BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Усходняе партнэрства: для Беларусі асаблівы статус

13.03.2009
Усходняе партнэрства: для Беларусі асаблівы статус

Зь ініцыятывай усталяваць асаблівыя адносіны з шасьцю краінамі Ўсходняй Эўропы  – былымі савецкімі рэспублікамі Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй, Азэрбайджанам і Беларусьсю – выступілі Польшча і Швэцыя 26 траўня 2008 года. Прапаноўвалася наступная формула Ўсходняга партнэрства: 27 + 5 (6). Беларусь была, так бы мовіць, у дужках, пад пытаньнем, – пры ўмове дэмакратызацыі краіны.

Расея будзе запрашацца для абмеркаваньня некаторых мясцовых ініцыятываў (да прыкладу, якія адносяцца да Калінінградзкай вобласьці).

 

Ідэя стварэньня Ўсходняга партнэрства стала рэакцыяй на праграму Міжземнаморскага партнэрства, якую лабіравалі краіны, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з рэгіёнам Паўночнай Афрыкі. Эўрапейскія чыноўнікі не хаваюць, што актывізаваліся дзеяньні ў накірунку Ўсходняга партнэрства менавіта пасьля канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй.

 

Паколькі Ўсходняе партнэрства пакуль ня мае ўласнага сакратарыяту, яно будзе кантралявацца непасрэдна Эўрапейскай Камісіяй.

 

Эўразьвяз зьбіраецца стварыць пояс добрасуседзтва і стабільнасьці

 

Па словах  кіраўніка Эўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу, палітыка Ўсходняга партнэрства, якая не прадугледжвае пэрспэктыву сяброўства ў Эўразьвязе, накіраваная на «значнае павышэньне ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяньня, шырокую інтэграцыю ў эканоміку ЭЗ, узмацненьне энэргетычнай бясьпекі і павелічэньне фінансавай дапамогі». 

 

Ініцыятыва прадугледжвае мноства накірункаў супрацоўніцтва: прыняцьце пагадненьняў аб свабодным гандлі; комплексныя праграмы фінансаваньня; паступовая інтэграцыя ў эканоміку Эўразьвязу; супрацоўніцтва ў сфэры энэргетычнай бясьпекі, пашырэньне магчымасьцяў працоўнай міграцыі. У праекце камюніке гаворыцца пра адкрыцьцё спэцыяльных візавых цэнтраў для больш хуткага атрыманьня шэнгенскіх візаў. Эўракамісія прапануе паступовае зьніжэньне кошту візаў і спрашчэньне працэдуры іх атрыманьня, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве – увядзеньне бязьвізавага рэжыму з краінамі-партнэрамі. Праект Усходняга Партнэрства таксама прадугледжвае паступовае падвышэньне фінансавай падтрымкі ў рэгіёне зь цяперашніх 6 эўра на чалавека да 12 эўра на чалавека ў 2013 годзе і 20 эўра – у 2020.

 

Паводле словаў камісара Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніты Фэрэра-Вальднэр, на праграму “Усходняга партнэрства” будзе накіравана 600 мільёнаў эўра. Для кожнай краіны будзе распрацаваная свая праграма інтэграцыі ў эканамічную прастору Эўропы.

 

Што Эўропа чакае ўзамен?

 

Прапаноўваючы такія выгоды суседнім краінам, Эўрапейскі Саюз чакае крокаў насустрач: усходнеэўрапейскія краіны павінны цалкам адаптаваць Acquis communautaire (увесь комплекс заканадаўчых актаў ЭЗ, які зараз складае каля 100 000 старонак) і прызнаць рашэньні Эўрапейскага Суда. Акрамя таго, Усходняе Партнэрства прадугледжвае падпісаньне Мэмарандуму аб узаемапаразуменьні ў галіне энэргетычнай бясьпекі, які прывядзе ў пэрспэктыве да “сумеснага кіраваньня, і нават валоданьня, трубаправодамі”. Такім чынам Эўразьвяз зьбіраецца рэалізаваць адну з задач Эўрапейскай стратэгіі бясьпекі, стварыць пояс добрасуседзтва і стабільнасьці вакол сябе, своеасаблівы санітарны кардон вакол сваёй тэрыторыі.

 

Ініцыятыву абмяркоўваюць, дапрацоўваюць, шліфуюць

 

Першая дыскусія аб Усходнім партнэрстве адбылася летась 19 – 20 чэрвеня на паседжаньні Эўрапейскага Зьвязу. Ініцыятыва была прынцыпова ўхваленая і накіраваная на дапрацоўку ў Эўракамісію.

