BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусы просяць чэхаў аднавіць грамадзянства Л. Геніюш

14.08.2009
Беларусы просяць чэхаў аднавіць грамадзянства Л. Геніюш
Да стогадовага юбілею са дня нараджэньня выдатнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, які будзе сьвяткавацца ў наступным годзе, прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці патрабуюць рэабілітаваць паэтку й яе мужа.

Ад імя беларусаў Алег Воўчак, Ігар Леднік, Алесь Макаеў, Вячаслаў Сіўчык і Андрэй Аляхновіч зьвярнуліся зь лістом у МЗС Чэхіі й асабіста да былога прэзыдэнта краіны Вацлава Гавела. Яны просіць аднавіць Ларысе й Янку Геніюшам чэскае грамадзянства, што дало б падставы для звароту да беларускіх уладаў аб судовай рэабілітацыі Геніюшаў.

Ларыса й Янка Геніюшы жылі ў Чэхаславаччыне з 1937 году, а ў 1947 годзе атрымалі чэхаславацкае грамадзянства. За сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю й дзейнасьць у 1948 годзе па загаду савецкіх уладаў Ларыса й Ян былі пазбаўленыя грамадзянства Чэхаславаччыны й прымусова дэпартаваныя ў Савецкі Саюз. Праз год яны былі асуджаныя на 25 гадоў пазбаўленьня волі „за дапамогу міжнароднай буржуазіі ў ажыцьцяўленьні варожай дзейнасьці супраць Савецкага Саюзу й контррэвалюцыйную дзейнасьць”. Іх вызвалілі толькі пасьля сьмерці Сталіна.

Ларыса Геніюш памерла ў 1983 годзе. Яна так і не прыняла савецкага грамадзянства.

Мяркуецца, што гэта адна з прычынаў, па якіх Ларысу Геніюш да гэтага часу не рэабілітавалі. Іншай прычынай стала яе актыўная грамадзянская пазыцыя. Між іншым, паэтка была Генэральным сакратаром Рады БНР.

Старшыня руху салідарнасьці „Разам” Вячаслаў Сіўчык кажа, што менавіта савецкі напрамак беларусай улады не дазволіў рэабілітаваць Ларысу Геніюш й яе мужа.

В. Сіўчык: Сёньняшні генэзіс беларускай улады зразумелы. Невыпадкова непадалёк ад месца народзінаў паэткі, у Сьвіслачы, стаіць нават помнік Сталіна. Менавіта па прычыне сёньняшняй улады й не адбылася рэабілітацыя беларускіх патрыётаў, якія ўсё жыцьцё прысьвячалі Беларусі.

Зварот да чэскіх лідэраў тлумачыцца асабістай біяграфіяй спадарства Геніюшаў. У адрозьненьні ад іншых беларускіх нацыянальных дзеячоў, яны мелі чэхаславацкае грамадзянства. Яны былі эўрапецамі, а па замове савецкіх уладаў незаконна былі пазбаўленыя гэтага грамадзянства й вывезеныя на Бацькаўшчыну, дзе атрымалі свае прысуды.

Вельмі хацелася б, каб да наступнага юбілейнага году справа рэабілітацыі Геніюшаў зварухнулася зь месца.

Кіраўнік аргкамітэту Грамадзкай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Ігар Леднік зазначае, што зварот нездарма накіраваны асабіста былому прэзыдэнту Чэхіі Вацлаву Гавэлу. Ён неаднаразова казаў пра падтрымку беларускага грамадзтва. Пэўныя захады адбываюцца й у МЗС Чэхіі.

І. Леднік: У чэскіх МЗС гэтае пытаньне вырашаецца. Наколькі я ведаю, будзе ўсталявана мэмарыяльная дошка на доме, дзе жыла Геніюш. Будзе таксама выдадзены збор яе вершаў на беларускай і чэскай мовах. Для нас аднак самае важнае, каб да яе 100-годзьдзя адбылася рэабілітацыя іх сям’і. Менавіта таму мы зноўку ўзьнялі справу, каб гэта была ініцыятыва ня толькі чэхаў.

На думку Ігара Ледніка, прыйшоў момант, калі варта яшчэ раз узгадаць справу рэабілітацыі Ларысы Геніюш. У сваім лісьце актывісты спасылаюцца на рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ зь ліпеня бягучага году, якая асуджае злачынствы сталінізму й нацызму.

І. Леднік: Мы найперш узгадваем рэзалюцыю АБСЭ. У гэтай рэзалюцыі эўрапейскія палітыкі занепакоеныя тым, што ідзе ўхваленьне сталінскага й гітлераўскага рэжымаў. Мы гаворым, што словы пераўтвараюцца ў чыны. Мы кажам, што ў нас з чэхамі ёсьць агульная праблема – Геніюш. Гэта наш сымбаль.

Мне падаецца, што цяпер палітыка крыху мяняецца. Таксама ў Эўропе ведаюць, што гэтыя праблемы трэба вырашаць.

Калі чэхі адновяць сям’і Геніюш чэскае грамадзянства, то яны змогуць абараняць ужо сваіх грамадзянаў. Чэхі змогуць запрапанаваць нашым уладам праз суд рэабілітаваць Геніюшаў.

У 1999 годзе была спроба, але не атрымалася, справу не разглядалі. Можа, час і палітыка былі іншыя. Беларусь не глядзела ў бок Эўропы. Я лічу, што цяпер сасьпеў момант для вырашэньня гэтай праблемы.

Стогадовы юбілей з дня народзінаў Ларысы Геніюш будзе сьвяткавацца 9 жніўня 2010 году. Аўтары лісту зазначаюць, што „сьвяткаваньні ня будуць праведзеныя ў Беларусі на ўзроўні, годным жыцьця й творчасьці Ларысы Геніюш, пакуль яна з мужам ня будуць рэабілітаваныя. З-за таго, што вядомая паэтка была рэпрэсаваная й дагэтуль не рэабілітаваная, яе творы не ўключаныя ў школьную праграму й забароненыя любыя афіцыйныя мерапрыемствы, прысьвечаныя яе памяці.”

Спасылка

Видео