BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Вяртаючыся да вiзiту мiнiстра замежных спраў Чэхii ў Беларусь

21.04.2009
Вяртаючыся да вiзiту мiнiстра замежных спраў Чэхii ў Беларусь
У пятнiцу, калi Карэл Шварцэнберг ужо правёў усе запланаваныя сустрэчы, акрамя адной — з кiраўнiком Беларускага касцёла арцыбiскупам Тадэвушам Кандрусевiчам, i калi ўжо стала вядома, што чэшскi мiнiстр прывёз запрашэнне для Аляксандра Лукашэнкi на майскi самiт “Усходняга партнёрства” ў Прагу, еўрачыноўнiк сустрэўся з журналiстамi. На прэс-канферэнцыю былi запрошаны толькi незалежныя беларускiя СМI, у тым лiку i “Народная Воля”. Магчыма, такi выбар быў невыпадковы. Але на пытаннi журналiстам было адведзена толькi 15 хвiлiн. Адказваў на iх Карэл Шварцэнберг як сапраўдны дыпламат.

— Спадар мiнiстр, удакладнiце, калi ласка, вы перадалi запрашэнне асабiста Аляксандру Лукашэнку наведаць самiт 7 мая цi гэта запрашэнне краiне Беларусь?

— Я перадаў запрашэнне прэм’ер-мiнiстра Чэхii кiраўнiку беларускай дзяржавы. Што было ў канверце, я не чытаў. Я нiколi не чытаю лiсты, якiя перадаю.

— Але, магчыма, вы здагадваецеся, што ўтрымлiваецца ў дадзенай карэспандэнцыi?

— Мяркую, што гэта было запрашэнне Аляксандру Лукашэнку. Але чужыя лiсты я не адкрываю.

— Як вы лiчыце, цi трэба Аляксандру Лукашэнку ехаць у Прагу?

— Паколькi па Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь прэзiдэнт — кiраўнiк дзяржавы, гэта будзе яго рашэнне, хто прадставiць Беларусь на самiце. Я не маю права даваць парады беларускаму прэзiдэнту, якое прыняць рашэнне ў данай сiтуацыi.

— Наколькi вядома, было шмат пратэстаў з боку праваабарончых арганiзацый супраць запрашэння Аляксандра Лукашэнкi на самiт. Прадстаўнiкi апазiцыi гаварылi аб тым, што гэтае запрашэнне будзе капiтуляцыяй Еўропы перад беларускiм рэжымам, здрадай еўрапейскiм каштоўнасцям...

— Я вельмi паважаю погляды палiтычных апазiцыйных партый, я выслухаў iх меркаванне. Але сёння сiтуацыя iншая, чым 25 гадоў таму, калi я як прадстаўнiк Хельсiнкскага камiтэта па палiтычных пытаннях перадаваў погляды расiйскай апазiцыi. У даны момант я — прадстаўнiк чэшскай дзяржавы, мiнiстр Чэхii, прадстаўляю Еўрасаюз, i мая задача выказваць пункт гледжання Еўрапейскага Саюза.

— Спадар мiнiстр, калi вы сустракалiся з Аляксандрам Лукашэнкам, ён выказаўся за дыялог без пасрэднiкаў. Мяркуючы па ўсiм, спадар Лукашэнка меў на ўвазе беларускую апазiцыю. Вы можаце сцвярджаць, што Еўрасаюз гатовы весцi дыялог з Беларуссю без удзелу апазiцыi?

— Еўрапейскi Саюз мае права выбiраць, з кiм размаўляць, i размаўляе з абодвума бакамi. Не праз пасрэднiцтва апазiцыi, а на роўных з дзяржаўнымi i апазiцыйнымi структурамi..

— Беларуская апазiцыя негатыўна ставiцца да актывiзацыi адносiн памiж Еўрасаюзам i Беларуссю. Вы можаце зразумець такую пазiцыю? Няўжо кагосьцi можа радаваць гэты факт?

— Безумоўна, я вельмi часта меў зносiны з прадстаўнiкамi Беларусi. Але Еўрапейскi Саюз размаўляе з дзяржавай i працягвае весцi дыялог з дзяржавай. Як прыватная асоба я сустракаюся з прадстаўнiкамi апазiцыi, як прадстаўнiк дзяржавы — з афіцыйнымі асобамi Рэспублiкi Беларусь. Дзяржава павiнна размаўляць з дзяржавай. Як мiнiстр Еўрасаюза я маю зносiны з дзяржавай, як асоба — з прадстаўнiкамi апазiцыi.