 

3 сьнежня старшыня Эўракамісіі Жазэ-Мануэль Барозу і камісар Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр афіцыйна прадставілі ініцыятыву Ўсходняга партнэрства.

 

Мэта праекту, па словах спадарыні Фэрэра-Вальднэр, “збліжэньне, а не інтэграцыя: ён распрацоўваўся для таго, каб дапамагчы кожнай краіне-удзельніцы зблізіцца з Эўразьвязам. Па словах спадара Барозу, “нягледзячы на тое, што ўсе згаданыя краіны істотна адрозьніваюцца адна ад адной, іх яднае стаўленьне да Эўразьвязу – усе яны зьвязваюць ЭЗ са стабільнасьцю, надзейным урадам і росквітам”.

 

12 сьнежня ў Брусэлі на саміце кіраўнікоў дзяржаваў і урадаў Эўразьвязу ініцыятыва Ўсходняга партнэрства была ўхваленая 27 краінамі – сябрамі ЭЗ.

 

Чакаецца, што 19 – 20 сакавіка 2009 году кіраўнікі Эўразьвязу прымуць канчатковую вэрсію праграмы Ўсходняга партнэрства і фармальнае рашэньне аб запрашэньні шасьці постсавецкіх краінаў да ўдзелу ў ёй.

 

А ў траўні ў Празе, сталіцы Чэхіі, якая зараз старшыньствуе ў Эўразьвязе, адбудзецца інаўгурацыйны саміт удзельнікаў ініцыятывы Усходняга партнэрства.

 

Ці возьмуць Беларусь у Эўропу?

 

Ці зможа Беларусь выйсьці за дужкі і стаць паўнавартасным шостым сябрам Усходняга партнэрства? Для гэтага яна спачатку павінна стаць паўнавартасным удзельнікам Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. А для гэтага, у сваю чаргу, Беларусі належыць выканаць шэраг умоваў Эўразьвязу. Як вядома, сьпіс 12-ці ўмоваў Эўразьвязу да Беларусі скараціўся да 5. Гэта адсутнасьць палітзьняволеных; паляпшэньне становішча са СМІ; рэформа выбарчага заканадаўства; паляпшэньне ўмоваў дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, так званага трэцяга сэктару; свабода сходаў і выказваньняў.

 

У лютым і сакавіку ў Менск зачасьцілі эўрапейскія чыноўнікі. 18 лютага Беларусь наведала дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. 20 лютага ў Беларусь прыяжджалі прадстаўнікі Эўрапарлямэнту.

 

19 лютага Беларусь наведаў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Хаўер Саляна, які сустрэўся з прадстаўнікамі апазыцыі, трэцяга сэктару і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта быў першы візыт эўрапейскага чыноўніка такога высокага ўзроўню ў Беларусь. Галоўнай тэмай перамоваў стаў удзел Менску ў праграме Ўсходняга партнэрства. Лукашэнка заявіў на сустрэчы са спадаром Салянам: «Я б прасіў вас, каб у адносінах паміж Беларусьсю і Эўропай мы пастараліся выключыць усялякіх пасярэднікаў, асабліва, што дзейнічаюць з пазыцыі не зусім добразычлівай у дачыненьні да нашай краіны... Эўрапейскі Зьвяз добра ўсьведамляе, што такое сучасная Беларусь для Эўропы». Пры гэтым ён адзначыў: «Мы тым больш ўяўляем каштоўнасьць Эўразьвязу для нас як з пункту гледжаньня палітыкі, так і з пункту гледжаньня эканомікі, перш за ўсё эканомікі».

 

На выніковай прэс-канфэрэнцыі спадар Саляна абвесьціў, што «у структуры гэтага партнэрства для Беларусі ёсьць асаблівае месца».

 

Меркавалася, што ў Беларусь 12 сакавіка прыбудзе камісар Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, але яна перанесла свой візыт на красавік. Паводле яе словаў, “патрэбна дадатковая прапрацоўка беларускага пытаньня”.

 

Пытаньне аб запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі на інаўгурацыйны саміт ў Прагу застаецца адкрытым і залежыць ад таго, як “будзе паводзіць беларускі лідэр” і “як будзе разьвівацца сытуацыя ў Беларусі”. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэрбэрг.

 

Людміла Корсак

[email protected]

 
Видео