BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Візыт эўрадэпутатаў у Менск пад пагрозай зрыву

18.02.2009
Візыт эўрадэпутатаў у Менск пад пагрозай зрыву
20 лютага Менск павінна наведаць дэлегацыя дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту з фракцыі Эўрапейскай народнай партыі. Эўрадэпутаты хацелі на ўласныя вочы пераканацца ў посьпеху лібэралізацыі, пра якую так шмат кажуць беларускія ўлады. Але, як даведалася Польскае радыё, візыт эўрапейскіх палітыкаў у Менск знаходзіцца пад пагрозай зрыву.

Ініцыятарам прыезду эўрапейскіх дэпутатаў у Беларусь зьяўляецца эўрапарлямэнтар зь Летувы Лайма Андрыкене. Спадарыня Андрыкене вядомая ў Эўропе дзякуючы сваім здольнасьцям весьці перамовы. Ад 1996 да 1998 году яна адказвала за працэс далучэньня Летувы да Эўразьвязу.

У склад дэлегацыі ўваходзяць старшыня камісіі ЭП па кантактах зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч, італьянскі эўрадэпутат Яс Гаўроньскі, Хосэ Саляфрэнка зь Гішпаніі й Крыстафэр Бізьлі зь Вялікабрытаніі.  

Рашэньне пра прыезд у Менск эўрадэпутаты прынялі пасьля таго, як атрымалі ліст ад Аляксандра Мілінкевіча. Два тыдні таму старшыня руху “За Свабоду” накіраваў у Эўрапарлямэнт ліст, у якім разам з пазытыўнымі зьменамі ў краіне апісаў узмацненьне рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў, палітычных партый і пратэстанцкіх цэркаваў.

Эўрадэпутаты вырашылі на ўласныя вочы пераканацца ў сытуацыі ў Беларусі. Праграмай візыту прадугледжваліся сустрэчы як зь дзяржаўнымі чыноўнікамі, так і прадстаўнікамі апазыцыі. Аднак яшчэ сёньня некаторыя чальцы дэлегацыі ня мелі ўязной візы ў Беларусь, таму прыезд эўрапейскіх палітыкаў у Беларусь знаходзіцца пад пытаньнем. Пра гэта нашай радыёстанцыі распавёў Яцак Пратасевіч.

Я. Пратасевіч: Мае калегі зь Італіі, Вялікабрытаніі й Гішпаніі на мінулым тыдні зьвярнуліся ў беларускую амбасаду ў Брусэлі за візай. Мінуў амаль тыдзень, а адказу дагэтуль няма, таму мы чакаем.

Сам Яцак Пратасевіч мае дыпляматычны пашпарт, што дае яму права перакрочваць мяжу без неабходнасьці атрыманьня візы. Паводле словаў польскага эўрадэпутата, візыт адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі ўсе ўдзельнікі дэлегацыі будуць мець магчымасьць трапіць у Беларусь. Цалкам верагодна, што паездку прыйдзецца перанесьці на канец лютага.

Акрамя таго, беларускі бок да гэтага часу не пацьвердзіў аніводнай з заплянаваных раней сустрэчаў зь дзяржаўнымі чыноўнікамі. 

Я. Пратасевіч: Пакуль мы маем толькі праграму сустрэчаў з прадстаўнікамі апазыцыі. Я абсалютна гэтым не пераймаюся. Мы павінны дакладна прыгледзіцца да сытуацыі ў Беларусі, перадусім у кантэксьце апошняга разгону міліцыяй мірнай дэманстрацыі. 

Паводле словаў Пратасевіча, канчатковае рашэньне пра прыезд у Беларусь эўрадэпутаты прымуць заўтра. Калі чальцы Эўрапарлямэнту зь Гішпаніі, Вялікабрытаніі й Італіі не адмовяцца ад паездкі, то візыт магчымы праз тыдзень. Спадар Пратасевіч спадзяецца, што беларуская амбасада не адмовіць у візах. Магчыма, рашэньне будзе прынятае са спазьненьнем, як гэта ўжо неаднаразова здаралася.

Спасылка

Видео