BE RU EN
rss facebook twitter

Грамадзкія слуханьні: грамадзкасьць – за, чыноўнікі – супраць?

09.07.2009
Грамадзкія слуханьні: грамадзкасьць – за, чыноўнікі – супраць?

15 чэрвеня 2009 года шэраг грамадзкіх дзеячаў Беларусі зьвярнуліся да сяброў Грамадзка-кансультацыйнай Рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама да грамадзянскай супольнасьці краіны з прапановай правядзеньня адкрытых грамадзкіх слуханьняў «Грамадзянская супольнасьць і дзяржава: мэханізмы ўзаемадзеяньня».

Мэты прадэкляраваныя, справаў ня бачна

 

Грамадзка-кансультацыйная Рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта была створаная ў лютым 2009 года. Мэта Рады – «абмеркаваньне актуальных пытаньняў разьвіцьця дзяржавы і грамадзтва, выпрацоўка прапаноў па актыўнай інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у агульнасусьветныя працэсы, удасканаленьне накірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага разьвіцьця краіны». Старшыня Рады Уладзімер Макей адзначыў, што ў аснове структуры «палягае шчырае памкненьне сабраць кола канструктыўна настроеных людзей, якія не пакутуюць на палітычную зашоранасьць, з мэтай абмеркаваньня актуальных пытаньняў разьвіцьця беларускага грамадзтва. Пры гэтым абмяркоўваць адкрыта, шчыра». У склад Рады ўвайшло 30 чалавек, у тым ліку і прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычных партый.

 

Але актыўнай працы Рады пакуль не заўважана. Спачатку было арганізацыйнае паседжаньне. Потым Рада ніяк не магла сабрацца на другое паседжаньне -- спачатку яно было прызначана на 31 сакавіка, потым перанесена на 24 красавіка, затым зноў перанесенае і нарэшце адбылося... Не заўважана і асаблівых кантактаў, кансультацыяў Рады з грамадзкасьцю. Таму грамадзкасьць ініцыюе адкрытыя грамадзкія слуханьні.

 

Улад Вяліка: «Пакуль што камунікацыяў і кантактаў не назіраецца»

 

Кіраўнік грамадзкага аб'яднаньня «Адукацыйны цэнтар «ПОСТ» Улад Вялічка лічыць, што адна з галоўных праблем адсутнасьці зваротнай сувязі – гэта неразуменьне рэальных мэтаў стварэньня Рады і мэханізмаў яе працы:

 

«Створаная Рада была як кансультацыйны орган для дзяржавы, і пакуль што менавіта гэтую функцыю, верагодна, яна і выконвае. Але пра гэта мы ня можам судзіць аб'ектыўна, таму што другая праблема, якая вынікае зь першай – гэта абсалютны вакуум інфармацыі. Нават наяўнасьць сайту Рады не вырашае праблему інфармаваньня. Таму перш чым казаць пра нейкае супрацоўніцтва, разьвіцьцё стасункаў, разуменьне місіі гэтай структуры, трэба пабудаваць нармальныя камунікацыі, каб зацікаўленая грамадзкасьць магла пэўным чынам даведвацца пра дзейнасьць гэтага органа.

 

У складзе Рады – адныя зь лепшых прадстаўнікоў незалежных арганізацый, праектаў. Але яны туды запрошаныя не як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, сваіх арганізацый, а як проста аўтарытэтныя людзі, экспэрты, якіх дзяржаўныя органы палічылі патрэбным запрасіць. Але нам незразумела, як да іх ставіцца ў гэтай функцыі – альбо як да дзяржаўных служачых, якія запрошаныя дапамагчы дзяржаве, альбо нам варта іх разглядаць як голас грамадзянскай супольнасьці? У гэтым выпадку хацелася б бачыць пэўную камунікацыю паміж імі і тымі , хто туды не трапіў. Пакуль што такой камунікацыі не назіраецца, і мне здаецца, варта паставіць пытаньне рубам: чаму? Мы чакалі-чакалі кантактаваньня, але не дачакаліся ніякіх крокаў насустрач зь іх боку. Таму мы вырашылі самі прапанаваць фармат слуханьняў, каб сябры Рады маглі пачуць нашы пытаньні. А мы, у сваю чаргу, хацелі б даведацца аб іх бачаньні таго, што яны там робяць, якая ў іх місія, ці яны грамадзянскую супольнасьць там прадстаўляюць, ці свае ўласныя інтарэсы.

