BE RU EN
rss facebook twitter

А. Лагвінец: "Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства - як выклік"

30.10.2009
А. Лагвінец: "Форум  грамадзянскай супольнасці  Усходняга партнёрства - як выклік"

Алесь Лагвінец (Рух за свабоду) 

(даклад  на круглым стале  “Форум грамадзянскай  супольнасці Усходняга  партнерства: павестка  дня для Беларусі”, 19 кастрычніка 2009)

Мне падаецца, што Форум грамадзянскай  супольнасці  Усходняга партнёрства — гэта вельмі важная пляцоўка, гэта ў сённяшней  беларускай сітуацыі прызнанне і  прапанова інстытуцыялізаванай  пляцоўкі для міжнароднай дзейнасці беларускіх неўрадавых арганізацый, для тых праеўрапейскіх арганізацый, якія ёсць у Беларусі, гэта таксама адпаведнасць агульнаеўрапейскай пазіцыі, арганізацыя дыялога з шырокім грамадствам.

Я вельмі ўсцешан  выступам сп. Мельянцова, ён шмат чаго сарваў у мяне з языка, і я яму вельмі ўдзячны за гэта. Тыя пляцоўкі, якія існуюць у Еўрапейскім Саюзе — Эканамічны і сацыяльны камітэт, Камітэт рэгіёнаў, той жа Еўрапарламент, — гэта праява сённяшняй формы дэмакратыі ў Еўрапейскім Саюзе. Значыць, што, не гледзячы на абвінавачанні ў алігархічнай структуры дэмакратыі і г.д., Еўрапейскі Саюз спрабуе будваць такія камунікацыйныя пляцоўкі з шырэйшым грамадствам.

Мы ведаем, што, калі браць гістарычна, еўрапейскае  інтэграцыя адбылась, пасутнасці, насуперак волі народаў — калі Робер Шуман упершыню рабіў сваю прапанову пра ўтварэнне Еўрапейскага аб’яднання вугля і сталі, дык, калі б быў рэферэндум у Францыі, яго прапанову хутчэй за ўсё не падтрымалі б. І вось сёння сітуацыя крышку іншая, бо Еўрапейскі Саюз прыняў, я спадзяюся, стратэгічнае рашэнне пашырыць свой уплыў у шасці краінах - партнёрах па Усходняму партнёрству. І ён гэта хоча рабіць найперш праз дзяржаўныя інстытуцыі, паколькі сама еўрапейская інтэграцыя пачыналася і працягваецца сёння праз міждзяржаўнае супрацоўніцтва і таксама праз міждзяржаўную інтэграцыю, г.зн. стварэнне пэўных наднацыянальных інстытуцый, але ўсё ж такі з абмежаванымі кампетэнцыямі, і ў рэшце рэшт рашэнні прымаюць дзяржавы і ў дадзеным выпадку лагічна, што Урад Беларусі быў запрошан да Усходняга партнёрства.

Але, апроч  дзяржавы, Еўрапейскі Саюз таксама  глядзіць на магчымасці супрацоўніцтва і пошуку падтрымкі знізу ў  краінах-партнёрах. І, у дадзенным  выпадку, беларуская грамадзянская супольнасць адтрымлівае, можна сказаць, унікальны шанец, паколькі вось гэта прызнанне вельмі важнае, бо яно дае магчымасць, па-першае, атрымліваць інфармацыю — проста быць інфармаваным аб тым, што адбываецца ў рамках увогуле еўрапейскай інтэграцыі, што адбываецца ў рамках Усходняга партнёрства на ўзроўне самітаў, на ўзроўне сустрэч міністраў, а таксама на ўзроўне тых тэматычных пляцовак. Гэта стварае магчымасць для атрымання інфармацыі, але гэта не канчатковая гарантыя атрыманія інфармацыі. Можна таксама, калі казаць пра працэдурныя пытанні, паспрабаваць прапанаваць у рамках Форума грамадзянскай супольнасці такое ж самае палажэнне, якое існуе ў, спадзяюсь, хутка ратыфікаванай Лісабонскай дамове, каб паседжанні Савета міністраў былі б публічныя і можна было б бачыць, хто з чым выступае пад час Саміта міністраў Усходняга партнёрства.

