BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Гародня ў Праграме транспамежнага супрацоўніцтва

03.12.2009
Гародня ў Праграме транспамежнага супрацоўніцтва
У Гародні распачалося паседжаньне Сумеснага камітэта маніторынгу Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь”, якая фінансуецца Эўразьвязам. Гэта ўжо трэцяе паседжаньне камітэту маніторынгу Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва і ладзіцца яно цягам двух дзён, паведамляе Радыё Рацыя

У нарадзе прымаюць удзел высокапастаўленыя чыноўнікі Міністэрстваў замежных спраў, Міністэрстваў унутраных спраў Літвы і Беларусі, а таксама Міністэрства рэгіянальнага разьвіцьця і мясцовых самаўправаў Латвіі, прадстаўнікі Эўракамісіі ды Каардынацыйнага бюро Праграмы ТАСІС Эўразьвязу ў Рэспубліцы Беларусь.

Мэтай праграмы зьяўляецца паляпшэньне тэрытарыяльнай шчыльнасьці латвійскага, літоўскага і беларускага памежнага рэгіёнаў, гарантаваньне высокага ўзроўню аховы навакольнага асяроддзя, забесьпячэньне сацыяльнага дабрабыту, а таксама садзеяньне міжкультурнаму дыялогу.

Да 2013 году на рэалізацыю Праграмы мае быць выдаткавана больш за 37 міліёнаў эўра.

У лік стратэгічных праектаў праграмы “Латвія-Літва-Беларусь” уваходзіць будаўніцтва сучаснага памежнага пераходу каля Гародні “Прывалка-Швэндубрэ”, які да 2012 году будзе цалкам рэканструяваны. На гэта ЭЗ выдаткоўвае 2,5 міліёны эўра.

Гарадзеншчына на ўдзел у праграме транспамежнага супрацоўніцтва прадставіць каля 20 праектаў экалагічнай і медычнай скіраванасьці. Прыкладны іх кошт - ад 300 тысяч да 1,5 мільёна эўра.

У прыватнасьці, Гарадзенскі медычны ўнівэрсытэт сумесна з Латвійскім дзяржаўным інстытутам хіміі драўніны маюць намер распрацаваць і ўкараніць спосаб карэкцыі парушэньняў здароўя, выкліканых хранічным алкагалізмам.

Гарадзенскія медыкі прапаноўваюць стварыць уніфікаваную транснацыянальную сістэму хуткай медычнай дапамогі ў памежных раёнах на выпадак надзвычайных здарэньняў.

Гарадзеншчына прадставіць і шэраг малых праектаў па падтрымцы ўстановаў культуры і адукацыі, разьвіцьці турызма, супрацоўніцтва паміж ВНУ ў сфэры лазернай фізікі.


Видео