 

Мікалай Чаргінец: “Мы не адчуваем, што ў Беларусі ёсьць трэці сэктар”

 

Мікалай Чаргінец – сябар Рады, старшыня праўрадавага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, экс-сэнатар. Ідэю прадстаўнікоў трэцяга сэктара правесьці грамадзкія слуханьні ўспрыняў без асаблівага энтузіязму:

 

“У гэты Савет уваходзяць прадстаўнікі калі не ўсіх, то бальшыні накірункаў грамадзянскай супольнасьці. Калі хтосьці бярэ на сябе права гаварыць ад імя ўсяго грамадзтва, то ён памыляецца. Ён можа казаць ад свайго імя, ад імя купкі людзей, якія зь ім маюць аднолькавыя перакананьні, ня больш таго. Такое ўжо не адзін раз здаралася, калі знаходзяцца асобныя людзі і спрабуюць проціпаставіць сябе арганізаванаму грамадзтву і спрабуюць дыктаваць свае ўмовы. Я ня ведаю, што яны хочуць, я ня бачыў і ня чуў іх прапановаў і патрабаваньняў. Але хачу сказаць: любы сябар Рады адкрыты для таго, каб зь ім паразмаўляць, унесьці яму прапановы. Адкрытая і сама Рада, куды можна ўносіць усялякія прапановы.

 

Я ня ведаю людзей, якія выступілі з прапановай грамадзкіх слуханьняў, але калі ў іх ёсьць жаданьне зрабіць свой ўнёсак у працу гэтай Рады, няхай уносяць канкрэтныя прапановы.  Няхай не спрабуюць некаторыя падарваць гэту справу, маўляў: “А мы не ведаем, а нам не дакладаюць, чым яны там займаюцца”. Ім ніхто дакладаць і даваць справаздачы не зьбіраецца, трэба чытаць газэты, слухаць радыё і тэлебачаньне. Тым больш, што мы не адчуваем, што ў Беларусі ёсьць такая сіла, якая называе сябе “трэці сэктар”. Ну, назвалі яны сябе “трэцім”. Дарэчы, я ня супраць абмеркаваньня нейкіх пытаньняў з так званым “трэцім сэктарам”. Але, паверце, ня першы год у палітыцы, і ведаю, як можа зьявіцца чацьвёрты, пяты, дваццаты сэктары... Захацелася штосьці аднаму, ён паклікаў сябра, і часьцяком за кілішкам – ня кавы – “давай мы вылучым ідэю і абвесьцім сябе 48-м сэктарам”.

Калі ў іх ёсьць прапановы, я б параіў ім ня скардзіцца, а ўносіць гэтыя прапановы. Адрас гэтай Рады вядомы, яны ведаюць прозьвішчы ўсіх, хто ўваходзіць у гэтую Раду. Дарэчы, туды ўваходзяць людзі, зь якімі яны знаёмыя, супрацоўнічаюць  -- могуць праз іх уносіць свае прапановы. Мы, канечне ж, іх абмяркуем. Але не зьбіраемся ператварацца ў орган, які будзе разглядаць усе скаргі. Няхай уносяць канкрэтныя прапановы, і мы іх разгледзім”.


Грамадскія слуханні з удзелам прадстаўнікоў  грамадзянскай  супольнасці і членаў Грамадска-кансультацыйнай  рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбудуцца 20 ліпеня 2009 г. па адрасе: Мінск, вул. Кірава, 13. Пачатак у 14.00. У аргкамітэт слуханьняў увайшлі Улад Вялічка, Віталь Сіліцкі, Уладзімер Мацкевіч, Віктар Карняенка, Вячаслаў Паздняк, Сяргей Мацкевіч,Жанна Літвіна, Ігар Лялькоў, Алесь Бяляцкі, Тацяна Пашавалава, Алена Танкачова.

 

Людміла Корсак

[email protected]

Видео