Таксама можна  разглядаць Усходняе партнёрства для  беларускіх неўрадавых арганізацый  як магчымасць пабудавання таго, што  даследчыкі называюць «эпістэмалагічнымі супольнасцямі» — г.зн. супольнасці  з пэўнымі ведамі пра адмвсловыя нейкія сферы, гэта супольнасці дасведчанных áктараў. Удзел і ўзаемадзеянне ў Форуме грамадзянскай супольнасці дазваляе больш даведацца пра практыкі Еўрапейскага Саюза і таксама паспрабаваць паўплываць на тыя рашэнні, што прымаюцца ў дачыненні да Беларусі, — напрыклад, імкнуцца не толькі казаць, што ўлада прапанавала такія праекты і мы хочам да іх далучыцца, мы хочам бачыць, што там адбываецца, але прапаноўваць таксама свае праекты на ўзроўне Еўрапейскай камісіі (і не толькі на ўзроўне Еўрапейскай камісіі, бо суадносіцца да Еўрапейскай камісіі — гэта, мне здаецца, вельмі нерэалістычна, Еўрапейская камісія — гэта наднацыяналная інстытуцыя, якая вырашае глабальныя пытанні). Форум грамадзянскай супольнасці для беларускай грамадзянскай супольнасці дазваляе мець магчымасці пабудаваць рэгіянальнае супрацоўніцтва (г.зн. пабудаваць адносіны з грамадзянскай супольнасццю краін-партнёраў), пабудаваць трансеўрапейскае супрацоўніцтва, таксама шукаючы партнёраў у сённяшніх краінах-членах Еўрапейскага Саюза.

І вось гэта дапаможа знайсці новыя формы працы ў Беларусі. Варта спрабаваць уздзейнічаць у рамках Усходняга партнёрства на Еўрапейскую камісію, каб не ўсе праекты, якія ідуць на Беларусь, напрыклад, адтрымлівалі б згоду ў МУСе ці адтрымлівалі б згоду ад беларускай улады. Варта спрабаваць стварыць такія, можа быць, міжрэгіянальныя праекты, дзе згода уладаў не абавязкова патрабавалась бы, бо праекты, якія будуць прапаноўваць улады, не абавязкова будуць узгоднены з грамадзянскай супольнасццю — будуць, як заўсёды, нейкія кансультацыі, але праекты будуць ісці самі па сабе.

Я таксама  лічу, што ў рамках Усходняга партнёрства  трэба пазбегнуць спаўзанне ў  такое франтальнае  супрацьстаянне з уладамі, бо гэта спаўзанне ў тую сферу, дзе барадзьба, па дэфініцыі, пройгрышная. Калі мы ўсе хочам большага ўзаемадзеяння між Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам, трэба спрабаваць знайсці тыя магчымасці, каб, па-першае, Еўрапейскі Саюз больш прысутнічаў тут — так, каб мы, як вельмі правільна сп. Класкоўскі сказаў, тлумачылі б з дапамогай больш свабодных медый, што такое Еўрапейскі Саюз і што ён рэальна дае, як гэтым могуць карыстацца беларускія грамадзяне. Гэтая бачнасць Еўрапейскага Саюза для нас вельмі важная. Другая рэч — гэта павысіць цікавасць з боку беларусаў да пытанняў еўрапейскай інтэграцыі наогул — г.зн. зноў жа спрабаваці іх уцягваць у розныя праграмы. І тут інфармацыйная дейнасць важная, але ў той жа час мусіць быць канкрэтнае задзейнічанне беларускіх грамадзян у тлумачэнні ім канкрэтных выгод, напрыклад, у пэўных інфраструктурных праектах, бо я не думаю, што беларускія ўлады будуць з вялікай ахвотай ставіць паўсюль інфармацыю пра тое, як гэта робіцца ў той жа Польшчы, якія праекты былі прафінансаваны ў рамках Усходняга партнёрства.

