BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

ІІ Агульнабеларуская дыктоўка

18.02.2009
ІІ Агульнабеларуская дыктоўка

21 лютага у Міжнародны дзень роднай мовы адбудзецца ІІ Агульнабеларуская дыктоўка. Прыняць удзел запрашаюць ня толькі ў Беларусі, але і ў Варшаве. І Агульнабеларуская дыктоўка прайшла ў мінулым годзе на Дзень Волі 25 сакавіка. Акцыя стала настолькі папулярнаю, што адбывалася яшчэ доўга пасьля першай дыктоўкі, „захапіла” многія беларускія гарады ды шэраг эўрапейскіх. Сёлета дыктоўка адбудзецца і ў польскай сталіцы. Варшаўскую акцыю ладзіць ініцыятыва Беларуская нацыянальная памяць. Кажа лідэр ініцыятывы Анатоль Міхнавец.

А. Міхнавец: Ініцыятыва Беларуская нацыянальная памяць будзе праводзіць дыктоўку. Гэта будзе 21 лютага ў Міжнародны дзень мовы ў палацы культуры а 12 гадзіне. Запрашаем усіх прыняць удзел, бо пакуль жыве мова, будзе жыць і нацыя. Мы заахвочваем прыняць удзел нават тых, хто штодзённа не размаўляе на беларускай мове, можа саромеюцца гэта рабіць. Дыктоўка стане таксама магчымасьцю для сустрэчы беларусаў. Нас шмат, але мы неяк губляемся ў чужой краіне. Што нас можа аб’яднаць? Наша мова, наша культура, наша дзяржава. Давайце памятаць пра нашу мову. Дыктоўка – гэта міжнародны прыклад. Дзень роднай мовы быў усталяваны, бо была такая патрэба. Гэта важна й патрэбна.

На дыктоўку запрошаныя ня толькі беларусы, але й палякі, якія нейкім чынам былі зьвязаныя зь Беларусьсю, напрыклад, там працавалі.

У Менску на дыктоўку запрашае Таварыства беларускай мовы. Першы этап адбудзецца 21 лютага ў Палацы мастацтваў а 14 гадзіне. Акрамя непасрэдна дыктоўкі, ТБМ ладзіць у гэты дзень адмысловае мерапрыемства, прысьвечанае Дню роднай мовы.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў заахвочвае ўсіх прыняць удзел у дыктоўцы. „Пішучы разам дыктоўку, мы прадэманструем усяму сьвету нашу любоў і пашану да роднай мовы, гатоўнасьць яе бараніць,” – кажа Алег Трусаў і нагадвае нам, якой была мэта І Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

А. Трусаў: Мэту мы вызначалі ў мінулым годзе, калі была І Агульнанацыянальная дыктоўка. Мы хацелі зьвярнуць увагу ўсяго сьвету на тое, што беларуская мова жывая, а людзі гэтую мову любяць, шануюць і аддаюць ёй пашану. Нагадаю, што першая дыктоўка адбылася ў сакавіку мінулага году ў 90-я ўгодкі БНР. Было прынята рашэньне зрабіць дыктоўку штогадоваю. Сёлета мы плянуем яе зрабіць у тры этапы. Першы – 21 лютага ў Дзень роднай мовы. Другі – 15 сакавіка на 15-годзьдзе першай Канстытуцыі, і трэці – 25 сакавіка на 91-я ўгодкі БНР. Мы прапануем на выбар два варыянты тэксту дыктоўкі. Стары варыянт зь мінулага году, а таксама новы тэкст па Караткевічу, прысьвечаны роднай мове. Можна выбраць кожны варыянт, а можна пісаць і свой. Тут важны ня тэкст, а ўдзел у дыктоўцы, пашана роднай мове.

ТБМ прапаноўвае арганізоўваць мінідыктоўкі па ўсёй Беларусі, а вынікі дасылаць у сядзібу таварыства. Усе пераможцы будуць адзначаныя падарункамі.

Cпасылка

Видео