BE RU EN
rss facebook twitter

Новы нумар “Адукатара” зьявіўся ў сеціве

28.01.2010
Новы нумар “Адукатара” зьявіўся ў сеціве
Выйшаў  чарговы нумар часопіса "Адукатар" (№1(16), 2009). Тэма гэтага нумара –  “Нефармальная адукацыя ў Беларусі – да паляпшэньня якасьці жыцьця”.

Значная частка матэрыялаў нумара прысьвечана Тыдню нефармальнай адукацыі, што адбыўся ў верасьні 2009 года.

 У артыкуле Яніны Зінчанка робіцца агляд усёй падзеі.

У артыкулах, зьмешчаных у рубрыках “Тэматычная пляцоўка” і “Майстар-клас” разглядаюцца канкрэтныя мерапрыемствы, што адбыліся пад час тыдня.

Асобнае месца займаюць матэрыялы круглага стала “Нефармальная адукацыя ў паляпшэньні якасьці жыцьця: праблемы і перспектывы”.  Як і планавалі арганізатары, менавіта гэта дзеяньне стала ключавым з пункту гледжаньня зьместу.  

На круглым стале была агучана тэма стварэньня ў Беларусі незалежнага ўнівэрсытэту. Ва ўмовах, калі ў нашай краіне сістэма адукацыі ўсё больш цэнтралізуецца і фармалізуецца, калі вышэйшыя ўстановы не адпавядаюць фундаментальным прынцыпам існаваньня і дзейнасьці ўнівэрсытэтаў (інстытуцыянальная аўтаномія і акадэмічная свабода), незалежнае грамадзтва не можа не рэагаваць на гэта. У артыкулах Уладзіміра Дунаева і Сьвятланы Мацкевіч аналізуюцца перадумовы стварэньня ўнівэрсытэту новага тыпу і выказваюцца прапановы па бліжэйшых кроках у гэтым накірунку. 

 Шэраг артыкулаў нумара ня мае непасрэднага дачыненьня да Тыдня нефармальнай адукацыі, але ў іх закранаюцца пытаньні, зьвязаныя з некаторымі асьпектамі нефармальнай адукацыі ў кантэксьце павышэньня якасьці жыцьця.

Так, Мікалай Запрудскі адзначае ролю нефармальнай адукацыі ў павышэньні якасьці дадатковай адукацыі педагогаў. Аўтар зьвяртае ўвагу на тэндэнцыі “пранікненьня” ў сістэму паслядыпломнай адукацыі настаўнікаў, метадыстаў і кіраўнікоў школ элементаў нефармальнай адукыцыі і прапаноўвае розныя іншыя магчымасьці гэтага.

 Канстанцін Мішчанка аналізуе дастаткова актуальны і вельмі перспектыўны накірунак разьвіцьця форм і падыходаў навучаньня, а менавіта, стварэньне і дзейнасьць віртуальных адукацыйных пляцовак.

 Сяргей Лабода на прыкладзе канкрэтнай праграмы маладзёжнага міжнароднага абмену, што існуе ўжо больш за дзесяць год, паказвае перавагі і магчымасьці такога спосаба міжкультурнага навучаньня.

Электронны варыянт нумара знаходзіцца на вэб-пляцоўцы АГА: http://adukatar.net/?page_id=602

 Наступны нумар будзе прысьвечаны розным асьпектам разьвіцьця адукацыі ў ЭЗ і сьвеце (фінансаваньне сфэры адукацыі дарослых, Сусьветная канфэрэнцыя па адукацыі дарослых у Бразіліі, Адукацыйная палітыка ЭЗ і г.д.). Яшчэ ёсьць магчымасьць прапанаваць матэрыялы і артыкулы (іх трэба прадставіць да сярэдзіны лютага).  

Видео