BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Трэці сацыяльны форум мы праводзім не для чынавенства”

16.03.2009
“Трэці сацыяльны форум мы праводзім не для чынавенства”

Сёньня, 14 сакавіка, у Магілёве пачаў працу Трэці сацыяльны форум. На ім 74 прадстаўнікі з 27 няўрадавых арганізацыяў цягам двух дзён будуць абмяркоўваць сытуацыю ў недзяржаўным сэктары Беларусі, а таксама шляхі ўзаемадзеяньня з уладай. Па сканчэньні Форуму удзельнікі прымуць рэзалюцыю. Як госьці на форуме прысутнічаюць і прадстаўнікі Магілёўскага гарвыканкаму і аблвыканкаму.

“Форум мы праводзім не для чынавенства, зазначыў у інтэрвію «Свабодзе» на яго пачатку адзін з арганізатараў, старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Саюз Чарнобыль-Беларусь» Аляксандар Валчанін. Аднак мы зацікаўленыя, каб дыялёг зь дзяржавай усё ж распачаўся.

Аляксандар Валчанін
Сацыяльныя пытаньні ў нас павінны разглядацца як на дзяржаўным узроўні, гэтак жа і на ўзроўні недзяржаўных арганізацыяў. Тут сабраліся людзі, неабыякавыя да гэтых пытаньняў. Бяз чыстай палітыкі мы ідзём насустрач дзяржаўным органам са сваім пасыламі”.

Два гады таму ў працы першага сацыяльнага форуму бралі ўдзел толькі тры арганізацыі, у другім — пяць. У трэцім удзельнічаюць 74 прадстаўнікі з 27 няўрадавых арганізацыяў. Паводле Аляксандра Валчаніна — гэта сьведчыць пра наладжваньне сыстэмнай працы недзяржаўных арганізацый у Беларусі.

Чаго чакаюць ад форуму яго ўдзельнікі?

Гаворыць кіраўніца магілёўскай абласной арганізацыі “Саюзу прадпрымальнікаў” Тацяна Казлоўская:

“Сацыяльны форум — гэта можа быць першапачатковае зьвяно таго, каб органы ўлады зьвярнулі ўвагу на праблемы, якія існуюць як у сацыяльнай сфэры, так і ў сфэры грамадзкіх арганізацый. Прадпрымальнікі — гэта таксама адна з сацыяльных груп насельніцтва, якая таксама мае патрэбу і ў дапамозе, і ў падтрымцы і ў абароне”.

Палітоляга Дзяніса Мельянцова цікавіць, як працэс абвешчанай уладай лібэралізацыі праходзіць у рэгіёнах:

Дзяніс Мельянцоў
“У Менску ствараюцца розныя каардынацыйныя, кансультацыйныя рады. А ці можна гэта зрабіць у рэгіёнах? Наколькі тут можна адкрыта працаваць ня вельмі палітызаваным і не палітызаваным грамадзкім арганізацыям, якія дапамагаюць простым грамадзянам?”.

Форум віталі начальнік управы юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Маймусаў і кіраўніца камітэту па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне аблвыканкаму Ганна Апет. Абое падкрэсьлілі важнасьць форуму й сваю зацікаўленасьць у выніках яго працы.

Прадстаўнікі замежных дыпляматычных місіяў на форум не прыехалі. Віншавальныя тэлеграмы даслалі амбасадары Чэхіі, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Нямеччыны.

Форум будзе працаваць два дні. Скончыцца ён заўтра, у нядзелю 15 сакавіка, прыняцьцем адмысловай рэзалюцыі.

Cпасылка

 

Видео