BE RU EN
rss facebook twitter

"Трэці сектар" – трэці лішні?

18.01.2010
"Трэці сектар" – трэці лішні?
Грамадская  супольнасць за гэты год у многіх выпадках апынулася "за бортам" не толькi ў дыялогу  Беларусь-Еўрасаюз, але i ў самой Еўропе.
Напярэдадні новага 2010 года Еўропа абвясціла рэзалюцыю  па Беларусі. Падзея гэтая была чаканай ды інтрыгоўнай. Бо мала хто мог спрагназаваць, што ж будзе ў дакуменце, сыходзячы з тэорыі і практыкі беларускай рэальнасці і еўрапейскага стаўлення да яе.   

Чырвонай ніткай праз 2009 год праходзіла абвешчаная беларускім урадам “лібералізацыя”. Увасаблення гэтага слова ў жыццё чакалі па абодва бакі: як з боку еўрапейскага, так і з беларускага.  

Санкцыi ўбок 

Грамадзянская супольнасць у Беларусі чакала, што  афіцыйны Мінск сапраўды прыслухаецца да патрабаванняў Еўрасаюзу, і дэмакратычныя каштоўнасці хаця б паціху стануць увасабляцца ў беларускую рэчаіснасць: магчыма стане зарэгістраваць грамадскую арганізацыю і набыць афіцыйны легальны статус тым НДА, якія існуюць нелегітымна або рэгіструюць сябе за мяжой. 

Еўропа, на меркаванне шматлікіх беларускіх экспертаў, таксама стамілася ад безвыніковасці санкцый карных і спадзявалася, што знойдзецца нагода, каб гэтыя санкцыі скасаваць.  

Але на практыцы ўзаемадачыненні паміж  прадзяржаўным  сектарам беларускага грамадства і  сектарам “трэцім”, грамадзянскай супольнасцю, набылі нечаканы паварот. 

Раней на Еўропу спадзяваліся, як на той рычаг, які можа дапамагчы (прымусіць) дэмакратызаваць пэўныя механізмы, алгарытмы супрацоўніцтва ў міжнародных праектах.  

Дэкларацыя аб намерах 

І час ад часу гэтыя надзеі былі цалкам апраўданыя – працавалі. Але дэкларацыю аб лібералізацыі ў еўрапейскіх варунках шмат якія чыноўнікі ўспрынялі як факт. 

На практыцы гэта стала выглядаць гэткім чынам, прыводзіць прыклад Ірына Сухій, старшыня Рады грамадскага аб’яднання «Экадом», актывістка экалагічнага руху Беларусі:

Праблема непаразумення з еўрапейскімі калегамі і Еўрапейскай камісіяй у прыватнасці ў тым, што яны ўспрымаюць нас як рэалізатараў тых ці іншых праектаў, а не як раўнапраўных удзельнікаў на ўзроўні фармавання палітыкі. Апроч таго, Еўракамісія рэалізуе шмат буйных праектаў праз супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі ўлады. І для іх гэты сектар прыкладання высілкаў – прыярытэтны. 

Вось яркі прыклад  з маёй практыкі. Прыехалі еўрапейскія  эксперты, якія займаліся стварэннем Нацыянальнага плану ў сферы развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі да 2012 года. У гэтым плане быў пункт па зменах палітыкі. 

І прадстаўнікі Еўракамісіі кажуць нам, прадстаўнікам  НДА, што яны бачаць нашую, грамадскіх арганізацый, ролю ў тым, каб ажыццяўляць пілотныя праекты, распаўсюджваць інфармацыю аб аднаўляльнай энергіі, яшчэ нешта… Я пытаюся: «А як наконт першага кампаненту праекту, перагляду палітыкі?” - «А што?» – пытаюцца мяне еўрапейскія калегі. - «Ну як? Беларусь ратыфікавала Орхускую канвенцыю, у адпаведнасці з ёй грамадскасць мусіць браць удзел у распрацоўцы праграм і палітыкі”. - ”Ну… Мы не ведаем, як там і што, але ў Міністэрстве аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў катэгарычна супраць удзелу грамадскасці”.  

І ўзнікае як быццам правамоцнае пытанне: які  можа яшчэ быць шлях, апроч патрабавання ад нашых дзяржаўных структур супрацоўнічаць з прадстаўнікамі экалагічных арганізацый? Толькі так, патрабуючы ў кожным праекце  стварэння агульнай прасторы ўзаемадзеяння, можна зрабіць гэтую практыку нормай”. 

“Лібералізец”  

З вострых выказванняў  наконт беларускай рэальнасці адным  з самых заўважных сёлета сталася  меркаванне Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Вугорскай Рэспублікі ў Беларусі Фэрэнца Контры:  

“На саміце ў Празе па “Усходнім партнёрстве” прадстаўнік Беларусі пагадзіўся з дэкларацыяй, дзе гаворыцца пра тое, што аснова супрацоўніцтва — гэта агульныя каштоўнасці, дзе гаворыцца пра неабходнасць павышэння ў краінах-партнёрах узроўню дэмакратыі, свабоды слова, свабоды друку, свабоды палітычных партый. Але калі я бачу па тэлебачанні, што на Кастрычніцкай плошчы даволі часта збіваюць маладых людзей (падкрэслю — мірных дэманстрантаў), то ўзнікае пытанне, што браць пад увагу: словы ці тое, што паказваюць тэлекамеры. Калі людзі ў цывільным закрываюць камеры — відаць, ім нязручна, каб гэтыя камеры там былі. Калі журналістам перашкаджаюць выконваць свае прафесійныя абавязкі... Атрымліваецца, што гэтыя людзі не зацікаўленыя ў тым, каб паміж нашымі краінамі было добрае супрацоўніцтва. Вось што перашкаджае супрацы ў палітычным плане”.  

