BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Адкрыты ліст да польскіх уладаў ад берасьцейскага СПБ

18.02.2009
Адкрыты ліст да польскіх уладаў ад берасьцейскага СПБ
Актывісты Берасьцейскай суполкі непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі й настаўнікі Польскай грамадзкай школы імя Ігната Дамейкі зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў Польшчы.

У лісьце паведамляецца аб беспадстаўнай дэпартацыі з тэрыторыі Беларусі польскіх настаўнікаў. 31 студзеня зь Берасьця былі дэпартаваныя Пётр Борань і Галіна Зайкоўска, якія працавалі ў Адукацыйна-Кансультацыйным цэнтры „Мост”, на базе якога дзейнічае Польская грамадзкая школа імя Ігната Дамейкі Саюзу палякаў Беларусі ў Берасьці.

Аўтары ліста зьвяртаюць увагу на пагаршэньне сытуацыі польскай нацыянальнай меншасьці.

Спакон вякоў мы жывем на гэтай зямлі, хочам жыць у згодзе, захоўваючы сваю нацыянальную тоеснасьць, якая патрабуе несупыннай культывацыі традыцыяў, культуры й рэлігіі на роднай мове. У гэтым месцы неабходна сьцьвердзіць факт, што мы - палякі ў Беларусі - ня можам карыстацца такой магчымасьцю, якую маюць беларусы ў Польшчы”, - гаворыцца ў лісьце.

Аўтары ліста прыводзяць шматлікія прыклады запалохваньня, допытаў і рэпрэсіяў у дачыненьні да актывістаў суполкі, якія займаюцца выключна адукацыйна-культурніцкай дзейнасьцю, у выніку чаго польская асьвета знаходзіцца пад пагрозай. Берасьцейцы просяць польскія ўлады аказаць хуткую дапамогу ў нармалізацыі сытуацыі палякаў у Беларусі ў розных галінах грамадзкага жыцьця.

Старшыня берасьцейскай суполкі СПБ і заснавальніца Польскай грамадзкай школы імя Ігната Дамейкі Аліна Ярашэвіч зазначае, што сытуацыя палякаў увесь час пагаршаецца. І гэта датычыць ня толькі грамадзкай дзейнасьці актывістаў непрызнаванага СПБ.

Аліна Ярашэвіч: Такое стаўленьне датычыць кожнай польскай галіны, напрыклад, у прэсе. Нашы знаёмыя журналісты распавядаюць, што галоўныя рэдактары газэтаў не жадаюць, каб у іх выданьнях асьвятляліся польскія тэмы, у прыватнасьці, што датычыць культурніцкіх мерапрыемстваў на польскай мове. Складаную сытуацыю мае ня толькі наш Саюз палякаў. Настаўнікі польскай мовы, ці прамоўтэры польскай культуры штодзённа ў сваёй працы сутыкаюцца зь вялікімі перашкодамі й цяжкасьцямі. Вельмі шкада, што пра гэта ня ведаюць у Варшаве спадары ва ўрадавых кабінэтах. Яны ня ведаюць нашай рэчаіснасьці. А мы зусім не адчуваем ніводнага сьледу той лібэралізацыі й таго пацяпленьня, пра якое  пішуць у газэтах.

Генэральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасьці Яраслаў Ксёнжак звяртае ўвагу на тое, што дыпляматычная пляцоўка прыкладае ўсе магчымыя намаганьні, каб адносіны паміж польскай нацыянальнай меншасьцю й мясцовымі ўладамі складваліся, як мага найлепей.

Яраслаў Ксёнжак: Наша консульства ўвесь час старалася прадстаўляць мясцовым уладам наша становішча адносна сытуацыі мясцовых палякаў. Мы даносілі да ўладаў пастуляты польскай нацыянальнай меншасьці. Тлумачылі, што неабходна рабіць, каб мясцовыя палякі адчувалі сябе паўнавартаснымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Трэба сказаць, што ўсё гэта сустракалася зь вялікай дозай незразуменьня з боку ўладаў. Але я не губляю надзеі, што сытуацыя зьменіцца. Я не хачу рабіць далёкасяжных высноваў, але, магчыма, гэтая нармальнасьць у адносінах некаму не спадабалася. У Берасьці сапраўды дагэтуль было спакойна. На фоне іншых  рэгіёнаў Беларусі, а ў прыватнасьці,  Гарадзеншчыны, было вельмі спакойна. Мы - супрацоўнікі консульства – спадзяваліся, што сытуацыя надалей будзе стабільнай. На жаль, аказалася інакш, адбылося наперакор спадзяваньням і імкненьням нашай пляцоўкі.

Палітоляг Уладзімер Падгол зьвяртае ўвагу на тое, што ў дзяржаўных  СМІ тэма СПБ пачала паяўляцца сыстэматычна.

Уладзімер Падгол: Ідзе магутная зубадрабільная крытака СПБ, які ачольвае Анжаліка Борыс. Яе абвінавачваюць у тым, што менавіта яна выступае незаконна ад імя арганізацыі, што адзіны законны саюз - гэта той, які ўзначальвае Ю. Лучнік. Борыс абвінавачваюць у тым, што менавіта яна перадала сьпіс людзей, якія нявыгадныя ейнаму СПБ, што менавіта з-за яе адпаведныя структуры не даюць візаў шэрагу палякаў, якія ня хочуць далучыцца да ейнай арганізацыі й засталіся з Лучнікам. На мінулым тыдні ў тэлевізіі паявіўся анонс, што Анжаліка Борыс дасьць інтэрвію, якое БТ пакажа. Яна сапраўды дала ім інтэрвію, толькі зь яго паказалі два сказы. Вось вам і дэмакратыя. У аўторак „Савецкая Беларусія” надрукавала вялікі матэрыял на цэлую паласу. Наколькі мне вядома, яшчэ рыхтуецца шэраг матэрыялаў, якія былі зьмешчныя на прыватных сайтах журналістаў берасьцейскай газэты „Зоря”. Гэтыя матэрыялы ўвогуле ўтрымлівалі той зьмест, што палякі хочуць адкалоць кавалак Беларусі, дзе пражываюць этнічныя палякі й далучыць яго да Польшчы. У бліжэйшчы час мы станем сьведкамі зьяўленьня гэтых матэрыялаў.

Актывісты СПБ зьвязваюць пагаршэньне сытуацыі з падрыхтоўкай да сакавіцкага зьезду арганізацыі ў Баранавічах. Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс зьбіраецца правесьці свой чарговы, сёмы зьезд 14 -15 сакавіка.

Cпасылка



Видео