BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Правы чалавека ў Адміністрацыі прэзыдэнта

28.01.2009
Правы чалавека ў Адміністрацыі прэзыдэнта
Кансультацыйная рада па грамадзкіх пытаньнях будзе створаная пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Ды супрацы пры падрыхтоўцы праекту чыноўнікі запрасілі Беларускі Хэльсінскі камітэт. Пра гэта паведаміў Польскаму радыё старшыня праваабарончай арганізацыі Алег Гулак.

22 студзеня старшыні БХК патэлефанавалі з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі з інфармацыяй аб стварэньні рады й прапанавой вылучыць туды сваіх прадстаўнікоў.

А. Гулак: Працоўная назва структуры – гэта кансультацыйны савет па агульных пытаньнях грамадзка-палітычнага жыцьця. На жаль, у дэталях  складана нешта абмяркоўваць, паколькі няма яшчэ ніякіх дакумэнтаў адносна згаданага пытаньня. Паўнамоцтвы гэтай рады, пэрсанальны склад, тэрміны паседжаньняў - усё гэта пакуль што толькі пытаньні. Але, у любым выпадку, канешне, трэба вітаць стварэньне падобных структур. Паглядзім, якая будзе карысьць ад іх працы.

На дадзены момант пакуль невядома, якія яшчэ грамадзкія арганізацыі будуць запрошаныя да супрацы. Але, на думку старшыні праваабарончай арганізацыі „Вясна” Алеся Бяляцкага, ягоную арганізацыю Адміністрацыя прэзыдэнта напэўна да супрацы не запросіць.

А. Бяляцкі: Мы зьяўляемся незарэгістраванай арганізацыяй, таму ў вачох прэзыдэнцкай адміністрацыі мы не існуем. А ў прынцыпе, сытуацыя дастаткова цікавая. Упершыню ўлады вырашылі ўключыць праваабаронцаў у нейкую раду. Як гэта спрацуе, пакажуць бліжэйшыя 2-3 месяцы. Мы самыя туды лезьці на будзем. А магчымасьць давесьці сваю думку й да гэтай рады, і да беларускага грамадзтва мы знойдзем. Столькі гадоў была поўная зьнявага да правоў чалавека, поўнае ігнараваньне ўсіх міжнародных дакумэнтаў, падпісаных Беларусьсю, таму цяжка верыцца, што ўлада ў адно імгненьні здолее адкруціць назад увесь механізм. Паглязім. Калі рада сапраўды паўзьдзейнічае на выпраўленьне сытуацыі з правамі чалавека, то гэта можа быць карысным для агульнай грамадзка- палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Неабходна ўзгадаць, што за апошні квартал гэта ужо трэцяя ініцыятыва,  калі чыноўнікі запрашаюць да супрацы адмыслоўцаў з апазыцыйных колаў.

Напрыканцы мінулага году прем’ер-міністар Сяргей Сідорскі падпісаў распараджэньне аб стварэньні міжведамаснай рабочай групы, якая зоймецца плянам па разьвіцьцю краінавага маркетынгу.  У гэтую групу ўвайшлі два незалежныя экспэрты - эканаміст Яраслаў Раманчук і сацыёляг Андрэй Вардамацкі.

Каля двух тыдняў таму старшыня БАЖ  Жана Ліцьвіна, галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч і галоўная рэдактар “Комсомольской правды в Белоруссии” Алена Міронава згадзіліся ўвайсьці ў склад грамадзкай каардынацыйнай рады па пытаньнях масавай інфармацыі, створанай пры Радзе міністраў.

Складваецца ўражаньне, што ў дзяржаўных ведамствах паявілася новая мода на стварэньне радаў. На думку палітычнга аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, у нейкай ступені гэта зьвязана з наладжваньнем адносінаў уладаў з Эўразьвязам.

А. Класкоўскі: У рады ўключаюцца па два-тры чалавекі. Арыфмэтычна, гэта, нібыта, ня шмат. Аднак, калі гэта не чыноўнікі, якія прыходзяць для галачкі паспаць на паседжаньні, а людзі актыўныя, якія не баяцца ісьці на абвастрэньне, якія ўмеюць палемізаваць і даводзіць свой пункт гледжаньня, то яны могуць нарабіць фурору, у добрым сэнсе слова, у такіх застойных структурах. Гэтыя адзінкі могуць зрабіць шмат, тым больш, гэта людзі зь ідэямі. Я ня думаю, што зусім дзеля праформы ўзялі Раманчука ці Вардамацкага ў камісію па прасоўваньні іміджу краіны. Сёньня, калі „прыціснула”, урад сапраўды зацікаўлены тым, як вытрываць ва ўмовах крызысу й паляпшаць інвэстыцыйны клімат. Робяцца рэальныя крокі, паколькі гэта пытаньне выжываньня самой намэнклятуры. Таму, у незалежнага грамадзтва паяўляюцца проблескі асьцярожнай надзеі.

Такім чынам свае кансультацыйныя рады будуць мець і Адміністрацыя прэзыдэнта й Рада міністраў, а можа неўзабаве паявіцца чарговая ўстанова. Як гаворыць народная прымаўка: „Адна рада добрая, а дзьве лепей.” А вось што яны зарадзяць на склаўшуюся ў краіне сытуацыю, пажывем- пабачым.

Cпасылка

Видео