BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Імідж Беларусі ў сьвеце

15.02.2009
Імідж Беларусі ў сьвеце

У многіх краінах сьвету займаюцца мэтанакіраваным стварэньнем, разьвіцьцём і прасоўваньнем станоўчага іміджу дзяржавы.

 

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты на стварэньне прывабнага выгляду краіны за мяжой трацяць 5% дзяржаўнага бюджэту ў год. У ЗША на гэта выдаткоўваецца адзін мільярд даляраў. Расійскія ўлады наймаюць заходнія PR-агенцыі, каб тыя працавалі над іміджам краіны. Напрыклад, напярэдадні саміту G8 (“вялікай васьмёркі” у Пецярбурзе) амэрыканская кампанія Ketchum даволі пасьпяхова папрацавала на карысьць расійскага іміджу.

Беларусь таксама шчыльна занялася стварэньнем станоўчага іміджу краіны..

Сацыёляг Андрэй Вардамацкі, кіраўнік лябараторыі «Новак», выказаў такую думку: «Імідж краіны – гэта вельмі інэрцыйны панятак, які зьмяняецца вельмі марудна. Гэта вагон зь вельмі вялікай масай. Каб яго зрушыць, патрэбны вельмі вялікія і бесперапынныя намаганьні. Гэта як каштоўнасныя арыенціры, якія зьмяняюцца вельмі запаволена».

Суседка Беларусі Літва – «сьмелая краіна»

 

Летась суседка Беларусі Літва распрацавала канцэпцыю стварэньня новага вобразу краіны. «Літва – сьмелая краіна» – менавіта так, паводле задумак аўтараў канцэпцыі , можна ўявіць Літву на мерапрыемствах культурнай сталіцы Эўропы 2009 году, падчас чэмпіянату Эўропы па баскетболу ў 2011 годзе і старшыньства Літвы ў Эўразьвязе ў 2013 годзе. Кіраўнік літоўскай PR-агенцыі “No Recpect/Y&R” Паўлюс Сэнута распавёў: «Перш чым спыніцца на такім дэвізе, правялі мноства дасьледаваньняў, выяўлялі, якія рысы ўласьцівыя літоўцам, вырашылі – сьмеласьць. Абмяркоўваўся варыянт – працавітасьць, але вырашылі што тады літоўцы складуць канкурэнцыю кітайцам, якіх часьцяком ідэнтыфікуюць з ручной працай. Пацьверджаньне сьмеласьці Літвы – мноства прыкладаў: Літва першай пачала паход супраць татара-мангольскага іга, першай ськінула ярмо савецкай ўлады». Прапанаваную канцэпцыю камісія, якую ачольваў тагачасны прэм'ер міністар Літвы Гэдымінас Кіркілас, аднагалосна ўхваліла. Потым быў распрацаваны дэталёвы плян дзеяньняў па «раскрутцы» краіны.

 

«У Беларусі – даволі складаны імідж»

 

Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, якая не зьяўляецца сябрай Рады Эўропы, і якая была пазбаўленая статусу нават статусу спэцыяльна запрошанай. Кіраўніка Беларусі называюць «апошнім дыктатарам Эўропы». Эўразьвяз і ЗША ўвялі адмысловыя эканамічныя і палітычныя санкцыі ў дачыненьні Беларусі, вылучылі 12 умоваў. Пасьля вызваленьня ўсіх палітзьняволеных часткова санкцыі былі часова прыпыненыя. У той жа час абывацелі з суседніх краінаў – асабліва Расеі, Украіны – лічаць, што ў Беларусі, дзякуючы моцнаму прэзыдэнту, парадак і высокі ўзровень жыцьця.

 

«У Беларусі – даволі складаны імідж. Гэта імідж краіны, у якой жывуць сьпяваючыя дзяўчынкі і хлопчыкі, што ўражваюць Эўрабачаньне. І імідж краіны, дзе саджаюць апазыцыянэраў і судзяць журналістаў за публікацыю карыкатур», – такое меркаваньне выказаў Аляксандар Фядута, палітоляг, былы кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта.

 

Беларускі палітоляг Ірына Бугрова лічыць: “Створаны імідж Беларусі даволі нэгатыўны, імідж такой закрытай прасторы. Трэба пераадолець вельмі шмат стэрэатыпаў і ўнутранай, і зьнешняй палітыкі. І ў першую чаргу трэба пераадолець тое, што я б назвала “крызысам самаідэнтыфікацыі”. Ня можа быць такая супярэчлівая самаідэнтыфікацыя знутры і такі добры, прыгожы, мілы, белы і пушысты вобраз звонку”.

