BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рада Эўразьвязу падоўжыла на год візавыя і фінансавыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва.

17.03.2009
Рада Эўразьвязу падоўжыла на год візавыя і фінансавыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва.
Адначасова візавыя санкцыі супраць А.Лукашэнкі і 35 чыноўнікаў зноў былі замарожаныя, гэтым разам на 9 месяцаў.

Санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва былі ўведзеныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і прадугледжвалі забарону выдачы эўрапейскіх візаў А. Лукашэнку і яшчэ 40 чыноўнікам зь ягонага атачэньня, а таксама замарожваньне іхных рахункаў і іншай маёмасьці на тэрыторыі Эўразьвязу. Увесну ў 2007 і 2008 гадах гэтыя санкцыі падаўжаліся. Мінулай восеньню візавыя забароны адносна А. Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў былі замарожаныя на 6 месяцаў.

Сёньня міністры замежных спраў краін Эўразьвязу чарговы раз вырашылі прадоўжыць на год дзеяньне санкцыяў, але адначасова ўхвалілі рашэньне замарозіць выкарыстаньне візавых санкцыяў супраць А. Лукашэнкі і 35 высокіх беларускіх чыноўнікаў на 9 месяцаў, каб заахвоціць іх да дэмакратычных рэформаў і сувязяў з Эўропай.

Санкцыі супраць Віктара Шэймана, Уладзімера Навумава, Дзьмітрыя Паўлічэнкі і Юрыя Сівакова, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьняў апанэнтаў беларускага рэжыму, а таксама супраць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай прыпыненыя не былі.

Адначасова была выказаная занепакоенасьць недахопам дэмакратыі і павагі да правоў чалавека ў Беларусі. Рашэньне мае быць зацьверджана 19—20 сакавіка на саміце кіраўнікоў краін Эўразьвязу.

Цягам 12 гадоў мы выкарыстоўвалі палітыку санкцыяў, і мы бачым, куды яна нас прывяла:
нікуды
Пры абмеркаваньні беларускага пытаньня міністар замежных спраў Фінляндыі Аляксандар Стуб сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі па дзесяцібальнай шкале ацаніў на 2—3 балы, але выказаў меркаваньне, што рух у слушным кірунку ёсьць.

“Цягам 12 гадоў мы выкарыстоўвалі палітыку санкцыяў, і мы бачым, куды яна нас прывяла: нікуды. Цяпер цягам году мы спрабуем быць крыху больш адкрытымі, і мы бачым некаторыя паляпшэньні, але ўсё роўна яшчэ не дасягнулі мэты”, — зазначыў Аляксандар Стуб.

Паводле ягонага брытанскага калегі Дэвіда Мілібэнда, “Эўразьвяз паспрабуе стварыць курс, які падтрымае рэформы ў Беларусі, не ігнаруючыя тыя складанасьці, якія застаюцца”. Альтэрнатывай можа быць узмацненьне ціску з боку Расеі, прызнаў эстонскі міністар Урмас Паэт.

Менскі палітоляг Алесь Лагвінец мяркуе, што сёньняшняе рашэньне — пазытыўнае для беларускага кіраўніцтва.

Ня так і шмат крокаў было зроблена беларускім кіраўніцтвам
наперад
“Ня так і шмат крокаў было зроблена беларускім кіраўніцтвам наперад, у напрамку да шырэйшага супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам на падставе вядомых дэмакратычных каштоўнасьцяў. Таму гэта яшчэ адзін жэст добрай волі з боку ЭЗ у дачыненьні да беларускіх уладаў, каб захаваць пэўны статус-кво і яшчэ раз заахвоціць іх да дэмакратызацыі”.

На думку Алеся Лагвінца, Эўразьвяз сваім рашэньнем паказвае беларусам, што дэмакратычную Беларусь чакаюць у Эўропе.

У рэзалюцыі Рады ЭЗ па беларускім пытаньні вітаюцца “некаторыя пазытыўныя крокі”, зробленыя афіцыйным Менскам, у прыватнасьці што да супрацоўніцтва з АБСЭ па праблеме выбарчага заканадаўства. Апрача таго, у дакумэнце зазначаюцца нядаўнія выпадкі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і выказваецца пажаданьне наладзіць дыялёг зь беларускімі ўладамі ў галіне правоў чалавека.

Апрача таго, Эўразьвяз зьбіраецца інтэнсыфікаваць сваё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі дзеля падтрымкі дэмакратыі і плюралізму.

Міністры не прыйшлі да адзінай думкі, ці запрашаць А. Лукашэнку на травеньскі саміт Эўразьвязу ў Прагу. Гэтае пытаньне аўтаматычна перадаецца для вырашэньня на саміт кіраўнікоў краінаў ЭЗ 19—20 сакавіка.

У дакумэнце Рады Эўразьвязу зазначаецца, што ў канцы 9-месячнага пэрыяду Рада зноў разгледзіць сытуацыю ў Беларусі і, зыходзячы зь яе разьвіцьця, не выключае поўнага скасаваньня санкцый. Апрача таго, у любы час Рада Эўразьвязу можа аднавіць ужываньне візавых санкцыяў, залежна ад дзеяньняў беларускіх уладаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.  

Спасылка

Видео