BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Лятучы галандзец” наблізіўся да Беларусі!

29.03.2009
“Лятучы галандзец” наблізіўся да Беларусі!

27 сакавіка 2009 года чарговая прэзентацыя з мэтай прасоўвання Беларусі ў якасці краіны для наладжвання партнёрскіх стасункаў адбылася ў Гаазе (Галандыя). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дэлегацыя Еўрапейскай Камісіі ва Украіне і Беларусі, галандская The SEED Foundation і Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў, у прыватнасці праграма Matra.

Сустрэча была на дзіва шматлікай, удзел у ёй брала больш за 60 прадстаўнікоў разнастайных грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Нідэрландаў, а таксама шэраг офіцыйных асоб з Міністэрства замежных спраў і амбасады Нідэрландаў у Варшаве, дзе на Праграму Matra могуць заяўляцца беларускія НДА.

Беларускі бок на сустрэчы быў прадстаўлены шэрагам эскпертаў. Падчас свайго выступу вядомы філосаф і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч, адзначыў неабходнасць разглядаць беларускія арганізацыі як роўных і поўнапраўных партнёраў у супрацоўніцтве, а таксама канцэнтраваць сваю ўвагу на тым, якія доўгатэрміновыя вынікі мае такое супрацоўніцтва. “Дабрачыннасць – добры матыў для супрацоўніцтва, але беларускім партнёрам патрэбна не толькі гэта, але і асэнсаваная сумесная рэалізацыя агульных мэтаў, якія робяць нашу краіну больш дэмакратычнай і еўрапейскай” – адзначыў эксперт.

Эксперт мерапрыемстваў па падтрымцы беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва недзяржаўных і арганізацый і мясцовых органаў улады
Таццяна Пашэвалава ў сваім выступе сканцэнтравала ўвагу ўдзельнікаў на праблемнасці і неадназначнасці сучаснай беларускай сітуацыі і патэнцыйных магчымасцях прадуктыўнага супрацоўніцтва як па лініі галандскай праграмы Matra,  так і ў межах разнастайных еўрапейскіх праграм, у тым ліку NSA-LA.

Беларускі эксперт галандскай кампаніі Nehem Вольга Балахніна, якая разам з іншымі галандскімі экспертамі дзялілася сваім досведам падчас адмысловай панэльнай дыскусіі на сустрэчы, падкрэсліла неабходнасць падрабязнага абмеркавання партнёрамі сваіх чаканняў, умоў і планаў па супрацоўніцтве ўжо на самых першых кроках усталявання партнёрства. Толькі такім чынам можна зняць непаразуменне, магчымыя прэтэнзіі і пазбавіцца магчымага расчаравання ад сумеснай дзейнасці.

Эксперты і арганізатары сустрэчы былі прыемна ўражаны высокім узроўнем галандскіх грамадскіх арганізацый, якія супрацоўнічаюць з беларускімі партнёрамі. Кіраўнік каманды экспертаў
Лінэ Петэрсэн адзначыла: “Мяне вельмі задаволіла і нават трошкі здзівіла, што значная колькасць галандскіх грамадскіх арганізацый і іншых ініцыятыў, што супрацоўнічаюць з Беларуссю, вельмі добра разумее сучасныя праблемы беларускага грамадства, а таксама ўважліва ставіцца да патрэбаў і чаканняў мясцовых беларускіх партнёраў”. Такая сітуацыя дазваляе спадзявацца, што ў бліжэйшым часе колькасць і эфектыўнасць сумесных беларуска-галандскіх праектах яшчэ больш узрасце.

Варта асабліва адзначыць задаволенасць удзельнікаў самім фактам сустрэчы, а таксама высокім узроўнем прадстаўніцтва і абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва. Гэта дае надзею, што ў будучым супрацоўнікі праграмы Matra будуць значна больш зацікаўлены ў рэгулярнасці такіх сустрэч, непасрэднай і жывой камунікацыі з беларускімі экспертамі, а таксама большай каардынацыі сваёй дзейнасці з іншымі еўрапейскімі праграмамі, якія маюць сваім фокусам падтрымку развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Улад Вялічка
[email protected]

Фота: Albert Wijaya (Nehem Intl)

Видео