BE RU EN
rss facebook twitter

Маратон пісаньня лістоў Amnesty International

15.12.2008
Маратон пісаньня лістоў Amnesty International

Каля 73000 лістоў за 24 гадзіны напісалі палякі падчас дзявятага Маратону Amnesty International. “Мы ня верым у посьпех. Мы ведаем! Таму ў 130 гарадах будзем пісаць лісты з пратэстамі да тых, хто перасьледуе, і лісты салідарнасьці да тых, каго перасьледуюць”. Amnesty International запрашаў пісаць, а рэклямны ролік папярэджваў: “Адзіная памылка, якую можаш зрабіць, гэта не прыйсьці”.  



У Варшаве адмысловым госьцем Маратону быў Хаакін Жазэ Мартынэз з ЗША. Былы вязень выйшаў на волю з камэры сьмяротнікаў. Прэсавы сакратар польскага адзьдзяленьня Amnesty International Моніка Дэптула: 

-- Аказалася, што кара сьмерці пагражала нявінаватаму. Сёньня ён удзельнічае ў кампаніі па ліквідацыі сьмяротнага пакараньня на сьвеце. Яго надзвычай драматычная гісторыя даказвае: пакуль будзе сьмяротнае пакараньне, будуць і памылкі.  

У мінулым годзе пісалі з хуткасьцю 34 лісты за гадзіну. Адмысловым госьцем была беларуская праваабаронца Вера Страмкоўская – адна зь гераіняў фільму “Хто верне Эву ў рай”. Гледачы спачувалі драматычнаму лёсу актыўных беларускіх жанчын.  

Да посьпехаў Маратону 2007 Amnesty International адносіць памілаваньне каралём Саўдаўскай Арабіі 19-ці гадовай студэнткі, якая атрымала вырак за тое, што знаходзілася ў таварыстве чужых мужчын.  

Былі вызваленыя 6 з 14-ці чалавек, у абарону якіх пісалі летась.  

Лісты салідарнасьці трапілі ў калёнію, дзе адбываў пакараньне Аляксандар Казулін, а таксама на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі з заклікам вызваліць палітвязьня.  

У 2006 годзе „Amnesty International” закідвала лістамі ў абарону Зьмітра Дашкевіча.  

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч: 

-- З „Amnesty International” нам перадалі вялізнага бусла, напоўненага лістамі, якога мы аднесьлі ў МУС як патрабваньне грамадзкасьці сьвету спыніць палітчыны перасьлед у Беларусі. Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінкевіч дзякавалі, бо лісты ўплываюць і на ўлады, і на кіраўніцтва турмы.  

Масавае засыпаньне лістамі спрыяе, прынамсі , паляпшэньню ўтрыманьня вязьняў сумленьня. 

Сёлята Amnesty International выступіла ў абарону 16-ці асобаў. Артадаксальны вернік з Эрытрэі, якому забаронена вызнаваць яго рэлігію, Сяргей Гургураў з Малдавіі, якога катаваньнямі падчас сьледства зрабілі інвалідам. Міхаіл Хадаркоўскі з Расеі, людзі з Кітаю, ЗША, Турцыі, Мэксыкі. 

Маратон прыдумала варшаўская філія арганізацыі Amnesty International ў 2001 годзе.  

Дата акцыі невыпадковая. 13 сьнежня 1981 г. у Польшчы было ўведзенае ваеннае становішча. Палякі памятаюць, як змагаліся за свае правы. Праз 27 гадоў тут ужо ладзяцца гістарычныя рэканструкцыі сутычак АМАПу з апазыцыяй, кшталту рэканструкцыяў рыцарскіх баёў, або вайны 1812 г.  

У Беларусі сутычкі, перасьлед і турэмныя зьняволеньні – суровая рэчаіснасьць. Праваабароцы заваленыя працаю пасьля кожнай акцыі апазыцыі. Але Ўладзімер Лабковіч верыць, што надыдзе час, калі беларусы пачнуць масава выступаць у абарону правоў людзей зь іншых краін, бо такі панятак, як салідарнасьць, у грамадзтве існуе. 

“Натхняльнікамі кампаніі могуць быць маладыя людзі, што самі былі ў вязьніцы і атрымлівалі лісты. Беларусы з ахвяраў могуць стаць змагарамі за правы людзей, што несправядліва трапляюць за краты і знаходзяцца нават у больш нялюдзкіх умовах, чым у Беларусі”.   

На Маратоне-2008 былі канцэрты, фільмы, дыскусыйныя панэлі да раніцы.  

У Катавіцах Маратону спадарожнічаў трыццацігадзінны Фэстываль Вольных Людзей. Музычнаю зоркаю быў рок-гурт B:N (Бяз назвы) з беларускага мястэчка Бяроза, больш папулярны ў Польшчы, чым на радзіме, дзе рок- музыкі ня маюць магчымасьці выступаць свабодна.   

“Фэстываль і Маратон паказваюць, што барацьба за справядлівасьць мае розныя формы”, -- кажуць арганізатары.  

Галіна Халадок

[email protected]
Видео