BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

ФОРУМ Грамадзянскай Супольнасці Усходняга партнерства: станоўчыя вынікі і новая праца!

19.11.2009
ФОРУМ Грамадзянскай Супольнасці Усходняга партнерства: станоўчыя вынікі і новая праца!

Нарэшце першы Форум грамадзянскай супольнасці, наконт якога было столькі гаворак­, спрэчак і чаканняў, стаў рэальнасцю. Падзея ў Брусэлі 16-17 лістапада ў пэўным сэнсе стала для Усходняга партнёрства тэстам на прымальнасць і перспектыўнасць.

Чаканні Еўрапейскага Звязу мелі магчымасць нарэшце сустрэцца з рэальнымі памкненнямі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці шасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства і самога Еўразвязу. І трэба адзначыць, што паразуменне прыйшло не адразу. На жаль, першыя крокі Форума прынеслі грамадскім актывістам уражанне, што пры вельмі пазітыўнай рыторыцы Еўракамісія не жадае на самой справе аддаваць кіруючыя Форумам функцыі ў рукі самой грамадзянскай супольнасці. І магчымых прычын гэтаму было шмат.  Па-першае, такога кшталту структура як Форум грамадзянскай супольнасці, з'яўляецца інавацыйнай, пілотнай ініцыятывай, якая не мае прэцэдэнтаў. Менавіта з-за гэтага з боку еўраструктураў існуе пэўная насцярожанасць, наколькі паспяховай будзе рэалізацыя гэтай ідэі. Адсутнасць пазітыўнага (роўна як і негатыўнага) досведу ўдзелу грамадскіх ініцыятыў і міждзяржаўных і міжрэгіянальных стасунках вымушае еўрачыноўнікаў нервавацца і перастрахоўвацца.  У выніку – цалкам зразумелае жаданне кантраляваць, больш чым трэба, праграму Форума, сцэнарыі яго развіцця, праекты рэзалюцый і інш.

Другой прычынай неўпэўненасці еўрапейскіх структур можна лічыць тое, што яны наўрацці могуць дакладна прагназаваць рэакцыю нацыянальных урадаў краін-партнёраў на чарговае падвышэнне ролі і ўплыву грамадзянскай супольнасці на працэсы Усходняга партнёрства. Дастаткова верагоднай рэакцыяй шэрагу краін-удзельніц можа стаць замаруджванне камунікацыі на міждзяржаўным узроўні.

У той жа час на Форуме стала відавочным, што грамадзянская супольнасць як еўрапейскіх краін, так і усходніх партнёраў гатовая і здольная ўзяць адказнасць не толькі за лёс Форума, але і за роўны і кампетэнтны ўдзел ва Усходнім партнёрстве як інстітуцыянальны партнёр для Еўрапейскай Камісіі і нацыянальных урадаў краін-партнёраў.

Асаблівай увагі і павагі заслугоўвае стратэгія дзеянняў беларускай дэлегацыі на Форуме. У выніку менавіта беларускія ўдзельнікі разам з калегамі з ЕЗ і суседніх краін дамагліся прыняцця рашэння аб стварэнні Каардынуючага камітэта (Steering Committee), які надалей будзе несці адказнасць за працу Форума і развіццё яго як інстытуцыянальнага удзельніка ў межах Усходняга партнёрства. На практыцы гэта азначае, што Форум атрымоўвае механізм развіцця ўласнага самакіравання з памяншэннем уплыву на гэтыя працэсы Еўрапейскай Камісіі. 

У выніку галасавання ў гэты ворган, які складаецца з 17 чалавек, увайшлі 2 прадстаўнікі ад Беларусі – кіраўнік Асамблеі НДА Беларусі Сяргей Мацкевіч як старшыня рабочай группы «Дэмакратыя, правы чалавека, эфектыўнае кіраванне і стабільнасць», а таксама старшыня Міжнароднага кансорцыюму «ЕЎРАБЕЛАРУСЬ» Уладзіслаў Вялічка як фасілітатар працэсаў унутранай камунікацыі ў Беларусі па пытаннях Усходняга партнёрства і працы Форуму грамадзянскай супольнасці.

Як партнёры з грамадзянскай супольнасці, так і прадстаўнікі Еўракамісіі і фасілітатары сустрэч адзначалі надзвычайна высокую ступень скаардынаванасці, падрыхтаванасці і мэтанакіраванасці беларускіх прадстаўнікоў, што было ахарактэрызавана як сапраўдная еўрапейская мадэль паводзінаў і барацьбы за свае інтарэсы з улікам інтарэсаў усіх іншых зацікаўленых бакоў. Гэты прыклад у вялікай ступені з'яўляецца паказальным, наколькі вялікі патэнцыял заключаны ў беларускіх грамадскіх актывістах і арганізацыях, наколькі яны могуць быць карыснымі ў далейшым развіцці Беларусі ў адпаведнасці з еўрапейскімі нормамі. 

Нягледзячы на значныя поспехі на пачатковай фазе развіцця Форума асноўныя выклікі і шматлікая праца яшчэ чакаюць наперадзе. Ужо у чацвер 19 лістапада ў 10 гадзін раніцы ў гатэлі Crowne Plaza адбудзецца круглы стол па першых выніках Форума з удзелам часткі беларускай дэлегацыі, напрыканцы якога а 13 гадзіне адбудзецца прэс-канферэнцыя.

У бліжэйшыя часы сустрэчы грамадскіх актывістаў і экспертаў з мэтай актыўнай дапамогі працэсам Усходняга партнёрства будуць структуравацца вакол чатырох тэматычных платформ, на якіх адбываецца дыялог паміж Еўракамісіяй і нацыянальным урадам. Гэта дапаможа зрабіць больш прагматычны і практычны ўнёсак у гэты дыялог з боку грамадзянскай супольнасці, а таксама яшчэ раз прадэманстраваць гатоўнасць незалежных грамадскіх ініцыятыў весці перамовы з прадстаўнікамі ўлады Беларусі і ЕЗ з мэтай паразумення і сумесных дзеянняў па пытаннях, якія відавочна з'яўляюцца прадметам узаемнай зацікаўленасці. Пры гэтым пытанні палітычных свабодаў, правоў чалавека і грамадскага кантролю за дзейнасцю афіцыйных структур не застануцца па-за ўвагай.

Улад Вялічка
[email protected]

 

 

Видео