 

Твар Беларусі -- сьпявачка Ірына Дарафеева

 

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбаоаў 2006 года ў Беларусі ўжо была свая піяр-кампанія «За моцную Беларусь!» Беларускія і расейскія поп-зоркі аб'езьдзілі ўсю краіну з канцэртамі «За Беларусь». Некалькі гадоў таму прэзыдэнт Беларусі рашуча раскрытыкаваў заходнія вобразы ў вонкавай рэкляме, загадаўшы на месца «замызганых францужанак» зьмясьціць «нашых дзяўчат». Цяпер на білбордах – у асноўным міліцыянты, вайскоўцы і сяляне. У 2007 годзе «тварам Беларусі» была прызначаная сьпявачка Ірына Дарафеева, якая заўважна пацясьніла ўсіх астатніх на рэклямных білбордах, каробках беларускага печыва і цукерак...

 

Год таму пра паляпшэньне іміджу краіны сур'ёзна задумаўся і кіраўнік Беларусі.

 

Лорд Бэл нам дапаможа?

 

У лютым 2008 прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь вядомым брытанскім дзеячам  PR- індустрыі лордам Бэлам. Прымаючы лорда Бэла, Лукашэнка прызнаў: «Сьвет разьвіваецца такім чынам, што без вашага рамяства немагчыма прадставіць ў сьвеце тую ці іншую краіну».

 

Цімаці Бэл быў дарадцам Маргарэт Тэтчэр, Барыса Беразоўскага, ураду Саудаўскай Арабіі і экс-прэм’ера Тайлянду. Член Палаты лордаў Цімаці Бэл знаходзіўся ў Менску з прыватным візытам, але быў прыняты прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка паабяцаў лорду прадаставіць любую інфармацыю, паказаць любое месца, што зацікавіць спадара Бэла: «Перш чым вы станеце прыхільнікам нашай краіны і нашага народа, мы, у першую чаргу, павінны пераканаць вас у тым, што Беларусь зьяўляецца эўрапейскай краінай». У сакавіку 2008 года лорд Цімаці Бэл заявіў у інтэрв'ю буйной расейскай газэце “The Moscow Times”, што за працу над паляпшэньнем іміджу Лукашэнкі ягоная кампанія «Bell Pottinger” «заробіць мільёны даляраў на наступныя некалькі гадоў». Як працуе лорд Бэл, якія паліттэхналёгіі і мэтады ўжывае – інфармацыя пра гэта закрытая для грамадзкасьці.

 

 

У лістападзе 2008 году прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі наведаў Лёнданскі інвэстыцыйны форум, каб наладзіць сувязі з патэнцыйнымі замежнымі інвэстарамі. А напярэдадні Новага году кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі падпісаў распараджэньне «Аб стварэньні міжведамаснай працоўнай групы для выпрацоўкі пляну дзеяньняў па разьвіцьці краінавага маркетынгу Рэспублікі Беларусь». Краінавы маркетынг – гэта комплекс стратэгічных, практычных мерапрыемстваў па прасоўваньні розных перавагаў краіны. Гэта перавагі эканамічныя, інвэстыцыйныя, інфраструктурныя, навуковыя, чалавечыя. Гэта інтэграцыя краінавых перавагаў у рынкі міжнародныя і рэгіянальныя, інтэграцыя краіны ў міжнародныя нормы і стандарты.

 

Сюрпрызам для грамадзкасьці стала тое, што ў склад групы былі ўключаныя незалежныя экспэрты: эканаміст Яраслаў Раманчук, сацыёляг Андрэй Вардамацкі, спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю Раман Касьціцын, спэцыяліст па рэкляме і пазацыянаваньні Пятар Папялушка і маркетоляг Анатоль Акенцінаў. Узначальвае групу намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, у яе складзе – высокапастаўленыя чыноўнікі. Але пасьля двух працоўных паседжаньняў Яраслаў Раманчук прыняў рашэньне пакінуць працоўную ўрадавую групу. Канцэпцыю мерапрыемстваў па разьвіцьці краінавага маркетынгу, прапанаваную спадаром Раманчуком і чатырма ягонымі калегамі, чыноўнікі не прынялі...

 

Людміла Корсак

[email protected]

 

 
Видео