BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"Беларусь у Эўропу!"

31.03.2009
"Беларусь у Эўропу!"
Гішпанскі міністар замежных справаў, які наведаў зь візытам Беларусь, даў шмат надзеяў. Прагучала нават абяцаньне, што падчас старшынства Гішпаніі ў Эўразьвязе будуць цалкам нармалізаваныя адносіны паміж Беларусьсю ды Эўропай.

Міністар замежных справаў Гішпаніі Мігель Марацінас пасьля сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым заявіў, што зацікаўлены ў тым, каб была падпісаная першая базавая дамова паміж Беларусьсю ды Эўразьвязам, якая вызначыць адносіны бакоў.

«Каб гэта адбылося, мы павінныя цалкам скончыць з санкцыямі, якія зьяўляюцца мэханізмамі ўчорашняга дня”, — сказаў Мігель Марацінас.

Таксама зь ягоных вуснаў прагучала спадзяваньне, што ў будучым Беларусь павінная стаць паўнавартасным чальцом Рады Эўропы. Гішпанія цяпер зьяўляецца старшёю ў Радзе Эўропы.

«Я выкарыстаў гэты візыт, каб яшчэ раз заявіць аб нашай падтрымцы зьбліжэньня Беларусі й Рады Эўропы”, — заявіў гішпанскі дыплямат.

Ігар Лялькоў: Візыт гішпанскага міністра замежных справаў у Беларусь і тыя заявы, якія робіць міністар МЗС краіны, што з 2010 году будзе старшыняваць у Эўразьвязе, даюць нашмат больш для лукашэнкаўскай прапаганды, чым запрашэньне Лукашэнкі на саміт у Прагу. Тут наўпрост гаворыцца пра тое, што Гішпанія як старшыня Эўразьвязу будзе імкнуцца да адмены любых санкцыяў, да вяртаньня Беларусі ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы і г.д.

Аляксандар Класкоўскі: Усе гэтыя прыезды напоўніцу выкарыстоўваюцца беларускімі афіцыйнымі мэдыямі. Гэтак было й калі прыязджаў сп. Салана. Ён публічна дэманстраваў, што аніякіх жорсткіх умоў Эўропа не выстаўляе Беларарусі. І калі эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр пачала казаць пра ўмовы, дык Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўваў як аргумэнт: “Мы ж самім Саланам дамовіліся!” Цяперашні візыт гішпанскага міністра даў яшчэ больш падставаў для размоваў. Лейтматыў беларускай прапаганды цяпер такі: Эўропа шмат гадоў жорстка памылялася, нарэшце прызнала памылкі, пасыпала галаву попелам, стараецца загладзіць віну, запрашае кругом...

“Менавіта цяпер эўразьвязаўскія палітыкі памыляюцца”, -- лічыць чалец партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч: Ці яны павінныя сказаць, што іх сябрам зьяўляецца апошні дыктатар Эўропы і яны падзяляюць ягоную пазыцыю. Або яны павінныя прывесьці доказы таго, што гэты апошні дыктатар ужо паводзіць сябе як дэмакрат.

Аляксандар Класкоўскі: Канешне гэта крыўдна для апазыцыі. Але патрэбны рацыянальны падыход да беларускай пэрспэктывы. Ангажаваньне Беларусі ва Ўсходняе Партнэрства, нават у цяперашнім недэмакратычным стане, гістарычная падзея. Гэта дае шанец для вяртаньня Беларусі ў эўрапейскі кантэкст. Бо ідзе тузаніна за Беларусь паміж Масквой ды Эўропай. А які варыянт гістарычнага шляху для нас лепшы, тут для сьвядомых беларусаў варыянтаў няма.

Мігель Марацінас выказаў упэўненасьць, што ягоны візыт у Беларусь дасьць добры імпульс развіцьцю двухбаковых адносінаў ва ўсіх галінах. Напрыклад, дасягнутая дамоўленасьць, што ў бліжэйшы час будзе арганізаваны візыт прадпрымальніцкіх колаў Беларусі ў Гішпанію.

Аляксандар Лукашэнка са свайго боку пацьвердзіў намер Беларусі будаваць цесныя ўзаемаадносіны з Эўразьязам.

Ганна Гарачка

Спасылка

Видео