BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Вучыцца музыцы ў Празе? Гэта магчыма

17.06.2010
Вучыцца музыцы ў Празе? Гэта магчыма

У Празе, у невялікім камэрным асяродку, гэтымі днямі віталі паступленьне ў Праскую кансэрваторыю таленавітай габаісткі зь Менску Фані Бергер. Фаня музычную адукацыю пачала ў 5 гадоў і ўжо ў 16 стала студэнткай адной з самых знакамітых у Эўропе кансэрваторый.

Праскай кансэрваторыі ўжо 200 гадоў. Створаная яна была ў 1808 годзе, а студэнтаў вітала ў першы навучальны сэзон у 1811 годзе. Рэктарамі кансэрваторыі свайго часу былі Бэдржых Смэтана і Антанін Дворжак, якія праславілі чэскую музычную школу на ўвесь сьвет.

Дзяўчына зь Менску Фаня Бергер вырашыла працягваць сваю адукацыю менавіта ў Празе дзякуючы музыцы Дворжака. Ёй усё пакуль удалося. Яна сустрэла людзей, якія, ацаніўшы надзвычайны талент і здольнасьці музыканткі, дапамаглі ёй адаптавацца ў Чэскай Рэспубліцы.

Сёньня Праская кансэрваторыя бярэ на навучаньне таленавітых музыкантаў з усяго сьвету.

Адукацыя сама для студэнтаў бясплатная, датуецца дзяржавай. Студэнты ды іх бацькі аплачваюць самі пражываньне і дадатковыя майстар-клясы ў асобных выкладчыкаў, калі гэта патрэбна.

Каб паступіць у Праскую кансэрваторыю, трэба здаць пасьпяхова ўступныя экзамены. Дзякуючы сёньняшнім тэхналёгіям, можна для пачатку запоўніць анкету, якую дае інтэрнэт-сайт кансэрваторыі, і разам зь ёю паслаць відэа ці аўдыё дыск са сваім выкананьнем.

Пасьля студэнт пройдзе яшчэ інтэрвію і пэрсанальныя экзамэны, дзе будуць ацэненыя яго музычныя і агульнаадукацыйныя здольнасьці. Падрабязна ўсе патрабаваньні таксама на інтэрнэт-старонцы кансэрваторыі: www.prgcons.cz.

Кансэрваторыя лічыцца пачаткам прафэсійнай музычнай адукацыі. Але каб вучыцца тут, трэба ўжо мець скончаную сярэднюю школу. Гэта – адно з асноўных патрабаваньняў для залічэньня. Навучаньне доўжыцца 6 гадоў.

Увесь адукацыйны працэс праходзіць на чэскай мове, таму яе веданьне на ўступных экзамэнах амаль што абавязковае. Інакш замежны студэнт ня можа паўнавартасна вучыцца за кошт дзяржаўнага фінансаваньня, а абавязаны будзе сам плаціць за майстар-клясы ў настаўнікаў, што ведаюць яго мову.

У Фані Бергер на тое, каб вывучыць чэскую мову, пайшоў год. На яе досьведзе можна пацьвердзіць, што маладым людзям з музыкальным слыхам чужыя мовы, а тым больш славянскія, даюцца даволі лёгка. Пры тым, што асноўная прафэсія, якую выбрала студэнтка Праскай кансэрваторыі зь Менску, патрабуе вялікіх высілкаў і працы. Фаня Бергер марыць граць у лёнданскім Каралеўскім сымфанічным аркестры. І абсалютна ўпэўненая ў тым, што мара яе збудзецца ўжо празь некалькі гадоў. Ведаць дакладна, што хочаш – гэта ўжо большая частка посьпеху, калі да ўсяго ёсьць талент і вялікае жаданьне працаваць. А фармальныя магчымасьці вучыцца ў Празе цяпер ёсьць у любога маладога музыканта зь Беларусі.

 

Крыница: Галіна Прыгара, Радыё Свабода

Видео