BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Запаўняць анкеты на польскую візу дапамагаюць прадпрымальнікі і агенцтвы

16.06.2010
Запаўняць анкеты на польскую візу дапамагаюць прадпрымальнікі і агенцтвы

Для тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам, гэта паслуга абыходзіцца у 20-30 тысяч. Еўрарадыё паназірала, як беларусы атрымліваюць візы па новых правілах.

Ужо тры тыдні анкеты ў польскае консульства ў Мінску трэба запаўняць толькі праз інтэрнэт. Шмат людзей пра гэта не ведаюць і вельмі здзіўляюцца навінцы. Еўрарадыё паразмаўляла з ахвочымі выехаць у Польшчу і польскай амбасадай.

Страхавыя агенты Дар'я і Наталля штодня працуюць каля консульства і кажуць, што шмат людзей новай сістэмай незадаволеныя

Дзяўчаты: "Скардзяцца! У кагосьці інтэрнэта няма, у кагосьці доўгія тэрміны. Шмат хто не ведае, дарэмна прыходзяць! Камусьці тэрмінова трэба падаць, а гатова будзе толькі дзён праз 10".

Дзяўчаты лічаць, што новая сістэма складаней за старую. Цяпер чалавек прывязаны да канкрэтнага тэрміну, бо са дня запаўнення анкеты падаць дакументы можна толькі дзён праз дзесяць. Да таго ж, дакладны час, калі прыходзіць да консульства не пазначаецца, толькі дата. Таму чэргі па-ранейшаму вялікія.

З дзяўчатамі пагаджаюцца і іншыя страхавыя агенты.

Жанчыны: "Вядома, скардзяцца! Бо з вёсак прыязджаюць людзі. Вось, скажам, жанчына, пакідае сваю гаспадарку, гарод, прыязджае, і ёй трэба сёння запоўніць анкету. Ну, няхай яна сёння запоўніць, вось з таго боку будынка запаўняюць, але ж на нейкую іншую дату. Адкуль яны ведаюць? Хто ім гаворыць?"

Прэс-сакратар польскай амбасады прызнае, што пэўную віну консульства ў недахопе інфармацыі.

Павел Марчкук: "Зразумела, людзі па старой звычцы сядаюць на аўтобус і едуць, не пацікавіўшыся загадзя. Часткова тут і нашая віна, што аб гэтым болей не казалі, віна консульскага аддзялення. Хіба, за тыдзень да ўвядзення трэба было па ўсіх магчымых каналах паведаміць пра новаўвядзенне".

Сталыя людзі інтэрнэтам не карыстаюцца і пытаюцца пра новую сістэму.

Бабуля: "Дык а хто яе запоўніць мне ў інтэрнэце?"

А вось маладзёны сцвярджаюць, што ім стала прасцей.

Дзяніс: "Прасцей нашмат. Усё нармальна, проста трэба запаўняць як след".

Ірына падае анкеты групы беларускіх дзяцей, якія едуць на адпачынак у Польшчу.

Ірына: "Для сучаснага чалавека, можа, сапраўды прасцей. Заходзіш у інтэрнэт, некалькі хвілін - і гатова! Але кажучы пра нашу краіну, дзе большасць людзей не валодаюць кампутарам…"

Да таго ж, здараюцца тэхнічныя збоі. Так, з-за камп’ютарнай памылкі, дазапаўняць сто анкет давялося ўсю ноч.

Ірына: "Справа ў тым, што нам прыйшлося запаўняць не анлайн, а яшчэ раз у выглядзе электронным, трэба было рукой набраць. Але гэта не па нашай віне атрымалася, а камп’ютара. Бо камп’ютар не выдаў гэтую графу нам! А спіс дзяцей у нас - 102 чалавекі! Пяць чалавек пісалі ўсю ноч!"

Прэс-сакратар польскай дыпмісіі кажа, што збоі сапраўды магчымыя, бо сістэма толькі нядаўна пачала працаваць.

Павел Марчук: "Трэба ўлічваць, што ў першы час працы сістэмы будуць збоі, гэта заўсёды і ўсюды так пры працы з электроннымі дакументамі".

Паводле словаў Паўла Марчука, электронная дакументацыя - сусветная тэндэнцыя. Напрыклад, у Эстоніі праз інтэрнэт можна заснаваць фірму. У цэлым, электронная анкета заклікана зрабіць жыццё беларусаў, якія едуць на Захад, лягчэй.

Павел Марчкук: "Сама сістэма больш цывілізаваная і дэмакратычная. Сістэма лепшая - не трэба ехаць, можна сесці, запоўніць анкету ў інтэрнэце, і з неабходнымі дакументамі прыехаць у прызначаны тэрмін".

Шмат людзей баяцца запаўняць анкеты самі, альбо ў іх не атрымліваецца. Таму яны звяртаюцца да турагенцтваў, альбо індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прапануюць такую паслугу.

Жанчына: "І 20, і 30 тысяч яны ламаюць за анкету".

Каця, маладая дзяўчына: "Я рабіла праз агенцтва, 26 тысяч каштуе".

Прэс-сакратар польскай місіі Павел Марчук нагадвае, што застаецца і экстранны варыянт выдачы візы. Напрыклад, для вельмі сталых людзей альбо ў тэрміновых сямейных выпадках, можна звярнуцца да консульства і аформіць візу па строй сістэме.

 

Крыніца: Андрэй Елісееў, Еўрапейскае радыё для беларусі

Видео