BE RU EN
rss facebook twitter

Улады прымушваюць каталіцкіх сьвятароў зьехаць зь Беларусі

17.12.2008
Улады прымушваюць каталіцкіх сьвятароў зьехаць зь Беларусі
Трое каталіцкіх сьвятароў, грамадзянаў Польшчы, будуць змушаныя выехаць зь Беларусі, паколькі яны не атрымалі дазволу на працяг рэлігійнай дзейнасьці на тэрыторыі краіны на наступны год.

Гэта ксяндзы Ян Сканечны з Поразава, Анджэй Краўчык са Слоніма ды Ян Браноўскі з вёскі Галынка Гарадзенскай вобласьці. Усе яны павінны пакінуць Беларусь да канца году. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі сьвятары, якія маюць іншае, чым беларускае, грамадзянства, не атрымліваюць дазволу на працяг рэлігійнай дзейнасьці ў Беларусі. Такія справы пераважна няма сэнсу абскарджваць, бо нават калі падаваць скаргу, яна будзе адхілена дзяржаўнымі ворганамі. Таму цяжка дапамагчы ксяндзам астацца ў Беларусі, хаця многія зь іх шмат гадоў пражываюць у краіне, служаць людзям, якія жадаюць маліцца па-польску – адзначае Марыя Савушкіна з Хрысьціянскага праваабрончага дому.

М. Савушкіна: Учора я размаўляла з юрыстамі на гэты конт. На жаль, у такіх сытуацыях, калі не працягваюць дазволу на прабываньне, рашэньне дэпартамэнту па міграцыі не абмяркоўваецца. Гэта ўжо ня першы раз, былі некалькі выпадкаў, што тычыліся й каталіцкіх сьвятароў, і пратэстанцкіх. Такое рашэньне можна абскардзіць, але скаргі вынікаў не даюць. Сьвятарам прыйдзецца зьехаць, што вельмі прыкра, бо Беларусь патрабуе сьвятароў. Гэта слабое месца каталіцкага касьцёла, што большасьць сьвятароў - грамадзяне Польшчы.

На маю думку, сьвятары наадварот павінны прыяжджаць у Беларусь, несьці слова божае. Такія людзі добразычлівыя, зь вялікай павагай да нас ставяцца, яны прыехалі, каб служыць людзям. У іх свае прыходы, свае прыхаджане, якія пасябравалі са сваім сьвятаром.

Палітыка беларускай дзяржавы імкнецца да таго, каб у Беларусі не было замежных сьвятароў. Пра гэта ўлады гавораць адкрыта, але пакуль што не рашаюцца выдаляць усіх замежнікаў адразу, баяцца пратэстаў вернікаў. Прычына выдаленьня духоўных афіцыйна не падаецца, але, як заявіла Марына Цьвілік, кіраўнік адзьдзелу па справах рэлігій апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, адмова працягнуць дазвол на дзейнасьць матываваная тым, што ксяндзы не валодаюць дзяржаўнымі мовамі краіны.

Намесьнік старшыні камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека адзначае, што выдаленьне ксяндзоў – гэта толькі асобны выпадак, а не антыпольская кампанія.

У. Ламека: У нас такая палітыка, каб з цягам часу павялічыць працэнт сваіх уласных выхаванцаў. Гэта не значыць, што тут нейкая антыпольская кампанія. Нас задавальняюць тыя ксяндзы, якія працуюць, яны добры прыклад падаюць і нашым ксяндзам. Калі ёсьць асобныя выпадкі, то гэта зьвязана з тым, за што ім ня хочуць працягваць дзейнасьць. Ня ведаюць дзяржаўных моваў, то як могуць працаваць на ніве духоўнасьці. А калі б у вас, у Польшчы, хтосьці не валодаў польскай мовай і набажэнствы вёў?

У нас, згодна з законам, такое правіла - у месцах кампактнага пражываньня палякаў, па просьбах вернікаў, ідуць набажэнствы на польскай мове, але ж набажэнствы трэба й па-беларуску весьці, і па-руску, можа, хто хоча.

У нас на сёньня амаль палова ўсіх ксяндзоў - замежныя грамадзяне, ні ў адной краіне хіба ня знойдзеш такога высокага працэнту замежных сьвятароў, як у нас. Асабліва ў рымска-каталіцкім касьцёле. У іншых - адзін-два, а тут 50%.

Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, неўзабаве яшчэ шэраг замежных рымска-каталіцкіх духоўных могуць не атрымаць дазволу на працяг рэлігійнай дзейнасьці.

Закон, які рэгулюе ў краіне рэлігійную дзейнасьць, зьяўляецца рэпрэсіўным, дзяржава не павінна дыктаваць рэлігійнай арганізацыі правілаў дзейнасьці, а вернікі й ерархы павінны актыўна пратэставаць, чаго, на жаль, не адбываецца – заўважае сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.

Д. Садоўскі: Закон, які ў нас у Беларусі дзейнічае адносна рэлігійнай дзейнасьці, свабоды сумленьня, не дае ні свабоды, ні сумленьня. Гэта працяг справы. Тыя 50 тыс. подпісаў, якія былі сабраныя раней (за зьмену закону – заўвага рэдакцыі), былі ўладамі, на жаль, адкінутыя. Трэба працягваць змагацца, маліцца за гэта. Калі мы будзем маўчаць, усё будзе працягвацца.

Гэта пытаньне да вернікаў, якія маўчаць, і рэлігійнай ерархіі - епіскапаў, ксяндзоў, тых людзей, якія маюць уладу і могуць на гэты конт нешта сказаць. Самы красамоўны прыклад - царква "Новае жыцьцё", гэта не каталіцкая царква, але вернікам удалося адстаяць будынак, які ўлады хацелі адабраць. Пытаньне, ці мы будзем адстойваць, ці будзем маўчаць, і людзей будуць высылаць адзін за адным далей. Гэта беззаконьне. Калі чалавек не з нашай краіны, на яго цяжка аказваць уплыў, прасьцей выслаць.

У Беларусі каля 16% жыхароў зьяўляюцца католікамі. Для іх працуе 400 ксяндзоў, амаль палова зь якіх – іншаземцы, у тым ліку звыш 90 чалавек – грамадзяне Польшчы.

Спасылка 

Видео