BE RU EN
rss facebook twitter

"Дэмакратычны Інстытут - Шлях да вольнай Беларусі"

18.01.2010
"Дэмакратычны Інстытут - Шлях да вольнай Беларусі"

16 студзеня 2010 у Белавежы (Польшча) адбылося падпісанне дэкларацыі аб стварэнні аб'яднання "Дэмакратычны Інстытут - Шлях да вольнай Беларусі".

Сустрэча у Белавежы была арганізавана польскім бокам – моладзевым крылом партыі “Грамадзянская платформа” “Маладыя Дэмакраты”, пры падтрымцы польскага МЗС і Сэйму.

З беларускага боку ў сустрэчы прымаюць удзел чатыры арганізацыі – “Малады Фронт”, Рух “Маладая Беларусь”, “Маладыя Дэмакраты” і “Моладзь БНФ”.

Удзельнікаў сустрэчы прывітаў Старшыня соймавай камісіі па замежных справах Роберт Тышкевіч. Роберт Тышкевіч заявіў, што стварэнне гэтай польска-беларускай моладзевай ініцыятывы надзвычай важная для польскага ўраду, які імкнецца дапамагаць Беларусі ў станаўленні дэмакратыі.

“Стварэнне Дэмакратычнага Інстытуту абавязкова паспрыяе актыўнай дзейнасці моладзевых арганізацый на Беларусі. Польшча і далей будзе падтрымліваць усе дэмакратычныя колы Беларусі, а "Дэмакратычны Інстытут" павінен стаць добрай глебаю для гэтага. Няхай з намі застаецца дух вольнасці!", -- заявіў спадар Тышкевіч.

З вітальнымі словамі да стваральнікаў Інстытуту выступілі Дырэктар Дэпартаменту развіцця і супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Польшчы Марек Зюўкоўскі, кіраўнік Гайнаўскага Павету Збігнеў Чарнецкі, старшыня гарадзкой Рады Беластока Уладзімер Кусак, мэр Белавежы Альберт Літвіновіч, кіраўнік “Маладых Дэмакратаў” Дарыюш Дальчэўскі.

Дырэктар Дэпартаменту МЗС Польшчы Марек Зюўкоўскі сказаў, што МЗС зацікаўлены ў супрацоўніцтве і падтрымцы моладзевых арганізацый Беларусі, і стварэнне “Дэмакратычнага Інстытуту” дасць магчымасць больш шчыльна і эфектыўна супрацоўнічаць на карысць дэмакратыі ў Беларусі.

“Мы з радасцю будзем дапамагаць вам, і спадзяемся, што наша супрацоўніцтва ў межахх “Дэмакратычнага Інстытуту” наблізіць перамогу дэмакратыі ў Беларусі” – заявіў Марек Зюўкоўскі.

Арганізатар сустрэчы ў Белавежы, старшыня Руху “Маладая Беларусь” Зміцер Каспяровіч распавеў пра асноўныя беларускія праблемы, якія стаяць сення перад беларусамі. Каспяровіч прыгадаў, што пасля рэферэндума 1996 года Аляксандр Лукашэнка ўзяў у свае рукі ўсю ўладу, што застаюцца ў Беларусі палітычныя вязні, забараняюцца мітынгі і сходы, забароненыя нацыянальныя сімвалы Беларусі. “Многія краіны Еўропы паверылі ў "лібералізацыю" на Беларусі, але ніякіх зменаў у лепшы бок няма і будзе вельмі ганебна, калі краіны Еўропы прызнаюць рэжым Лукашэнкі. Таму заклікаю ўсіх прысутных да кансалідацыі намаганняў да знішчэння апошняй дыктатуры Еўропы” – заявіў Каспяровіч.

Кіраўнік Міжнароднага Аддзелу “Маладога Фронту” Валеры Мацкевіч у сваей прамове падзякаваў польскаму боку за такую ініцыятыву, якая безумоўна дапаможа беларускай моладзі змагацца за дэмакратыю ў Беларусі. “Зараз мы рыхтуемся да кампаніі выбараў у мясцовыя саветы. Перадвыбарчы блок “Новае пакаленне”, які быў ініцыяваны Маладым Фронтам, плануе выставіць каля 100 кандыдатаў. Дапамога польскага боку паспрыяе нам правесці гэтую кампанію больш дынамічна і эфектыўна, дзякуючы перайманню пазітыўнага еўрапейскага вопыту.  А самае галоўнае ў гэтай ініцыятыве, што шчыльнае супрацоўніцтва ў межах “Дэмакратычнага Інстытуту” грунтоўна дапаможа ў справе яднання беларускіх моладзевых арганізацый вакол еўрапейскіх каштоўнасцяў і адзінай мэты, а таксама ў двухбаковых стасунках паміж беларускай і польскай дэмакратычнай моладдзю” – сказаў Валеры Мацкевіч.

Урачыста была падпісаная “дэкларацыя аб намерах”, подпісы пад якой паставілі Роберт Тышкевіч, Марек Зюўкоўскі, Караль Пілецкі, Дарыюш Дальчэўскі, а з беларускага боку старшыня “Маладой Беларусі” Зміцер Каспяровіч, кіраўнік Міжнароднага Аддзелу “Маладога Фронту” Валеры Мацкевіч і Міжнародны сакратар “Маладых дэмакратаў” Ганна Ягорава.

Пасля падпісання дэкларацыі аб намерах, Зміцер Каспяровіч і Валеры Мацкевіч правялі працоўныя сустрэчы з Робертам Тышкевічам і Марекам Зюўкоўскім, дзе яны абмеркавалі далейшыя планы супрацоўніцтва, і дамовіліся правесці больш грунтоўную сустрэчу ў Варшаве цягам бліжэйшых тыдняў.

 

Прэсавая служба

Руху “Маладая Беларусь”

 


Видео