BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Форум у Брусэлі завяршыўся. Але не закончыў працу

19.11.2009
Форум у Брусэлі завяршыўся. Але не закончыў працу

У Брусэлі завяршыўся форум грамадзянскай супольнасьці краін “Усходняга партнэрства”. Але ягоныя ўдзельнікі вырашылі працягнуць супольную працу.

На форуме створаны Каардынацыйны камітэт, у які ўвайшло 17 чалавек у тым ліку два ад Беларусі – Сяргей Мацкевіч з Асамблеі няўрадавых арганізацыяў і Ўлад Вялічка з адукацыйнага цэнту “Пост”.

Каардынацыйны камітэт будзе весьці інфармацыйную і камунікацыйную працу, маніторынг разьвіцьця сытуацыі.

“Самаарганізацыя грамадзянскай супольнасьці краін-удзельніц праграмы Ўсходняга партнэрства дапаможа далей уплываць на гэтую праграму. Усе разумеюць, што нельга скончыць нашую дзейнасьць на паседжаньні, трэба далей уплываць на гэтыя працэсы”, – такое меркаваньне выказаў “Свабодзе” ўдзельнік форуму Віктар Карняенка.

Форум выпрацаваў супольны зварот да кіраўніцтва Эўразьвязу, у якім падрабязна апісаў сытуацыю ў 6 постсавецкіх краінах.

У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі шасьці краінаў, запрошаных у гэтую праграму. Ад Беларусі на форум прыбылі прадстаўнікі 27 арганізацый, сярод іх – Рух "За Свабоду", "Хартыя'97", Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларуская асамблея няўрадавых арганізацый, ФПБ.

Яшчэ адна група палітыкаў зь Беларусі запрошаная ў Эўрапарлямэнт. Сярод іх – старшыня руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, ягоны намесьнік Юры Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэту «Беларуская хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец, былы дэпутат і палітвязень Андрэй Клімаў.

Палітыкі сустракаліся са старшынём Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам і кіраўніком парлямэнцкай дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Яцэкам Пратасевічам, з кіраўніком фракцыі Эўрапейскай народнай партыі.

“Мы будзем больш за ўсё гаварыць аб тым, якую ролю мы бачым для грамадзянаў Беларусі ў дыялёгу з Эўразьаязам”, – заявіў А.Мілінкевіч перад гэтымі сустрэчамі.

Cпасылка

Видео