BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Эканамічная інтэграцыя і збліжэньне з палітычнымі курсамі Эўразьвязу

19.06.2009
Эканамічная інтэграцыя і збліжэньне з палітычнымі курсамі Эўразьвязу

Ініцыятыва Эўразьвязу «Усходняе партнэрства», першапачаткова прапанаваная ў 2008 годзе Польшчай і Швэцыяй, прызнаецца за галоўны інструмэнт Эўразьвязу, каб пашыраць свой палітычны і эканамічны ўплыў на прастору былога Савецкага Саюзу. Больш шчыльнае ўзаемадзеяньне дае магчымасьці забясьпечыць стабільнасьць у эўрапейскім рэгіёне, пашырыць зону бясьпекі і дабрабыту, а таксама гарантаваць эканамічную і энэргетычную бясьпеку як Эўразьвязу, гэтак і дзяржаваў-партнэраў.

У Беларусі добрыя эўрапэрспэктывы

На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Вугоршчыны ў Беларусі Фэрэнца Контра, “у апошнія гады Беларусь вельмі шмат страціла з-за сваёй палітыкі самаізаляцыі. Пакуль Расея, Украіна ды іншыя краіны актывізавалі, перш за ўсё, эканамічныя сувязі з Эўропай, Беларусь адставала. Таму “Усходняе партнэрства” – гістарычная магчымасьць для Беларусі падцягнуцца, прычым за кароткі тэрмін”.

 

Па меркаваньні дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў Віталя Сіліцкага, для Беларусі “прынцыпова, каб “Усходняе партнэрства” стала той інстытуцыйнай рамкай, асновай, якая аблегчыць прыцягненьне інвэстыцыяў і пашырэньне гандлю з Эўразьвязам”.

 

Паводле меркаваньня расейскага палітоляга, галоўнага рэдактара часопіса «Россия в глобальной политике” Фёдара Лук’янава (а Расея, падкрэсьлім, не ўваходзіць у праграму “Усходняга партнэрства”—туды ўвайшлі разам зь Беларусьсю Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Украіна і Малдова), у Беларусі вельмі добрыя эўрапэрспэктывы, гэта найбольш выгодны і зручны партнэр для Эўразьвязу: «Парадокс заключаецца ў тым, што калі і ёсьць на тэрыторыі былога СССР дзяржава, што ідэальна пасуе для інтэграцыі ў заходнія структуры, найперш у ЭЗ, то гэта Беларусь. Кампактная монаэтнічная краіна эўрапейскага памеру і культуры з адукаваным насельніцтвам, затое без алігархаў і шлейфу прыватызацыі».

 

У эканоміцы курс – на заходні вэктар

 

Зараз аб’ём ўсіх бягучых праектаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам (ня ўлічваючы праграмы рэгіянальнай падтрымкі і трансгранічнай дапамогі), складае каля 40 мільёнаў эўра. Пра гэта на круглым стале “Усходняе партнэрства Эўразьвязу: пэрспэктыва для Беларусі” паведаміў часовы павераны ў справах Эўрапейскай камісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфэль. Кажучы , у прыватнасьці, аб гандлёвым супрацоўніцтве, спадар Хольцапфэль заўважыў, што адзіная дзейсная сёньня дамова паміж Беларусьсю і Эўразьвязам – гэта састарэлае Пагадненьне аб гандлі тэкстыльнымі вырабамі 1993 году, дадаўшы, што пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Эўразьвязам  было замарожана ў 1995 годзе. А праграма “Усходняга партнэрства” прадастаўляе Беларусі значна большыя магчымасьці для эканамічнага росту.

 

Для Беларусі збліжэньне  з краінамі Эўразьвязу апошнім часам набыло надзвычай важнае значэньне. У сьвятле ўсясьветнага эканамічнага крызісу, а таксама пасьля нядаўняга абвастрэньня адносінаў з Расеяй (так званыя “малочныя войны”, газавыя праблемы, страты рынкаў збыту беларускай прадукцыі на Ўсходзе) “заходні вэктар” у эканоміцы, дывэрсыфікацыя набывае надзвычай важнае значэньне. Толькі адзін прыклад: адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі  перавысіла з пачатку 2009 году 2 мільярды даляраў, павялічыўшыся за красавік на 44,6%. Паводле меркаваньня эканамістаў, экспэртаў, вырашыць праблему можна толькі адным шляхам: збалянсаваўшы зьнешні гандаль.

 

Эўропа для Беларусі – гіганцкі рынак збыту

 

Эўрапейскі Зьвяз ставіць перад сабой доўгатэрміновую задачу: стымуляваць стварэньне паміж краінамі сеткі паглыбленых зон вольнага гандлю. У пэрспэктыве магчымае і стварэньне “Эканамічнай супольнасьці краінаў-суседзяў ЭЗ”.