Таксама, разумеючы  Усходняе партнёрства, трэба добра  ўсведамляць, што сёння пад марку  Усходняга партёрства кожная з краін  Еўрапейскага Саюза (асабліва тыя, якія найбольш зацікаўлены ў ім — скажам, Польшча, Швецыя ці Нідэрланды) будзе заганяць любое двухбаковае, а таксама шматбаковае супрацоўніцтва, і Форуму грамадзянскай супольнасці патрэбна больш выкарыстоўваць гэтую магчымасць, каб паглядзець, што адбываеццв паміж дзяржавамі - членамі Еўрапейскага Саюза і беларускімі дзяржаўнымі органамі. Бо мне было цікава ў пазамінулую суботу даведацца пра тое, што ў рамках першай платформы супрацоўніцтва Усходняга партнёрства будзе адбывацца навучанне беларускіх суддзяў. Гэта — вельмі цікавая інфармацыя, якую паведаміў прадстаўнік польскага міністэрства замежных спраў. І вельмі цікава ведаць, што адбудзецца далей. Але такую інфармацыю мы можам шукаць альбо праз Еўракамісію, альбо праз міністэрствы замежных спраў дзяржаў-членаў, бо наўпростага механізма ўздзеяння на нашу дзяржаву ў нас няма і не трэба на гэта моцна на гэта разлічваць.

І вось такое  сутнаснае напаўненне Усходняга  партнёрства для нас вельмі важнае. І важна, каб гэты Форум (у гэтым  я цалкам падтрымліваю сп. Мельянцова, які вельмі трапна сказаў пра іншы форум), каб форум узаемадзеянняў унутры Беларусі быў, і каб ён быў вельмі чутным. Нам трэба пазбегнуць манапалізацыі з боку ўладаў вось гэтага еўрапейскага супрацоўніцтва. Мы ўсе разумеям, што ўлада гэта хоча і яна мае шмат больш інструментаў, каб гэта манапалізаваць — там ёсць людзі, якія атрымліваюць дзяржаўныя грошы на тое, каб яны стала ўзаемадзейнічалі з інстытутамі Еўрапейскагя Саюза. Гэта манапалізацыя нам вельмі-вельмі небяспечна, і мы мусім — у адрозненні, дарэчы, ад беларуска-расійскай так званай інтэграцыі — як раз аказаць падтрымку тым пазітыўным працэсам, якія адбываюцца ва ўзаемадзеянні паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам. Сёння Саюзная дзяржава практычна не існуе дзякуючы таму, што ўлада не шукала асэнсаванай падтрымкі ў грамадстве і не тлумачыла добра грамадству, навошта гэта патрэбна, — гэта быў збольшага ідэалагічны канцэпт, які больш выкарыстоўваўся ўладай. Нам жа важна вось гэты паварот напоўніць канкрэтным сэнсам.

Ну і ў  заключэнні — наконт таго, іншага форума. Усе, відавочна, чулі пра Беларускі еўрапейскі форум. Любая беларуская праеўрапейская арганізацыя шчыра вітаецца на Беларускім еўрапейскім форуме. І мы разлічваем таксама, што гэта будзе не толькі адзінкавая з’ява, мы думаем, пра тое, каб напоўніць увогуле ўзаемадзеянне Беларусі з Еўрапейскім Саюзам пэўнымі дакументамі, пэўнымі прапановамі. У прынцыпе, ніхто нічога новага не будзе выдумляць — усё гэта рабілі краіны-кандыдаты, гэта ў свой час рабіла Украіна. Нам патрэбна нацыянальная стратэгія еўрапейскай інтэграцыі, нам патрэбны пэўныя сэгменты ўзаемадзеяння: што можа быць зроблена далей, каб нашыя медыя, напрыклад, сталі дзейнічаць па еўрапейскіх стандартах; што трэба зрабіць, калі ўжо так амбіцыйна падыходзіць, у іншых 35 раздзелах перамоў па сяброўстве з Еўрапейскім Саюзам, бо беларускія ўлады прызналі праз подпіс сп. Сямашкі, што яны гатовы нібыта рухацца ў той бок, бо, па сутнасці, формула Усходняга партнёрства — гэта тое, што калісці сказаў Рамана Продзі: «Гэта — усё, апроч інстытуцый», г.зн. апроч фармальных адносін з Еўрапейскім Саюзам. Вось трэба ўсе гэтыя 35 раздзелаў, напрыклад, Дамовы аб далучэнні і таго, якім чынам дастасоўваць нацыянальнае заканадаўства да заканадаўства супольнаснага, — нам варта на гэта ўсё глядзець, узаемаадносіць і падштурхоўваць беларускія ўлады. Але тым не менш заставацца рэалістычнымі — заміж нас гэтую працу з грамадствам Еўрапейскі Саюз рабіць не будзе.

Дзякуй.

Видео