BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"Польшча 89’ – Беларусь 91’ – нераўназначныя змены"

11.08.2009
"Польшча 89’ – Беларусь 91’ – нераўназначныя змены"

Цэнтар міжнародных зносінаў (Centrum Stosunków Międzynarodowych), партал Belarus-Live.eu пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча абвясьцілі творчы конкурс "Польшча 89’ – Беларусь 91’ – нераўназначныя змены".

У межах конкурсу друкуем ніжэйпрыведзены артыкул.

Польшча-Беларусь: голас крыві

 

Зьнешнепалітычныя стасункі Беларусі і Польшчы - для мяне па-за межамі геаграфічных абрысаў на мапе. Хаця гэтыя зьменлівыя абрысы межаў маюць непасрэднае дачыненьне да малюнку майго генэалягічнага дрэва. А пачалося ўсё з сумнавядомых падзеяў 1939-га году…

 

100 liat!

 

У 2005-м годзе ў польскім горадзе Пулавы сваё стагодзьдзе адзначала тамашняя жыхарка пані Зося Дранчук. Яна прыходзілася мне стрыечанай прабабуляй, яе сястра, таксама Зося, была мне роднай прабабуляй.

(дадатковыя фота з імпрэзы ніжэй)

 

Нагоды прасьпяваць польскі тост “100 liat!» з канстатацыяй факту, а ня проста ў якасьці пажаданьня, здараюцца ў жыцьці зрэдку. Таму сьвята Дня народзінаў пані Зосі сталася сапраўднай урачыстасьцю. 

 

Cьвята адбывалася ў памяшканьні мэрыі Пулаваў, імпрэза была сапраўды публічнай, былі журналісты, прадстаўнікі ўлады, якая ўзяла на сябе вялікую частку выдаткаў і ганаравала юбілярку адмысловай прэміяй на суму 1000 эўра…

 

Шчасьлівыя ўсьмешкі, шчырыя віншавальныя словы дзяцей, унукаў і праўнукаў лепш за любыя словы дэманструюць і сьведчаць: жыцьцё ўдалося.

 

А былі часы, калі ніхто не ведаў, ці будзе жыць сям’я хаця б заўтра...

 

У 1953-м годзе сям’я Зосі і Ігнася Дранчукоў былі паважанымі жыхарамі вёскі Новыя Навасёлкі Нясвіскага раёна. За тое, што мелі млын, караючы руплівасьць, працавітасьць, імкненьне жыць як людзі ды супрацьстаяць галечы і беднаце, былі названыя “кулацтвам”. Іхны лёс, іх “раскулачаны” шлях робяць для мяне далёкі Казахстан і блізкую Польшчу аднолькава роднымі паводле росту галін родавага дрэва. Іх вывезьлі ўсёй сям’ёй у Казахстан у 1953-м. Але ж, аглядаючыся назад, менавіта гэты шлях прывёў да гэтых усьмешак 12 лістапада 2005-га году, калі зычэньне “100 liat!” гучала цягам дня ў гонар паважанай пані Зосі.

 

Сьведкі часоў ссылкі - дзеці ды ўнукі, што там нарадзіліся, памяталі Казахстан усё жыцьцё. “А ці можна забыцца, як трупамі затыкалі дзіркі ў зямлянках, каб ад холаду выратаваць яшчэ жывых”? – пытаецца ўнук пані Зосі Пётар, сёньняшні грамадзянін Нямеччыны.

 

Здолелі выжыць. Але вяртацца да родных ніў, да роднай хаты не захацелася. Польшча стала для іх сям’і роднай краінай. Пані Зося ганарылася сваімі дзецьмі, унукамі, праўнукамі. Яны ганарыліся ёю. Перасяленцаў, якія не захацелі вярнуцца да роднай хаты, дзе зьведалі зьдзек ад “Саветаў”, шмат у Польшчы. І там яны маюць сваю польска-савецкую традыцыю.

Палітычна рэпрэсаваныя некалі людзі штогод зьбіраюцца ў Чэнстахове. Не зьвязаныя сваяцкімі вузамі, яны назаўсёды зьнітаваныя агульным лёсам выратаваньня. Ім заўсёды ёсьць што абмеркаваць і помніць. І, жывучы на колішняй чужыне, яны пачуваюць сябе там “сваімі”. І такімі іх успрымаюць наўкол.

 

Паралельныя лініі лёсаў

У тых самых Навасёлках Нясьвіскага раёна жыў мой родны прадзед Іван Дранчук з жонкай Зосяй. Ён, як і ягоны брат, некалі адмовіўся ўступаць у калгас. Але яго ў 1953-м у Казахстан не саслалі, што на той момант часу выглядала пэўным шанцаваньнем. Але толькі на першы погляд.

