BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ландсбэргіс — супраць запрашэньня Лукашэнкі ў Прагу

17.03.2009
Ландсбэргіс — супраць запрашэньня Лукашэнкі ў Прагу

Палітыкі працягваюць камэнтаваць учорашняе рашэньне Рады Эўразьвязу, якая прыпыніла візавыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва яшчэ на 9 месяцаў, а таксама абмяркоўваюць пэрспэктывы дачыненьняў Менску і Брусэлю. 

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс мяркуе: учорашнім рашэньнем Эўразьвяз паказаў, што ён пакідае дзьверы для Аляксандра Лукашэнкі адчыненымі, калі той вырашыць, што варта ісьці шляхам пераменаў.

У Эўразьвязе пакуль няма адзінай пазыцыі па пытаньні, ці варта запрашаць спадара Лукашэнку ў Прагу на травеньскі саміт, на якім будзе абвешчана праграма “Ўсходняга партнэрства”. Спадар Ландсбэргіс мяркуе, што варта, каб афіцыйную Беларусь прадстаўляў нехта іншы:

Вітаўтас Ландсбергіс
“Думаю, што было б лепей не запрашаць Лукашэнку. Прынамсі, пакуль у Беларусі не відаць нейкія больш канкрэтныя далейшыя крокі на шляху да гэтай палавінчатай дэмакратызацыі. Пакуль гэтага яшчэ няма... Можа, варта, каб Эўразьвяз прапанаваў Менску прыслаць міністра замежных спраў у якасьці назіральніка. Што-небудзь такое, усё ж адчувальнае, было б лепей, чым поўнае раскрыцьцё абдымкаў чалавеку, які зусім нядаўна абвінавачваўся ў палітычных забойствах”.

Паводле спадара Ландсбэргіса, Эўразьвяз павінен і супрацоўнічаць зь Менскам, і нагадваць пра свае ранейшыя патрабаваньні, у прыватнасьці — дамагацца адказу пра лёс ахвяр гвалтоўных зьнікненьняў. Былы кіраўнік літоўскага парлямэнту Вітаўтас Ландсбэргіс выступіў супраць таго, каб Эўразьвяз пачынаў адносіны зь Беларусьсю з чыстага аркуша.

Ягоны беларускі калега, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч падтрымлівае такую пазыцыю. Ён мяркуе, што Эўразьвяз цяпер не павінен адкідаць свае ранейшыя 12 умоваў афіцыйнаму Менску. Спадар Шушкевіч згадвае нядаўняе выказваньне Хавіера Саляны пра тое, што Эўразьвяз не выстаўляе ўмоваў для супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Станіслаў Шушкевіч
“Гэта вельмі дрэнны крок у адносінах да тых, хто змагаецца за дэмакратызацыю Беларусі і павагу да правоў чалавека. Бо рэжым бязьлітасна людзей калечыць і нішчыць... А тут прыехаў такі высокі начальнік з цывілізаванай Эўропы, і ў яго няма ніякіх умоваў да той дзікасьці, якая тут пануе”.

Сустаршыня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец кажа, што Эўразьвяз цяпер прытрымліваецца стратэгічнага курсу на збліжэньне зь Беларусьсю, які абумоўлены правалам палітыкі санкцыяў і новым геапалітычным раскладам у рэгіёне.

Павал Севярынец
“Такая пазыцыя Эўропы натуральная. Разам з тым беларускі рэжым хоча нешта атрымліваць, але ня хоча практычна нічога губляць. У гэтай драматургіі і ляжаць карані рашэньня Эўразьвязу. Мы спадзяемся, што і рэжым пойдзе на саступкі, вымушаны будзе гэта рабіць, зыходзячы з эканамічнай сытуацыі, і што Эўропа будзе больш настойлівай, больш канкрэтнай у прад’яўленьні сваіх патрабаваньняў”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі таксама мяркуе, што ўчорашняе рашэньне Рады Эўразьвязу па Беларусі аптымальнае ў рамках таго падыходу, які цяпер абраў Эўразьвяз.

Аляксандар Класкоўскі
“Сёньня звышзадача — ангажаваць Беларусь у агульнаэўрапейскія працэсы. Дзеля гэтага трохі рэдукаваныя патрабаваньні, якія тычацца дэмакратыі і правоў чалавека. Натуральна, што гэта палітыка, якая выклікае заканамерныя пытаньні з боку апазыцыі, з боку беларускай грамадзянскай супольнасьці. Але трэба ўлічваць, што ёсьць абмежаваны выбар варыянтаў. Калі ўявіць, што зараз Эўразьвяз вяртаецца да канфрантацыі, аднаўляе санкцыі, то магчымы новы віток рэпрэсіяў, які адкіне назад ня толькі адносіны паміж Менскам і Брусэлем, але і сытуацыю ўнутры самой Беларусі. І тут стане яшчэ больш змрочна, чым цяпер, калі ўсё-ткі пачалася адносная адліга і іншыя імітацыйныя крокі. Лягічна, што Эўропа вырашыла прадоўжыць гэты пэрыяд, калі яна атрымлівае нейкія вагары, каб падштурхнуць беларускія ўлады да большых зрухаў у напрамку лібэралізацыі”.

Тым часам прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў заявіў, што апошняе рашэньне Брусэлю “дазваляе захоўваць прагматычны дыялёг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, які носіць узаемавыгадны характар”.

Спадар Папоў заявіў, што “даўно насьпеў час для поўнага зьняцьця любых абмежаваньняў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю нармальных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”.

А дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віталь Бусько таксама назваў учорашняе рашэньне Брусэлю пазытыўным для далейшага супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам і заклікаў да пашырэньня кантактаў паміж Нацыянальным сходам Беларусі і парлямэнтамі кранаў Эўропы.

Cпасылка

 

Видео