BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дэбаты ў Брусэлі: аднаўляць ці не аднаўляць

16.03.2009
Дэбаты ў Брусэлі: аднаўляць ці не аднаўляць
Рада Эўрапейскага зьвязу па міжнародных адносінах пад старшынствам міністра замежных спраў Чэхіі Карэла Шварцэнбэрга на пасяджэньні ў Брусэлі разглядае пытаньне пра лёс візавых і фінансавых санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 40 беларускіх чыноўнікаў.

У кастрычніку мінулага году забарона на выдачу візаў А.Лукашэнку і яшчэ 35 чыноўнікам была прыпыненая на паўгода. Санкцыі супраць Віктара Шэймана, Уладзімера Навумава, Дзьмітрыя Паўлічэнкі і Юрыя Сівакова, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьняў апанэнтаў беларускага рэжыму, а таксама супраць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай летась прыпыненыя не былі.

Сёньня міністры замежных спраў краін Эўразьвязу ацэньваюць разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі за апошнія паўгода і вырашаюць лёс санкцыяў, а таксама магчымасьць удзелу Беларусі ў “Усходнім партнэрстве”.

Дыпляматы, як перадае агенцтва Reuters, кажуць, што прапануецца складаны кампраміс, які дазволіць адтэрмінаваць візавыя санкцыі для беларускіх чыноўнікаў яшчэ на шэсьць месяцаў.

Многія дыпляматы мяркуюць, што чарговая адтэрміноўка будзе стымуляваць палітычныя рэформы ў Беларусі, якая застаецца “прарасейскай дзяржавай”. Хутчэй за ўсё, гэтую прапанову падтрымае большасьць краін.

“Мы павінны даць шанцы людзям у Беларусі”, — заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт. — “У іншым выпадку ціск з боку Расеі будзе расьці”.

“Мы павінны зрабіць крок насустрач, каб запрасіць Лукашэнку ды іншых за стол перамоваў і супрацьпаставіць іхняй пазыцыі свае довады”, — адзначыў люксэмбурскі міністар Жан Асэльборн.

Адной зь першых супраць аднаўленьня санкцыяў у дачыненьні да Беларусі выступіла Нямеччына. Сярод краін, якія нязгодныя з падобнымі падыходамі, — Нідэрлянды, Вялікабрытанія і Швэцыя.

Таксама перадаецца, што большасьць краін ЭЗ выступаюць за ўдзел Лукашэнкі ў травеньскім саміце ў Празе.

Так міністар замежных спраў Італіі Франка Фраціні заявіў : "Я ўпэўнены, што Лукашэнка мусіць быць запрошаным".

Cпасылка

Видео