— Вы адзначылi, што падчас перамоў з мiнiстрам замежных спраў Беларусi Сяргеем Мартынавым разглядалiся пытаннi, якiя тычацца праграмы “Усходняга партнёрства” i далейшай яе рэалiзацыi, а таксама абмяркоўвалi, якiм чынам будуць развiвацца адносiны Еўрасаюза i Беларусi надалей. Тыя пяць умоў, якiя Еўракамiсiя паставiла перад Беларуссю, маюць сiлу цi ўжо не?

— Безумоўна, гэтыя ўмовы дзенiчаюць, i мы павiнны працаваць над тым, каб яны выконвалiся.

РЭАКЦЫЯ

«Крывадушнасць здзiўляе больш за ўсё»

Вiзiт Карэла Шварцэнберга ў Мiнск, галоўным вынiкам якога стала запрашэнне Аляксандра Лукашэнкi на майскi самiт у Прагу, каменцiруе экс-кандыдат у прэзiдэнты Аляксандр Казулiн:

— Мяне здзiўляе, як так атрымалася, што ранiцай падчас сустрэчы з дэмакратычнымi сiламi Карэл Шварцэнберг казаў, што рашэнне пра запрашэнне ў Прагу беларускага кiраўнiка яшчэ не прынятае, а праз некалькi гадзiн асабiста запрашае Лукашэнку на самiт, — заявiў Аляксандр Казулін у iнтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыi’97. — Калi я сустракаўся з Карэлам Шварцэнбергам у Празе, ён быў настроены больш канструктыўна. Тады ён казаў, што дыялог павiнен весцiся на маральных прынцыпах. Крывадушнасць здзiўляе больш за ўсё. Здаецца, еўрапейскiя палiтыкi вучацца гэтаму ў беларускiх уладаў. ...

Падчас сустрэчы я распавёў Шварцэнбергу пра разгон мiрнай акцыi 16 красавiка ў Дзень салiдарнасцi ў Мiнску, пра затрыманнi на мяжы, пра палiтвязняў, якiя сядзяць у беларускiх турмах. Я сказаў, што ў Беларусi анiводны чалавек сёння не можа сказаць, што ў нашай краiне адбываюцца значныя змены. I таму запрашэнне Лукашэнкi ў Прагу будзе амаральным. Мы казалi, што з Беларуссю павiнен весцiся дыялог. Але пыталiся, цi магчыма весцi дыялог без умоў? Карэл Шварцэнберг ухiляўся ад прамога адказу. Было дзiўна, што чалавек, якi сам 20 гадоў змагаўся за правы чалавека, прапускаў нашы тэзы мiма вушэй. Ён спрабаваў пазбегнуць вострых тэм, якiя мы ўзнiмалi. ...

Да 7 мая яшчэ ёсць час. Я не думаю, што Лукашэнку будзе прыемна прыехаць у Прагу. Таму што мы ведаем пазiцыю шматлiкiх еўрапейскiх краiн датычна рэжыму беларускага кiраўнiка. Напрыклад, пазiцыю той самай Галандыi. Сам факт запрашэння Лукашэнкi ў Прагу кажа пра тое, што ёсць сур’ёзныя адыходжаннi Еўрасаюза ад фундаментальных маральных каштоўнасцяў, на якiя абапiраецца Еўропа. Але ўсё адно Лукашэнку будзе вельмi складана паехаць у Прагу. З боку чэшскай грамадскасцi могуць быць дэманстрацыi пратэсту, а некаторыя кiраўнiкi еўрапейскiх дзяржаў могуць выказаць яму ў твар свае прэтэнзii. ...

Да ведама

Праграма “Усходняе партнёрства” — новы фармат супрацоўнiцтва Еўрасаюза з некаторымi былымi краiнамi СНД. Спачатку ў праграму былi ўключаны пяць былых рэспублiк — Азербайджан, Арменiя, Грузiя, Малдова i Украіна. Беларусь засталася ў дужках. Еўрасаюз сфармуляваў умовы, якiя павiнна выканаць Беларусь, каб стаць паўнапраўным удзельнiкам праграмы. Умовы тычылiся дэмакратызацыi Беларусi. 20 сакавiка на самiце ЕС Беларусь была ўключана ў праект “Усходняга партнёрства”.

Праграма прапануе “глыбейшую iнтэграцыю” Еўрасаюза з краiнамi-удзельнiцамi праграмы. Прадугледжваецца эканамiчнае супрацоўнiцтва, стварэнне агульнай эканамiчнай зоны i зоны свабоднага бяспошлiннага гандлю, лiбералiзацыя вiзавага рэжыму i iншыя праекты. На гэтыя мэты Еўрасаюз плануе выдзяляць штогод 450 млн еўра, к 2013 году выдаткi могуць вырасцi да 785 млн еўра.

Спасылка

 

Видео