BE RU EN
rss facebook twitter

Завершылася 14 нарада АБСЭ ў Варшаве

11.10.2009
 Завершылася 14 нарада АБСЭ ў Варшаве

Правы чалавека, дэмакратыя й свабода СМІ - гэта галоўныя тэмы, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі нарады, якую ў Варшаве зладзіла АБСЭ.

У Польшчу прыехала каля тысячы асобаў з больш як 50–ці краінаў, якія цягам двух тыдняў дыскутавалі пра актуальныя пытаньні, якімі займаецца АБСЭ. 14 нарада АБСЭ праходзіла з 28 верасьня па 9 кастрычніка ў самым цэнтры польскае сталіцы.

На думку арганізатараў мерапрыемства, такія сустрэчы вельмі патрэбныя, паколькі пашана правоў чалавека, дэмакратыі й гуманізму надалей зьяўляецца вялікім выклікам для сьвету.

У сустрэчы прымалі ўдзел як прадстаўнікі афіцыйных урадаў, так і актывісты грамадзянскіх супольнасьцяў з краінаў з разьвітай дэмакатыяй, так і з краінаў, дзе па сёньняшні дзень дзейнічаюць рознага роду рэжымы. Сёлета Беларусь прадстаўляла шырокае кола ўдзельнікаў з боку ўраду й грамадзкай супольнасьці, а падчас дыскусіяў гучалі розныя меркаваньні. Распавядае беларускі незалежны аналітык Ірына Віданава.
 
Ірына Віданава: Сустрэча АБСЭ па чалавечым вымярэньні зьяўляецца ўнікальнай плятформай, паколькі ў адной залі прысутнічаюць афіцыйныя дэлегацыі, у тым ліку й ад Беларусі, а таксама грамадзкія актывісты. Кожнае NGO можа зарэгістравацца і ўдзельнічаць у мерапрыемстве на роўных умовах. У кожнага ёсьць 3 хвіліны на выступ. Беларуская афіцыйная дэлегацыя выступала, у канкрэтны тэматычны дзень прыязджалі прадстаўнікі канкрэтнага ведамства. У дзень, прысьвечаны незалежным СМІ, выступала намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Яна зрабіла вельмі аптымістычныю прамову, расказаўшы, як у Беларусі ўсё вельмі добра са свабодай СМІ. У прадстаўнікоў незалежнага беларускага грамадзтва гэта выклікала жаданьне выказацца на пленарным паседжаньні. Мы, карыстаючыся сваім правам, зрабілі заяву й патлумачылі, чаму мы ня згодныя з тым, што прагучала з вуснаў афіцыйных прадстаўнікоў. Таксама мы нагадалі рэкамэндацыі, зробленыя Міжнароднай місіяй, якая ў верасьні наведала Беларусь. Ёсьць 8 вельмі канкрэтных рэкамэндацыяў адносна таго, што беларускі ўрад павінен зрабіць, каб дасягнуць рэфармаваньня ў галіне незалежных СМІ й свабоды выказваньняў. На што спадарыня Ананіч адказала, і гэта яе права. Яна пацьвердзіла, што, сапраўды, ёсьць выданьні, якія ня маюць доступу да распаўсюду, пры гэтым яна сказала, што гэта эканамічныя пытаньні, якія да грамадзкай палітыкі нічога ня маюць.

Экспэртка зазначае, што падчас дыскусіяў актыўнасьць удзельнікаў з паасобных краінаў сьведчыла пра палітычную сытуацыю ў гэтых краінах.

Ірына Віданава: У склад АБСЭ ўваходзіць 56 краінаў. Натуральна, што ёсьць краіны зь лепшым і горшым станам дэмакратыі. Гэта такі своеасаблівы палітычны тэатар, дзе можна пабачыць пікіроўку паміж Расеяй і ЗША. У кожнага ёсьць нейкая свая роля. Са сваіх асабістых назіраньняў я скажу, што, на жаль, выглядае на тое, што сытуацыя, падобная да беларускай, ёсьць у Казахстане і ў каўкаскіх краінах, падобная сваёй пэсымістычнасьцю й несвабодай. У гэтым пляне мы знаходзім зразуменьне й поле для шматлікіх дыскусіяў, для абмеркаваньняў, для пошуку нейкіх рашэньняў, супольных заяваў і дзеяньняў з прадстаўнікамі гэтых краінаў. Што тычыцца афіцыйных дэлегацыяў з розных краінаў, то хтосьці займае актыўную пазыцыю, а  хтосьці, як, напрыклад, дэлегацыя Казахстану, па сутнасьці, адмоўчваецца на афіцыйных паседжаньнях, нягледзячы на жорсткую крытыку, якая гучыць у бок ураду з боку грамадзянскай супольнасьці Казахстану.

Сёлетняя сустрэча закончылася, надышоў час на падвядзеньне ўступных вынікаў.

Ірына Віданава: Вялікі плюс гэтага паседжаньня ў тым, што абсалютна ўсе афіцыйныя заявы, якія прагучалі ў залі пленарных паседжаньняў, заносяцца ў пратакол і застаюцца на ангельскай і расейскай мовах у базе дадзеных. Гэта азначае, што афіцыйныя заявы ня могуць быць забытыя й кожны прадстаўнік НДА можа да гэтых дакумэнтаў апэляваць. Прадстаўнікі афіцыйных дэлегацыяў атрымаюць гэтыя дакумэнты й змогуць прадставіць сваім урадам. Менш аптымістычным момантам зьяўляецца тое, што ўсе заявы й заўвагі, якія тут гучаць, маюць толькі рэкамэндацыйны характар і не зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня. Прысутнасьць беларускай незалежнай грамадзкасьці вельмі важна для таго, каб гучаў голас як афіцыйных уладаў, так і незалежнага грамадзтва. Гэта роўныя галасы, у Беларусі такой роўнасьці, на жаль, няма.

Арганізацыя бясьпекі й супрацы ў Эўропе ладзіць падобныя сустрэчы штогод. Сёлета адбылася 14 сустрэча, падчас якой арганізатары асноўны націск клалі на свабоду СМІ ў розных краінах.

Спасылка

Видео