BE RU EN
rss facebook twitter

Дзесяцігодзьдзе расчараваньня

06.01.2010
Дзесяцігодзьдзе расчараваньня
1 студзеня 2010 году  - ня проста пачатак новага году, але і пачатак новага каляндарнага дзесяцігодзьдзя. Падзея гэта фармальная і ўмоўная, але ж так уладкаванае нашае ўспрыняцьце, што дзеля простасьці нам звыкла ўпарадкоўваць гісторыю і ўласнае жыцьцё дзесяцігодзьдзямі: "саракавыя-ракавыя", "Swinging Sixties", "ліхія дзевяностыя". Сканчаюцца прыкіпелыя і родныя нам "дзьвюхтысячныя" (ці "нулявыя"), якім на бліжэйшы час наканавана застацца ў сыстэматызаванай гісторыі чалавецтва ў якасьці асобнага адрэзку.

Для Беларусі гэта было дзесяцігодзьдзе дыктатуры. Першая поўная каляндарная дэкада пад асобнай і неабмежаванай уладай Аляксандра Лукашэнкі.

Мы сустракалі 2000 год пад ненавісным чырвона-зялёным сьцягам і разьвітваемся з 2009 годам пад ім жа. Ключавым годам у дзевяностых для Беларусі зрабіўся 1996, калі пасьля сумна вядомага рэфэрэндуму беларусы прачнуліся ў краіне, улада ў якой была ўзурпаваная адным чалавекам. 2006 год, зь ягонымі трагічна і ганебна прайгранымі апазыцыяй выбарамі, зрабіўся для Беларусі знакавым годам у дзьвюхтысячных. Урок, які мы мусім вынесьці з гэтых гадоў, - 2016 хутчэй за ўсё таксама ня зробіцца годам вызваленьня ад дыктатарскага рэжыму.

У тым быццам такім нядаўнім 2000 годзе яшчэ часам здавалася, што Лукашэнка - гэта ненадоўга. Год, два, тры - і Беларусь вызваліцца. Памаранчавая рэвалюцыя ва Ўкраіне (здавалася б, ужо супраць чаго ўкраінцам-та было паўставаць у 2004 годзе?) нарадзіла чарговы павеў надзеяў, якім не было наканавана спраўдзіцца.

Дзьвюхтысячныя гады зрабіліся дзесяцігодзьдзем расчараваньня, дзесяцігодзьдзем, якое канчаткова ператварыла Беларусь у вельмі асаблівую краіну на кантынэнце.

З моманту дзяржаўнага перавароту 1996 г. прайшло 13 гадоў. За гэты час вырасла цэлае пакаленьне беларусаў - чарговае пакаленьне людзей з савецкай мэнтальнасьцю, хаця самога Савецкага Саюзу ўжо хутка дваццаць гадоў як няма. Трэба нагадаць, як праз трынаццаць гадоў пасьля сканчэньня нацысцкай акупацыі Беларусі і аднаўленьня акупацыі савецкай быў 1957 год. Да таго часу антысавецкі партызанскі рух у Беларусі ды ў іншых рэспубліках СССР амаль канчаткова заціх, не ў апошнюю чаргу, відаць, праз тое, што грамадзтва ўсьвядоміла, што савецкая ўлада прыйшла надоўга. Тое ж самае можна канстатаваць і ў сучаснай Беларусі - па стомленасьці, дэмаралізаванасьці і расколе апазыцыі, па тым, што грамадзтва залезла ў звыклую для сябе шкарлупіну, пачало займацца выключна ўласным прымітыўным выжываньнем і нават эканамічны крызыс не спрыяе пратэстным настроям.

Калі ў 1999 годзе яшчэ маглі быць нейкія сумневы, дык дзьвюхтысячныя бясспрэчна даказалі беларускаму грамадзтву: Беларусь магла задарма атрымаць юрыдычную незалежнасьць, па інэрцыі ўсьлед за краінамі Балтыі і Ўкраінай, якія рэальна яе жадалі, але гэтаксама атрымаць дэмакратыю ўжо нельга. Відавочна праявіўся цэлы комплекс беларускіх праблемаў: слабая нацыянальная сьвядомасьць, адсутнасьць палітычнай культуры і нацыянальнай эліты, недафармаванасьць беларускай нацыі як такой - уся чорная спадчына дзесяцігодзьдзяў саветызацыі, якая магла быць ня так заўважная вонкаваму назіральніку ў параўнаньні з Балтыяй ці нават цэнтральнай і ўсходняй Украінаю. Усё гэта рэалізавалася ў 1990-я і канчаткова зацьвердзілася ў 2000-я.

У 2010-я Беларусь уступае як вельмі асаблівая эўрапейская краіна. Палітычная сыстэма, якая хутчэй нагадвае адносіны фэўдала і прыгонных сялян. Архаічная эканоміка, дзе ўлады прачнуліся з рэформамі праз дваццаць гадоў пасьля вызваленьня краіны з сацыялістычнага лягеру і дзе не зразумела, ці засталося яшчэ што і дзеля чаго рэфармаваць. Нацыя, што спазьнілася на цягнік рамантычных нацыяналізмаў і ўяўляе зь сябе мэханістычную супольнасьць прыналежных да пэўнага юрыдычнага апарату прагматычных і абыякавых людзей без роднай мовы і гістарычнай памяці.

Любая адрознасьць - гэта патэнцыйная перавага. Беларусь або здолее трансфармаваць сваю асаблівасьць у перавагу, рэалізаваць свой патэнцыял як неасвоены інвэстарамі край пасярод Эўропы ці, скажам, як калыска постнацыяналістычнага плюралістычнага традыцыяналізму, або гэты патэнцыял будзе раскрадзены і растрачаны задарма з сумнымі для краіны наступствамі. Трэцяга ня дадзена, і адказ мы даведаемся ў бліжэйшыя дзесяць гадоў. Спадзявацца на лепшае, вядома ж, трэба, але быць гатовымі да горшага - куды больш карысна.

Спасылка

Видео