BE RU EN
rss facebook twitter

На “Палімір” могуць прыйсці еўрапейскія інвестары

31.01.2008
На “Палімір” могуць прыйсці еўрапейскія інвестары

Нафтахімічная кампанія “Basell” з Германіі зрабіла прапанову аб стварэнні сумеснага прадпрыемства з адкрытым акцынерным таварыствам “Палімір” з Наваполацку. Гэтая прапанова стала вынікам нядаўнага візіта генеральнага дырэктара беларускага прадпрыемства Аляксандра Шамашова ў Германію. Падчас вандроўкі кіраўнік наваполацкага нафтахімічнага завода правёў шэраг пермоваў аб супрацоўніцтве ў галіне інвестыцый і новых тэхналогій. 

“Замежныя калегі хочуць з намі працаваць і гатовыя ўкладаць у мадэрнізацыю “Паліміра” немалыя грошы. Але перад тым, як вынесці канчатковае рашэнне, неабходна прааналізаваць усе прапановы, выбраць аптымальныя варыянты. У сакавіку будаўніцтва хімічнага комплексу будзе абмяркоўвацца на ўзроўні ўрада”, – заявіў Аляксандр Шамашоў. 

Дагэтуль у якасці патэнцыйных інвестараў для прадпрыемстваў нафтахіміі і нафтаперапрацоўкі Беларусі называліся ў асноўным расійскія кампаніі. У прыватнасці – “Лукойл”, які ўжо мае сумеснае прадпрыемства па вытворчасці маслаў на “Нафтане” і неаднаразова выказвала цікаўнасць да набыцця пакету акцыяў гэтага наваполацкага прадпрыемства і суседняга “Паліміра”. 

Прадукцыя “Паліміра” зараз пастаўляецца ў 28 краін свету, у тым ліку ў краіны Еўразвязу. Але вытрымліваць жорсткую канкурэнцыю на сусветным рынку робіцца ўсё цяжэй. Наваполацкія хімікі вырабляюць сваю прадукцыю на састарэлым абсталяванні. 

На прадпрыемстве распрацавана праграма рэканструкцыі, але, як кажуць адмыслоўцы “Паліміра”, гэта хучэй “латанне дзірак”, якое не вырашае праблемы мадэрнізацыі вытворчасці ў прынцыпе. Існуе патрэба будаваць прынцыпова новы комплекс. Але ў самога прадпрыемства грошай на значныя інвестпраекты няма. Сродкі мусіць укласці альбо дзяржава, альбо знешні інвестар. 

Аднак пакуль афіцыйныя асобы беларускага ўраду адзначаюць, што канкрэтных планаў па прыцягненні інвестараў на нафтахімічныя прадпрыемствы няма. Аб гэтым, у прыватнасці, заявіў напрыканцы мінулага году намеснік міністра эканомікі Беларусі Алег Мельнікаў. 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео