BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Статус пры адной умове

18.02.2009
Статус пры адной умове
Андрэа Рыгоні разглядае магчымасць прапанаваць у сваім дакладзе вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Калі гэта так станецца, умова будзе адна, — расказаў ён журналістам, — прысутнасць у дэлегацыі прадстаўнікоў апазіцыі. З ягоных словаў, паколькі дэлегацыя будзе «запрошаная», дык і яе склад і фармат будзе вызначаць Рада Еўропы. Каго лічыць апазіцыяй — таксама.

Ён сказаў, што спрабуе ацаніць, ці цяперашнія змены ў Беларусі носяць касметычны характар, ці яны скіраваныя на рэальныя перамены ў будучыні.

Дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы прыехала ў Мінск, каб ўзважыць палітычную сітуацыю ў краіне. Яе сябры, у тым ліку спецыяльны дакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні, сустракаюцца з кіраўнікамі абедзвюх палатаў парламенту, міністрамі замежных справаў, інфармацыі, адукацыі, старшынямі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, генеральным пракурорам, прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, лідэрамі палітычных партый апазіцыі, дэлегацыямі грамадзянскай супольнасці і Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Рыгоні прэзентуе свой даклад на чэрвеньскай сесіі Асамблеі.

Беларусь — адзіная краіна Еўропы, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне, і краіна з самай манапалізаванай сістэмай СМІ. Гэтаксама яна адна з дзвюх краінаў (другая — Казахстан), дзе ў парламенце няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Усё гэта закрывае ёй дарогу ў Раду Еўропы — парламенцкі форум, які яднае амаль усе краіны кантыненту.

Спасылка

Видео