BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лорд Бэл нам дапаможа?

23.02.2009
Лорд Бэл нам дапаможа?

Былы дарадца Маргарэт Тэтчэр па PR і заснавальнік кампаніі Bell Pottinger Group лорд Цімаці Бэл – адзін з самых віртуёзных піяршчыкаў сьвету. У ягоных паслужным сьпісе, акрамя Тэтчэр і Барыса Беразоўскага, такія ўсясьветна вядомыя кампаніі як Walt Disney, McDonald’s, Rolls-Royce, Rolex , каралеўская пошта Вялікай Брытаніі. Праславіўся лорд Бэл пасьля трох вельмі пасьпяховых выбарчых кампаній Маргарэт Тэтчэр. Па ягоных рэкамэндацыях “жалезная лэдзі” нават мяняла прычоску. У 1990 годзе заслугі Бэла перад Вялікай Брытаніяй  былі адзначаны рыцарскім званьнем, а ў 1998 годзе тагачасны прэм'ер Тоні Блэр зрабіў яго членам Палаты лордаў і пажыцьцёвым пэрам. Лорду Бэлу прыпісваюць сувязі з экс-прэм'ерам Тайлянду Таксінам Чынаватам, мэдыя-магнатам Рупэртам Мэрждакам, экс-прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным і прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.

Зь іншага боку, лорд Бэл адмовіў прэзыдэнту Зымбабвэ Робэрту Мугабэ, патлумачыўшы, што «заўсёды адмаўляе тым, каму ня змог бы дапамагчы. Напрыклад, з-за таго, што не падзяляе іх прынцыпаў».

 

«Пасол добрай волі ад самой Вялікай Брытаніі»

 

Першыя чуткі пра тое, што прэзыдэнт Беларусі заклапоціўся іміджам краіны на Захадзе, зьявіліся ў сакавіку 2008 году, калі лорд Цімаці Бэл наведаў Менск з «прыватным дзелавым візытам». 13 сакавіка лорда прыняў у сябе ў рэзыдэнцыі кіраўнік Беларусі. Сустрэча насіла падкрэсьлена палітычны характар. Лукашэнка заявіў піяршчыку: «Сьвет разьвіваецца такім чынам, што без вашага рамяства пражыць у ім немагчыма». Па выніках размовы было вырашана, што брытанскі адмыслоўца дапаможа Беларусі палепшыць яе імідж за мяжой. Пра афіцыйнае падпісаньне кантракту на аказаньне піяр-паслугаў нічога не паведамлялася. Аляксандар Лукашэнка толькі абвесьціў, што Бэл стане «паслом добрай волі ад самой Вялікай Брытаніі». Прэзыдэнт выказаў упэўненасьць, што бізнэсоўцу «будзе прыемна працаваць у нашай краіне, з той уладай, якая ганімая». Гэта ўлада, па словах Лукашэнкі, гатовая прадаставіць брытанскаму піяршчыку любую інфармацыю, каб пераканаць яго ў тым, што Беларусь зьяўляецца эўрапейскай краінай.

 

Падрабязнасьці візыту лорда ў Менск сталі вядомыя літаральна праз пару дзён, калі 18 сакавіка выйшла інтэрв'ю Бэла газэце Moscow Times. Аказалася, што размова прэзыдэнта і піяршчыка зацягнулася з-за таго, што “час ад часу перакладчыкі ня ведалі, як перакладаць”. Кіраўнік Беларусі хацеў пачуць ад лорда, “як ягоная кампанія Bell Pottinger зьбіраецца прадаць былую савецкую рэспубліку Захаду”. Канкрэтныя мэтады рэклямы Бэл раскрыць Moscow Times адмовіўся, але адкрыў сакрэт, прамовіўшы, што, паводле словаў Лукашэнкі, Беларусь – краіна, якая гатова пайсьці на многае, каб яе разглядалі як адкрытую. У інтэрв’ю Moscow Times Бэл сказаў, што «Лукашэнка ня бачыць прычын, чаму б Беларусь не магла стаць адначасова сябрам і Захаду, і Расеі».

 

А тым часам ускладніліся адносіны са Злучанымі Штатамі...

 

Тут варта адзначыць, што менавіта на сакавік – красавік прыйшлося разьвіцьцё дыпляматычнага скандалу Са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, калі на ўвядзеньне Амэрыкай эканамічных санкцыяў у дачыненьні Беларусі афіцыйны Менск адказаў выгнаньнем амэрыканскай амбасадаркі і трох дзесяткаў дыпляматаў. Як вынік гэтага скандалу – у Беларусі дагэтуль няма амбасадара ЗША і амаль год не працуе візавы аддзел.

 

«Мэта кампаніі – палепшыць міжнародную рэпутацыю Беларусі»

 

Толькі праз 5 месяцаў пасьля першага візыту лорда Бэла, на пачатку жніўня 2008 году, урэшце рэшт быў падпісаны кантракт. Але, як сказаў тады лорд, кантракт – камэрцыйная таямніца, ён ня мае права распавядаць пра дэталі. «Мэта кампаніі – палепшыць міжнародную рэпутацыю Беларусі. Асабліва паспрабаваць палепшыць палітычныя і эканамічныя стасункі з Эўрапейскім Зьвязам».

