівэрсытэты і розныя сьпісы курсаў”.

Кацярына, былая студэнтка Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, цяпер працуе ў Польшчы ў сфэры міжнародных адносін. Яна перакананая, што перш за ўсё патрэбнае добрае CV (працоўная біяграфія):

“Беларускі дыплём адназначна не дапамагае, проста часта гэта ня самае галоўнае. Галоўнае - гэта досьвед. Ясна, калі ў цябе дыплём Гарварду і ніякага досьведу, то ў цябе будзе значная перавага перад беларусам, у якога будзе клясны досьвед”.

Відавочна, выпускнікам з краінаў Эўразьвязу прасьцей. Але і беларусы сёньня маюць магчымасьць, да прыкладу, вучыцца ў Вільні ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і атрымаць там “эўразьвязаўскі” дыплём. Але ці дапамагае ён?

Аляксандра, студэнтка 3 курсу ЭГУ, кажа, што працаўладкавацца ў той жа Літве цяпер амаль немагчыма. Праблема ня столькі ў складанай літоўскай мове, колькі ў беспрацоўі. Акрамя таго, клапаціцца пра сябе трэба самастойна і загадзя:

“Пэўна, людзі асэнсоўваюць, што няма ніякіх бонусаў і г.д., толькі калі канчаюць 4 курс. Разумееш, што, калі ты сам не запарыўся, нічога няма і ня будзе. Калі ты проста выпускнік і хочаш вельмі застацца на працу, але ня маеш фірмы, якая вельмі-вельмі хоча цябе ўзяць на працу, мне падаецца, гэта будзе вельмі складана”.

Вольга, студэнтка магістратуры ЭГУ, мае намер працаваць у Заходняй Эўропе і шукае варыянты працаўладкаваньня. Яна кажа, што дыплём - гэта толькі адзін са шматлікіх фактараў, неабходных для атрыманьня працы за мяжой:

“Заканчэньне эўрапейскага ўнівэрсытэту – не гарантыя, што ўладкуесься на працу ўвогуле. Ты, хутчэй за ўсё, канчаеш і ад’яжджаеш дахаты, як гэта робяць практычна ўсе. У Заходняй Эўропе патрэбная ліцэнзія на працу. Ліцэнзія ўключае ў сябе і від на жыхарства, і даход, і рахункі ў банку, хутчэй за ўсё. То бок шэраг фактараў, пры наяўнасьці якіх ты можаш уладкавацца на працу. І на дадатак - адукацыя і мова, узровень валоданьня мовай і сэртыфікаты, якія пацьвярджаюць гэта”.

Якія спэцыялісты зь Беларусі сёньня запатрабаваныя за мяжой? Вельмі складана знайсьці працу мэдыкам, вэтэрынарам, палітолягам ды настаўнікам. Прычына не ў дыплёме, як кажа Андрэй Катлярчук, а ў адукацыйных праграмах, якія за савецкі час адсталі ад сьвету і ня вельмі хутка пасоўваюцца наперад:

“Напрыклад, лекар. У Швэцыю немагчыма прыехаць зь беларускім дыплёмам працаваць, бо, апрача іспыту моўнага, трэба здаць іспыт мэдычны. Ён можа цягнуцца да 6 гадзінаў, і вельмі складана яго здаць. У адрозьненьне ад літоўца ці паляка, якія сёньня прыяжджаюць лекарамі, а заўтра ўжо працуюць - ня мае права Швэцыя пытацца пра іх кваліфікацыю”.

Андрэй Катлярчук кажа, што звычайна ня маюць праблемаў з працаўладкаваньнем у гэтай краіне беларускія кампутарнікі. Ёсьць і людзі мастацтва, журналісты, а таксама навукоўцы, бо ў кожнай ВНУ Швэцыі вучацца цяпер выхадцы з постсавецкай прасторы:

“Я ня думаю, што, апроч кампутарнікаў, якія-небудзь тэхнічныя спэцыяльнасьці тут спатрэбяцца. Можа, фундамэнтальная фізыка, фундамэнтальная хімія, бо Швэцыя належыць да краінаў першай дзясяткі тэхналягічных, а Беларусь даганяе гэты перадавы сьвет”.

Уладзімер Здановіч, старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, лічыць, што і ў Беларусі, і на тэрыторыі Эўразьвязу працадаўцы маюць аднолькавыя падыходы да выбару прэтэндэнтаў на працоўнае месца. Галоўную ролю грае ўжо не дыплём, няхай нават вельмі прэстыжнай навучальнай установы, а твае навыкі, уменьні, веды:

“Сёньня працадаўца цікавіцца перш за ўсё вашымі ўменьнямі, а ня тымі паперамі, якія вы яму паказваеце. Таму нават на тэрыторыі Эўразьвязу пры перамяшчэньні з адной краіны ў другую працадаўцы папярэджваюць тых, хто да іх прыяжджае і паказвае дыплём, што яны павінны прайсьці нейкае тэставаньне, тэсты на прыдатнасьць да працы, незалежна ад таго, які дыплём атрымалі, ці прайсьці нават да трох гадоў навучаньне па дадзенай спэцыяльнасьці яшчэ раз”.

 

Крыніца: Радыё Свабода

Видео