BE RU EN
rss facebook twitter

«Усходняе партнэрства» дае надзею на спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў

22.06.2009
«Усходняе партнэрства» дае надзею на спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў

22 чэрвеня ў Менску прайшла канфэрэнцыя «Візавая палітыка ў кантэксце адносінаў Эўразьвязу і Беларусі: актуальная сытуацыя і пэрспэктывы».

У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі замежных амбасадаў, акрэдытаваных у Беларусі, кардынацыйнага бюро TACIS, грамадзкіх аб'яднаньняў, палітолягі, супрацоўнікі турыстычных фірмаў, а таксама журналісты. Грамадзкае аб'яднаньне «Цэнтар сацыяльных тэхналёгій» і кансорцыюм «ЭўраБеларусь» выступілі з прапановай стварэньня адзінага Эўрапейскага цэнтру для Беларусі.

Адкрыў канфэрэнцыю старшыня кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка. Ён адзначыў важнасьць пашырэньня і паглыбленьня ўзаемадачыненьняў Эўрапейскага Зьвязу і Белапусі на ўсіх узроўнях, і падкрэсьліў, што ва «Усходнім партнэрстве» ёсьць плятформа «Соnnection People to People”. Любыя дзеяньні і працэсы ў збліжэньні Беларусі і Эўропы будуць няпоўнымі і малаэфэктыўнымі, калі ў іх ня будзе уцягнутая грамадзянская супольнасьць, ня будуць задзейнічаныя яе сілы, рэсурсы, магчымасьці. Трэці сэктар павінен ня толькі уважліва сачыць за працэсамі ў межах супрацоўніцтва, але і актыўна удзельнічаць ў іх у якасьці паўнавартасных партнэраў.

 

Удзельнікі канфэрэнцыі абмеркавалі справаздачу па маніторынгу працы консульскіх аддзелаў краінаў Эўразьвязу, якую рэпрэзэнтавала Вольга Васілеўская, сацыёляг, каардынатар праекту «Маніторынг візавай палітыкі краінаў ЭЗ» з Фонду імя Стэфана Баторыя. Маніторынг праводзіўся ў кастрычніку – лістападзе 2008 года ў Беларусі, Украіне, Малдове і Расеі. Быў прадстаўлены параўнальны аналіз таго, як адбываецца сама працэдура выдачы візаў краінамі Эўразьвязу сваім усходнім суседзям. Мэта маніторынгу, як адзначыла Вольга Васілеўская, «якія праблемы візавай палітыкі бачаць «карыстальнікі», беларускія грамадзяне, якія наведваюць консульскія аддзелы амбасадаў». Дасьледаваньні паказалі, што пасьля далучэньня новых краінаў-сяброў Эўразьвязу да Шэнгенскага пагадненьня  істотна паменшылася колькасьць віз, якія выдаюць амбасады беларускім грамадзянам. Так, у параўнаньні з 2005 годам, колькасьць выдаваемых віз Польшчай паменшылася на 73%, Літвой – на 52%, Латвіяй – на 34%.

 

Апытаньне наведнікаў кансулятаў наконт якасьці абслугоўваньня,  даступнасьці і самой працэдуры атрыманьня віз паказала, што людзей хвалюе ня столькі высокі кошт віз (нагадаем, для грамадзянаў Беларусі гэта 60 эўра, у той час, як для ўкраінцаў і расейцаў шэнгенскія візы абыходзяцца ў 35 эўра), колькі адносіны супрацоўнікаў: адсутнасьць увагі, абыякавасьць з боку пэрсаналу, працяглыя тэрміны самой працэдуры, бюракратыя. Прычым, краіны – даўнія сябры Эўразьвязу – у цэлым палепшылі якасьць паслугаў, а ў амбасадах новых сяброў ЭС наведнікі сутыкаюцца зь цяжкасьцямі і праблемамі. Да прыкладу, у амбасадах Чэхіі, Польшчы тэрміны атрыманьня віз істотна павялічыліся.

 

Агульны даклад пра кантэкст, актуальную сытуацыю і пэрспэктывы трансфармацыі візавай палітыкі Эўразьвязу ў межах Усходняга партнэрства зрабіла Кацярына Глод, намесьніца выканаўчага дырэктара BISS (Беларускага цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў, Літва). Яна адзначыла, што Усходняе партнэрства ў аддаленай пэрспэктыве можа прывесьці да бязвізавага рэжыму. Зараз можна гаварыць толькі пра падпісаньне пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму і зьніжэньне кошту візаў. Паколькі Беларусь зацікаўленая ў памяншэньні цэн на візы, гэты аргумэнт можа быць выкарыстаны Эўразьвязам для аказаньня ціску на Беларусь для выкананьня канкрэтных умоваў па дэмакратызацыі краіны. 

 

«Мадэлі лібэралізацыі візавага рэжыму і пэрспэктывы ўкараненьня іх у Рэспубліцы Беларусь» -- такая тэма дакладу экспэрта Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, палітоляга Андрэя Ягорава. У межах Усходняга партнэрства прапаноўваецца некалькі стадый лібэралізацыі візавага рэжыму. Па-першае, гэта падпісаньне пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму (VFA) і рэадмісіі. Далей ідзе увядзеньне новых спрашчэньняў, да прыкладу, адмены візавага збору для усіх грамадзянаў. Наступным крокам можа быць пашырэньне зоны дзеяньня консульскіх аддзелаў -- магчыма, шляхам стварэньня адзіных цэнтраў разгляду заяваў на атрыманьне візаў. Бо паляпшэньне візавага рэжыму – гэта ня толькі пытаньне кошту візаў, але і пытаньне стаўленьня да людзей, інфармаваньне і кансультаваньне іх. І паляпшэньне візавага рэжыму можа быць пачата без дасягненьня нейкіх высокіх дамоўленасьцяў, праз стварэньне, да прыкладу, адзінага візавага цэнтру на Беларусі, эўрапейскага цэнтру інфармаваньня па візавых пытаньнях.

 

На думку Леаніда Каліцені (“Цэнтар сацыяльных інавацыяў”), многае залежыць ад саміх беларусаў – ад арганізацый грамадзянскай супольнасьці, ад МЗС Беларусі, ад зацікаўленых прадстаўнікоў бізнэс-структур, турбізнэсу. Шляхам сумесных дзеяньняў можна паказаць Эўразьвязу, наколькі Беларусь зацікаўленая ў вырашэньні гэтай праблемы. А да той пары, пакуль беларускія удзельнікі, як кажуць, “хто ў лес, хто па дровы”, раздробленыя спробы асобных эўрадэпутатаў палепшыць сытуацыю не дасягаюць мэты.  Эўразьвяз вельмі  востра рэагуе на салідарныя дзеяньні, а паколькі зь беларускага боку іх няма, яны і не сьпяшаюцца штосьці мяняць. 

 

Кансорцыюм “Эўрабеларусь” і надалей плянуе публічнае абмеркаваньне пытаньняў і праблем, зьвязаных з прасоўваньнем Беларусі ў Эўропу, ладзіць дыскусіі, канфэрэнцыі, круглыя сталы.

 

Людміла Корсак

[email protected]


 

Видео