BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ферэра-Вальднер: У няпросты час Еўрасаюз можа выступіць у якасці сябра

22.06.2009
Ферэра-Вальднер: У няпросты час Еўрасаюз можа выступіць у якасці сябра
Пасля сустрэчы з Лукашэнкам, якая цягнулася каля 2,5 гадзін, еўракамісар распавяла, што чакала магчымасці прыехаць у Беларусь і сустрэцца з уладамі 4,5 гады. Уражанні ў яе станоўчыя. З прэзідэнтам яны абмяркоўвалі канкрэтныя рэчы: дапамогу падчас крызісу, зніжэнне кошту шэнгенскіх віз да 35 еўра, а таксама пытанні мытнага супрацоўніцтва.

Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая цягнулася каля 2,5 гадзін, Беніта Ферэра-Вальднер падвяла вынікі свайго візіту.

У гатэлі “Еўропа” еўракамісар сустрэлася з прадстаўнікамі апазіцыі, дыпламатычных місій, экспертамі і журналістамі.

На думку Ферэры-Вальднер, у Беларусі ёсць усе магчымасці для таго, каб ісці ў Еўропу. Да таго ж, у няпросты крызісны час Еўрасаюз можа выступіць у якасці сябра.

Еўракамісар распавяла, што чакала магчымасці прыехаць у Мінск і сустрэцца з беларускімі ўладамі 4,5 гады. Уражанні ад сустрэчы з кіраўніцтвам нашай краіны засталіся станоўчымі.

З прэзідэнтам еўракамісар абмяркоўвала канкрэтныя рэчы: дапамога падчас крызісу, зніжэнне кошту шэнгенскіх віз да 35 еўра, а таксама пытанні мытнага і эканамічнага супрацоўніцтва.

Беніта Ферэра-Вальднер адзначыла, што ў Беларусі быў моцны прагрэс, асабліва мінулым летам, калі вызвалілі палітвязняў, але цяпер ён замарудзіўся. Таму Еўропа чакае новых крокаў.

З выступу еўракамісара можна зразумець, што ранейшыя 12 пунктаў, якія ЕС выстаўляў Беларусі, трансфармаваліся ў тры асноўныя: унясенне зменаў у выбарчае заканадаўства, стварэнне аднолькавых умоў для ўсіх СМІ, свабоднае развіццё грамадзянскай супольнасці (“Людзі не павінны баяцца выказваць сваю думку на мітынгах і дэманстрацыях, а актывісты павінны працаваць без аглядкі на арышты,” — адзначыла Ферэра-Вальднер).

Па словах еўракамісара, пасля сённяшніх сустрэч адбудуцца двухбаковыя перамовы па ўсіх канкрэтных пытаннях, у тым ліку магчымасць адкрыцця еўрапейскіх рынкаў для беларускіх вытворцаў.

“У вас ёсць усе магчымасці, і я думаю вы іх выкарыстаеце”, — падвяла рысу Ферэра-Вальднер.

Ферэра-Вальднер: Галоўнае пытанне на сёння – змены ў выбарчым заканадаўстве

З візітам у Мінск прыехала еўракамісар Беніта Ферэра-Вальднер. Сёння яна сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама прадстаўнікамі апазіцыі.

Напярэдадні афіцыйных сустрэч еўракамісар па знешніх сувязях у інтэрв’ю Еўрарадыё заявіла, што галоўнае пытанне, якое будзе абмяркоўвацца сёння – змены ў выбарчым заканадаўстве. Акрамя гэтага ў парадку дня і шэраг іншых пытанняў:

Ферэра-Вальднер: “Павінна быць свабода прэсы. Гэта сапраўды для нас вельмі важна. Таксама — мы хочам, каб была адкрытасць у пытаннях рэгістрацыі палітычных партый і няўрадавых арганізацый. Мы будзем патрабаваць, каб вызвалілі ўсіх палітычных вязняў. І самае важнае – мы хочам бачыць змены ў выбарчым кодэксе, у складзе выбарчых камісій у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ”.

Еўракамісар адзначыла, што пачатак у Беларусі быў добрым. Але, на жаль, рэалізацыі гэтых крокаў Еўрасаюз пакуль не пабачыў. І дадала, што ў беларускага кіраўніцтва пакуль ёсць час да снежня:

Ферэра-Вальднер: “Калі ўсё гэта адбудзецца, у Беларусі будуць вельмі добрыя магчымасці з намі працаваць. Асноўны пасыл сёння – рабіць крокі насустрач. У нас адведзены тэрмін да снежня. У снежні савет усіх міністраў краінаў ЕС ізноў збярэцца і будзе ацэньваць стан рэчаў. Калі пабачыць рэальны прагрэс, будзе магчымасць прасунуцца наперад”.

Таксама Беніта Ферэра-Вальднэр адзначыла, што гэта першы візіт еўракамісара ў Беларусь. Паводле яе слоў, у гэтым ёсць вялікая сімвалічная важнасць.

Ферэра-Вальднер абмяркуе з Лукашэнкам апошні беларуска-расйскі канфлікт

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Беніта Ферэра-Вальднер таксама ўздыме пытанне апошняга канфлікту з Расіяй. Па словах еўракамісара, яна хоча пачуць пазіцыю Беларусі па гэтым пытанні.

Ферэра-Вальднер:
“Натуральна, што мы сочым за падзеямі. І натуральна, што я хацела пачуць пункт гледжання беларускіх уладаў, што яны на гэты конт думаюць… Мы, дапусцім, чулі, што будзе створаны мытны саюз паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам. Адначасова мы аказваем дапамогу ў магчымасці ўступлення Беларусі ў СГА. Усе гэтыя пытанні будуць на парадку дня, а таксама пытанне, якое тычыцца газавага трубаправоду”.

Еўрачыноўніца падкрэсліла, што гэта двухбаковы канфлікт. Таму Еўрасаюз не будзе станавіцца ні на чый бок. Галоўнае, што трэба зрабіць – забяспечыць энерга- і харчовую бяспеку:

Ферэра-Вальднэр:
“Мы ніколі не прымаем той ці іншы бок, гэта двухбаковы канфлікт. Мы хочам бачыць справядлівыя ўмовы для ўсіх, энергабяспеку і харчовую бяспеку для ўсіх”.

Спадарыня Беніта Ферэра-Вальднэр пацвердзіла, што прыехала з прапановай выдзеліць Беларусі 10 мільёнаў еўра на паляпшэнне бяспекі і якасці прадуктаў харчавання:

Ферэра-Вальднэр: “Я таксама прывезла з сабой прапанову на 10 мільёнаў еўра для забеспячэння прадуктаў харчавання. І гэта будзе зроблена ў інтарэсах беларусаў”.

Некаторыя краіны ЕС ужо гатовыя да зніжэння кошту віз для беларусаў

Ці зніжаць кошт віз для беларусаў, кожная краіна Еўрасаюза будзе вырашаць самастойна. Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску паведаміла еўракамісар Беніта Ферэра-Вальднер. Па яе словах, некаторыя краіны ЕС ўжо да гэтага гатовыя:

Ферэра-Вальднер: “Гэта павінны вырашаць краіны члены ЕС самі. Мы ведаем, што некаторыя ўжо гатовыя. Але яшчэ не ўсе... Асабіста я выступаю за тое, каб кошты зніжаліся, асабліва што тычыцца візаў для студэнтаў. Але гэта не я прымаю рашэнне. Гэта рашэнне кожнай з краінаў ЕС”.

Спасылка

Видео