 

Замест ссылкі яго пакаралі вялізнымі падаткамі на ўсю маёмасьць. Памеры іх былі такія, што выглядалі простым зьдзекам, – завуаляванай, адцягненай у часе рэпрэсіяй. Не жадаеш з усімі працаваць на калгас? Працуй на сябе, але заплаці за гэта калгасу.

Падаткі на зямлю, на каня, на ўсё, што мела сям’я, - іх выплачваць проста не было з чаго. І прадзед за іх нявыплату трапіў у турму. На 10 год.

 

Усе гэтыя гады ягоная жонка гадавала дзяцей сама. Праз 10 год прадзед Іван вярнуўся да роднай хаты. Глухі, з рэшткамі некалі добрага здароўя.

 

Гэткім розным сталася пэўнае дзесяцігодзьдзе ў рэаліях двух галін маёй сям’і.

Адны аказаліся далёка ад радзімы, потым вярнуліся бліжэй да хаты, але па-за межамі савецкай дзяржавы.

 

Другія былі рэпрэсаваныя “на месцы” і назаўсёды засталіся “ў межах”.

 

Лініі іх лёсаў доўгі час былі вымушана паралельнымі. Нават ліставацца было немагчыма. Потым пісаць адзін аднаму стала лягчэй, але замежжа заставалася цяжкадаступным.

 

Апошняе 20-годзьдзе скасавала недасягальнасьць. Зрабіла магчымымі сустрэчы двух паралеляў, дазволіла нашчадкам тых, хто колісь сустракаўся 10 раз на дзень, жывучы ў адной вёсцы, сустракацца хаця б раз ад разу.

 

P.S.

PS

Горад, які так годна ўшанаваў “бабцю Зосю”, зьяўляецца пабрацімам Нясьвіжа. З-пад вежаў радзівілаўскага замку ў Пулавы неаднаразова накіроўваліся дэлегацыі, аднак лёс пакутніцкай сям’і з Новых Навасёлак ніколі ня ўзгадваўся.

Ці ёсьць ён, сьпіс рэпрэсаваных у так званым ідэалагічным адзьдзеле Нясьвіскай адміністрацыі? Цяжка сказаць. Пытаньне хутчэй рытарычнае. Улады -- ні колішняя камуністычная, ні сёньняшняя, якую называюць рэжымам Лукашэнкі і апошняй дыктатурай Эўропы, ахвяраў сваіх ня лічаць.

Цётачка Геня на запрашэньне прыехаць у Новыя Навасёлкі і ўбачыць сьцены сваёй хаты (рэдкасны выпадак, калі дом захаваўся цалкам!) рэагуе з жалем і не выказвае энтузіязму. Нярадасныя эмоцыі надзвычай цяжка перажываюцца ў яе ўзросьце. Вельмі стрымана прымае запрашэньне і старэйшая сястра Ніна. Хто іх чакае на скрыжаваньнях нашай гісторыі, што памятаюць тутэйшыя людзі, ці зразумеюць боль незагоенай памяці?.. У іх ёсьць падставы сумнявацца.

Слова “камуністы” для іх страшнае да жахлівасьці. Яны гавораць ня толькі пра холад і голад Казахстану, што крануўся іх прывідам сьмерці, але і пра Катыньскія могілкі пад Смаленскам, і пра нядаўна адкрытую “лінію Сталіна” ў краіне Купалы, і маладых землякоў-палітвязьняў года нараджэньня 70-х, 80-х, 90-х.

Калі ў 2006-м за краты патрапіў мой брат Цімафей, яны як мага спрабавалі абараніць яго, пісалі лісты ў інстанцыі, тэлефанавалі бацькам, маліліся за яго вызваленьне. “Мы не можам застацца ўбаку, раўнадушна маўчаць і сядзець склаўшы рукі, калі ў бядзе нашы дзеці,-- казаў спадар Пётрусь, адзін з унукаў бабці Зосі. -- Нам горка, што народ, грамадства Беларусі не бароняць сваіх герояў і галасуюць за дыктатара”. Аднак, гэта ня вечна. Як і Польшча, Беларусь дачакаецца пераменаў, выйдзе з палону страху і абыякавасьці, казалі мае сваякі. Здаецца, яны ў гэта вераць значна больш, чым многія мае суайчыньнікі. І гэта зразумела: яны дачакаліся пераменаў насамрэч.

 

А пані Зося ад сёньняшняй Беларусі рэабілітацыі не дачакалася. Яна памерла ў 2009-м годзе.

 

Перад пачаткам урачыстасьці ў Адміністрацыі горада.

 

Перад камерай – праўнукі бабці Зосі (пярэдні плян). Ня ўсе, вядома

 

Юбілярка з дачкой Нінай

 


З дочкамі Геняй, Нінай і Марысяй

 

 

 

Віншаваньне ад праўнучкі Патрыцыі


 

З унукамі Анджэем і Пётрусем


 

Віншаваньні ад прадстаўнікоў мэрыі 


 

Юлія Дранчук, [email protected]

Видео