 

У Беларусі перавытворчасьць прадуктаў харчаваньня, якія пасьля перапрацоўкі можна накіраваць на эўрапейскія рынкі. На думку і афіцыйнага Менску, і Брусэлю, удзел Беларусі ў праграме "Усходняе партнэрства" будзе спрыяць менавіта эканамічнай інтэграцыі, энэргетычнай бясьпецы, палітычнаму збліжэньню краіны з дзяржавамі Эўразьвязу.

 

Беларусь павінна рэзка павялічыць аб’ём экспарту ў краіны Эўразьвязу. Аб’яднаная Эўропа – гэта вялізная супольнасьць з амаль 500-мільённым насельніцтвам і неабсяжны рынак. На думку першага віцэ-прэм’ера ўраду Беларусі Ўладзімера Сямашкі, “Беларусь павінна думаць пра тое, як прадаць туды больш і больш, каб магчымасьці гандляваць пашыраліся ажно да зоны вольнага гандлю. Акрамя таго, мы зацікаўленыя, каб як мінімум Беларусь вярнулі ў Агульную сыстэму прэфэрэнцыяў, і каб да 2010 года ўсе эканамічныя санкцыі былі зьнятыя”.

 

Чакаем інвэстыцыяў...

 

За апошнія сем гадоў, паводле віцэ-прэм’ера Уладзімера Сямашкі, сярэднегадавы тэмп росту валавога ўнутранага прадукту быў 9,5%, а тэмпы росту інвэстыцыяў у асноўны капітал -- 20 - 30%. Пакуль краіна разьвівалася за кошт сваіх сродкаў – інавацыйных фондаў і беларускай банкаўскай сыстэмы. Але ўсе папярэднія дасягненьні былі на абсталяваньні і тэхналёгіях мінулых гадоў, якія ўжо маральна і фізычна састарэлі. “Усходняе партнэрства” можа дапамагчы беларускай прамысловасьці, сельскай гаспадарцы мадэрнізавацца, пераўзброіць эканоміку.

 

Беларусі вельмі патрэбныя інвэстыцыі, сучасныя новыя замежныя і сумесныя прадпрыемствы. Новыя прадпрыемствы – гэта новыя працоўныя месцы, рост бюджэту, ВУП. У лістападзе мінулага году ўрадавая дэлегацыя Беларусі ўзяла ўдзел у Лёнданскім інвэстыцыйным форуме. Паводле інфармацыі намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Еўдачэнкі, з прыцягнутых у 2008 годзе замежных інвэстыцыяў доля Эўразьвязу – 2,8 мільярда даляраў (з 6,5 мільярда даляраў ад агульнага аб’ёму замежных рэсурсаў).

 

У першым квартале 2009 года для фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў уцягнута замежных інвэстыцыяў на 400,3 мільёна даляраў. Паводле дадзеных дзяржаўных органаў Беларусі, па стану на 1 траўня 2009 года за кошт замежных інвэстыцыяў фінансавалася 55 інвэстыцыйных праектаў (у тым ліку, арганізацыя вытворчасьці ліставога шкла на ААТ “Гомельшкло”, аднаўленьне парку самалётаў НАК “Белавія”, рэканструкцыя Менскай ЦЭЦ-5).

 

Беларусь – мост паміж Ўсходам і Захадам

 

Беларусь часьцяком ганарыцца, хваліцца сваім транзытным статусам, але пакуль мала робіць, каб ён рэалізаваўся напоўніцу. І сёньня паўстае пытаньне ня толькі пра транзыт нафты і газу ў Эўропу, але і пра транзыт з Расеі альбо зь Беларусі электраэнэргіі, пытаньне ад павелічэньні транзыту газу (“Ямал – Эўропа-2”). Да таго ж, трэба разьвіваць аўтамабільныя транзытныя магістралі. Украіна прапануе разьвіць аўтамабільны калідор Поўдзень – Поўнач, злучыць краіны Чарноморскага і Балтыйскага басэйнаў. Гэта выгодна для ўсіх.

 

Такім чынам, праграма "Усходняе партнёрства" прадугледжвае не толькі прамыя і ўскосныя эканамічныя дывідэнды, але і падтрымку сацыяльнай сфэры. І ўсё гэта павінна быць накіравана перш за ўсё на карысьць беларускага народа.

 

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Менска ёсьць сур’ёзны і прагматычны разьлік: канкрэтныя праекты па будаўніцтву дарог і трубаправодаў, інфраструктурныя праекты, лібэралізацыя гандлю і стварэньне зоны вольнага гандлю, разьвіцьцё транспартнага калідору, пад які можна чакаць 1 мільярд эўра інвэстыцый: “Людзям патрэбна практычная аддача ад гэтага праекта”.

 

Людміла Корсак

[email protected] 

 


Видео