Пад канец года лібералізацыю, абвешчаную ў Беларусі, Павал Севярынец, адзін з лідэраў  партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", вызначыў як “лібералізец”. Бо ў рэгістрацыі  БХД Міністэрства юстыцыі адмовіла. Спаслаўшыся на дзіўныя і сумнеўныя, паводле грамадскіх актывістаў, прычыны. 

Таксама пад  канец года з юрыдычнага факультэту БДУ выключылі Таццяну  Шапуцьку. “Ініцыятары адлічэння Таццяны  не хаваюць, што падставай для  такіх жорсткіх адміністрацыйных захадаў стала яе грамадская дзейнасць, а менавіта ўдзел у першым Форуме грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства", — пішуць у адкрытым лісце падтрымкі беларускія палітолагі. І гэта тое самае “партнёрства”, ва ўдзеле ў якім афіцыйны Мінск дэкларуе шчырую зацікаўленасць.  

Чатыры гадзiны пад снегам  

Увосень адбыліся грамадскія слуханні ў Астраўцы, дзе  тэарэтычна ў адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй, павінны былі абмеркаваць  праект будаўніцтва АЭС у Беларусі. Абмеркаванне было вельмі ўмоўным – прадстаўнікоў грамадскай супольнасці ў залу не пусцілі. А расійскі эколаг Андрэй Ажароўскі нават трапіў за краты — з абвінавачаннем у хуліганстве. 

Ніякіх праяў  дэмакратыі ў фармальным увасабленні  дэмакратычнага працэсу грамадскіх слуханняў не было, і з гэтага доўга яшчэ абураліся прадстаўнікі як беларускага, так і еўрапейскага боку. 

Але падзеі ў  Капенгагене, падчас Канферэнцыі ААН па змене клімату, прымусілі задумацца над правамоцнасцю чаканняў ад Еўропы зусім у іншых варунках, чым раней. Адбылася мірная дэманстрацыя пратэсту. Мiтынгоўцы выказвалі сваю нязгоду з тым, што на канферэнцыю не могуць патрапіць некалькі тысяч акрэдытаваных удзельнікаў — прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый свету. Падчас акцыі пратэсту затрымалі каля тысячы асоб. Сведкі кажуць, што пры затрыманні паліцыя ўжывала гвалт. Каля 900 чалавек ужо звярнуліся ў праваахоўныя арганізацыі.  

Сведка і ўдзельніца падзеяў Ірына Сухій  распавядае:  

«Мы проста прастаялі  на вуліцы перад дзвярыма цэлы дзень, на пэўны момант да нас выйшлі і сказалі: "Вы праявіце цярпенне, вам давядзецца пачакаць ад 2 да 6 гадзін, каб патрапіць унутр". Сказалі б праўду — што вы нікуды не патрапіце — ідзіце. А так усе спадзяваліся, што ўсё вырашыцца, стаялі і чакалі да апошняга пад дажджом і снегам. І дачакаліся, пакуль да нас выйшлі, падзякавалі за цярплівасць і развіталіся. Там палова народу наогул папросту расплакалася. Ад крыўды, ад расчаравання...»  

Узнікае пытанне: і ў чым жа розніца паміж  апошнім дыктатарскім у Еўропе рэжымам  і дэмакратычнай канферэнцыяй ААН?  

Спадзяванні застаюцца  

І напрошваецца выснова. На канферэнцыю зарэгістравалі 21 тысячу удзельнікаў. З іх 12 тысяч  — прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый і проста аглядальнікі. Арганізатары ведалі, колькі акрэдытавалі людзей, і мусілі разумець, колькі іх прыйдзе. Натуральна, прыходзіш да думкi, што гэта было палітычнае рашэнне. І ў Еўропе таксама не трэба занадта шмат грамадскіх арганізацый на такіх імпрэзах — каб не заміналі. Такое ўражанне, што ААН не зацікаўлена ў меркаваннях НДА, нашмат болей радыкальных за дзяржаўных дэлегатаў і больш зацікаўленых у захаванні клімату.  

Падобна, што "трэці  сектар" — ён трэці лішні не толькі паміж Еўропай і Беларуссю, але i калі адна палітычная сіла дамаўляецца з палітычнай сілай другой. 

Прынятую ў  дачыненні беларускiх улад рэзалюцыю  Еўрапарламенту эксперты называюць  жорсткай, але справядлівай. У ёй iзноў гучаць патрабаваннi рэфармаваць  выбарчае заканадаўства, дазволiць рэгiстрацыю партый ды НДА, зрабiць добрыя ўмовы для СМI i г. д. Спадзяванні на тое, што гэтыя патрабаванні будуць выкананыя — застаюцца. Ці адбудуцца змены ў рэальнасці, а не на словах – як заўсёды, пакажа час.

Спасылка

Видео