BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Якія помнікі Беларусь можа прапанаваць ЮНЭСКА?

19.02.2009
Якія помнікі Беларусь можа прапанаваць ЮНЭСКА?
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы гісторыка-культурных помнікаў Антон Астаповіч зьвярнуўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем перагледзець адмову Міністэрства культуры на намінаваньне Курапатаў для ўключэньня ў Сьпіс ЮНЭСКА. Сёньня Антон Астаповіч – госьць нашага эфіру. Мы абмяркоўваем, што Беларусь мае са Сьпісу ЮНЭСКА, і што хоча туды прапанаваць.

Спадар Антон, апошнім часам мы сустракаем у стужках навінаў паведамленьні, што Беларусь зьбіраецца намінаваць на ўключэньне ў Сьпіс ЮНЭСКА то адзін, то другі, то трэці аб’ект. Ці можаце вы падагульніць, чым мы зьбіраемся зьдзівіць ЮНЭСКА?

А.Астаповіч: Была спроба намініваць Камянецкую вежу, але гэта адклалася. Зараз хочуць намінаваць у Сьпіс ЮНЭСКА Каложскую царкву ў Горадні, царкву ў Мураванцы, цэлы комплекс драўлянага культавага дойлідзтва Палесься, зьбіраецца дасье нават на ўключэньне ў Сьпіс сталінскай архітэктуры праспэкта Незалежнасьці ў Менску. Таксама хочуць уключыць у Сьпіс ЮНЭСКА спадчыну Эўфрасіньні Полацкай, у тым ліку тэрыторыю Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра ў Полацку. З усіх гэтых аб’ектаў пададзеная была толькі Камянецкая вежа. І па ёй атрыманая адмова, прычым зь вельмі дакладным абгрунтаваньнем. Сэнс ягоны ў тым, што асобна вежа ня можа быць уключаная ў Сьпіс, бо падобныя збудаваньні ёсьць у Польшчы ды Ўкраіне. І калі Беларусь правядзе ўзгадняльную працу з суседзямі, то вежа можа быць уключаная сярод іншых аб’ектаў – аднаго комплексу “Галіцка-Валынскае дойлідзтва XII-XIII стагодзьдзяў”.

Спадар Антон, давайце нагадаем слухачам, якія аб’екты сёньня на тэрыторыі Беларусі ўжо ўключаныя ў Сьпіс ЮНЭСКА.

А. Астаповіч: Мы маем чатыры аб’екты. Адзін прыродны – Белавеская пушча. Тры гісторыка-культурныя аб’екты. Дуга Струвэ – але яе асабліва для турыстаў ня выкарыстаеш, бо гэта проста лінія трыангалюцыённых знакаў на тэрыторыі Беларусі ды Ўкраіны. І адпаведна – Мірскі замак і Нясьвіскі замак.

Скажыце, а чатыры аб’екты – гэта многа ці мала? Напрыклад, у параўнаньні з нашымі суседзямі.

А. Астаповіч: Быццам бы й нямнога, быццам бы й шмат, калі ўлічыць, што першы чыста беларускі аб’ект – Мірскі замак – увайшоў у Сьпіс толькі ў 2002 годзе (Белавеская пушча была ўключаная значна раней, але гэта сумесны аб’ект з Польшчай). Украіна мае столькі ж аб’ектаў, як Беларусь, хаця плошча Ўкраіны ў некалькі разоў большая. Але ж Польшча мае нашмат больш аб’ектаў за нас, бо палякі маюць цудоўнейшую школу кансэрватараў, якая паўстала яшчэ ў 20-я гады ХХ стагодзьдзя. Там справа аховы спадчыны пастаўленая на цудоўна навукова абгрунтаваныя рэйкі. Таму яны й далі для Сьпісу ЮНЭСКА шматлікія аб’екты: гістарычныя цэнтры Кракава, Торуні, Варшавы, Замасьця. Усяго Польшча мае 12 аб’ектаў. У Расеі шмат аб’ектаў – звыш дваццаці. Напрыклад, комплексныя аб’екты: гістарычныя цэнтры Санкт-Пецярбургу, Яраслаўля, Суздаля, Ноўгараду. Ёсьць аб’екты ў Летуве, у Латвіі. Але іх няшмат, бо нават плошча краін значна саступае Беларусі. Таму я лічу, што Беларусь знаходзіцца ў пачатку шляху.

Спадар Антон, а якія аб’екты, на ваш прафэсійны погляд, вартыя ўключэньня ў Сьпіс ЮНЭСКА?

А. Астаповіч: Я лічу, што трэба абавязкова падаваць гістарычны цэнтар Наваградка: руіны замка, Курган Міцкевіча, культурны слой, гістарычная забудова, пляніровачная структура. Варта падаваць гарадзенскія Стары й Новыя замкі – як комплексную каштоўнасьць. Але перад тым трэба правесьці навукова абгрунтаваную рэстаўрацыю. Нашае таварыства, разам з Асацыяцыяй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў прапанавала нават Курапаты ўключыць у Сьпіс ЮНЭСКА. Але пакуль што атрыманая адмова. Ды ўсё адно лічым, што гэты аб’ект варты, бо ў Польшчы Асвенцым зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю міжнароднага значэньня – менавіта па крытэрах помніка ахвярам нацызму. Мяркую, што таксама абавязкова павінен быць помнік, які будзе нагадваць чалавечай цывілізацыі, чым ёсьць камунізм.

Якія асноўныя патрабаваньні да гэтых аб’ектаў выстаўляе ЮНЭСКА?

А. Астаповіч: Іх цэлы шэраг. Асноўнае патрабаваньне да гісторыка-культурнай каштоўнасьці – гэта найвыдатнейшыя творы чалавечай культуры й цывілізацыі, якія аказалі значны ўплыў на культурніцкае разьвіцьцё ня толькі лякальнага рэгіёну, але й пакінулі вельмі вялікі сьлед у гісторыі чалавечай цывілізацыі, уплывалі на гістарычныя працэсы. Таксама гэтыя крытэры прадугледжваюць уключэньне найвыдатнейшых архэалягічных помнікаў.

Як вы лічыце, чаму Беларусь зараз пачала так мітусіцца – то мы прапануем адзін аб’ект, то другі, то трэці?

А. Астаповіч: Сьпіс ЮНЭСКА – гэта прэстыж. І хоць на такім узроўні дзяржава клапоціцца пра прэстыж. Але бралі б яны адзін аб’ект, складалі б нармалёвае дасье й нармалёва з гэтым аб’ектам працавалі – каб справа была даведзеная да канца. Лепей па адным аб’екце мэтанакірвана даводзіць да ўключэньня ў Сьпіс, чым мітусіцца так бессыстэмна, як зараз. І яшчэ парадокс нашай дзяржавы. Пэўныя помнікі яны намагаюцца ўключыць у міжнародны Сьпіс ЮНЭСКА – і такое ўражаньне, што яны гэта робяць, каб кампэнсаваць тыя татальныя разбурэньні помнікаў архітэктуры, якія адбываюцца паралельна. Складаецца ўражаньне, што пакуль яны будуць працаваць з гэтымі 5-6 помнікамі для Сьпісу ЮНЭСКА, у нас астатняй гісторыка-культурнай спадчыны не застанецца…

Нашым госьцем быў Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў. Мы абмяркоўвалі, якія беларускія помнікі могуць прэтэндаваць на ўключэньне ў Сьпіс ЮНЭСКА.

Спасылка

Видео