 

У сваіх інтэрв'ю Цімаці Бэл падкрэсьліваў, што для зьмяненьня рэпутацыі той альбо іншай краіны трэба разумець, «ад чаго і да чаго рухацца. Я пачынаю з агляду сытуацыі: дзе знаходзімся, чаго хочам дасягнуць. Гэта адразу вызначае, якую рэпутацыю краіна хоча зарабіць ў іншай краіне альбо ў рэгіёне, у краіне з дэмакратычным кіраваньнем альбо з дыктатурай», -- адзначае спадар Бэл. «Далей я раблю ацэнку цяперашняй рэпутацыі краіны. Гэта тры кампанэнты: што ты робіш; што ты кажаш пра тое, што робіш; і што пра гэта кажуць іншыя. Я запытаўся б у дзяржавы –заказчыка, на якую рэпутацыю яна хоча абапірацца і да чаго прыйсьці праз 5 – 10 гадоў, - кажа Цімаці Бэл. Бэл паведаміў, што будзе працаваць над іміджам Беларусі як краіны, а не беларускага прэзыдэнта. Пры гэтым ён адзначыў: «Прэзыдэнт, безумоўна, частка краіны і яе іміджу».

 

“Дамова камэрцыйная, тонкасьці і дэталі – справа канфідэнцыйная”

 

Працоўная група па Беларусі лорда Бэла складаецца з пяцёх чалавек. Сума кантракту, тэрмін яго рэалізацыі і ўсе астатнія падрабязнасьці не паведамляюцца – «дамова камэрцыйная і ўсе тонкасьці яго сугуба канфідэнцыйныя». Вядома толькі , што кантракт прадугледжвае правядзеньне дзьвюх кампаній – інфармацыйнай і маркетынгавай. Мэта інфармацыйнай кампаніі – «данесьці больш поўнае ўяўленьне пра Беларусь у процівагу вабразу, створанаму ва ўсясьветных СМІ». Маркетынгавая кампанія заклікана спрыяць павышэньню інвэстыцыйнай прываблівасьці краіны.

 

Што і як канкрэтна робіць спадар Бэл, можна даведацца з ягоных нешматслоўных інтэрв'ю розным СМІ. Так, у праграме «Галоўны герой» расейскай тэлекампаніі НТВ у кастрычніку 2008 года лорд заявіў пра Аляксандра Лукашэнку: «Гэта вельмі зразумелы, засяроджаны і рашучы чалавек, вельмі таварыскі”. Камэнтуючы выказваньне тагачаснага дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс пра тое, што “беларускі прэзыдэнт – апошні дыктатар Эўропы”, Цімаці Бэл заявіў, што “гэта глупая рэмарка”. “Ёй трэба зьезьдзіць у Менск і самой усё паглядзець”, падкрэсьліў ён. Лорд Бэл адзначыў, што бальшыня беларусаў задаволеныя сваім прэзыдэнтам.

 

“Бэл – цудоўны піяршчык, але ён ня ведае спэцыфікі краіны”

Старшыня Рады дырэктароў вядомага расейскага Цэнтру палітычнага кансалтынгу «Никколо М» Ігар Мінтусаў, якія правёў дзесяткі PR-кампаній у Расеі, Манголіі, Літве, Нікарагуа, Польшчы, ЗША, лічыць: «Натуральна, лорду Бэлу будзе ня проста вельмі цяжка, а надзвычай цяжка. PR – гэта не панацэя ад усіх бедаў і не магія ў палітыцы, за PR павінны стаяць нейкія палітычныя дзеяньні. Сытуацыйнае рашэньне гэтага пытаньня будзе заключацца ў тым, наколькі ў Цімаці Бэла будзе магчымасьць падмацоўваць ягоныя PR-ідэі рэальнымі палітычнымі дзеяньнямі кіраўніцтва Беларусі”.

 

Сацыёляг Андрэй Вардамацкі наконт лорда Бэла выказаўся так: «У чым недастатковасьць Бэла? Ён цудоўны піяршчык, але ён проста ня ведае спэцыфікі краіны. Ён жыве ў іншай краіне, таму пазыцыяваньне Беларусі ён ня можа прапанаваць. Таму патрэбны інтрападыход, падыход знутры».

 

Кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук перакананы:

"Нельга нават за самую яркую піяр-вокладку схаваць тое, што адпалохвае замежных інвэстараў у Беларусі. Прапанову Цімаці Бэлу я разглядаю як працяг айчыннай ідэалягічнай кампаніі «За моцную, квітнеючую Беларусь!» ужо ў эўрапейскім маштабе. За грошы беларускіх падаткаплатнікаў».

 

Людміла Корсак

[email protected]

 
Видео