BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь – Эўропа: супрацоўніцтва ці ізаляцыя?

15.10.2008
 Беларусь – Эўропа: супрацоўніцтва ці ізаляцыя?

Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года, дэ-юрэ замацавала права беларускай нацыі на самавызначэньне і абвесьціла поўны дзяржаўны сувэрэнітэт, важным элемэнтам якога стала «незалежнасьць рэспублікі ў зьнешніх зносінах». І толькі пасьля Белавескіх пагадненьняў у сьнежні 1991 года Беларусь дэ-факта стала сувэрэннай незалежнай дзяржавай. 2 кастрычніка 1991 года была прынята заява «Аб прынцыпах зьнешнепалітычный дзейнасьці Рэспублікі Беларусь». На пачатку 1990-х гадоў былі ўсталяваныя дыпляматычныя адносіны з бальшынёй эўрапейскіх краінаў. За мяжой адкрываліся беларускія амбасады, у Беларусі – пасольствы і дыпмісіі эўрапейскіх краінаў і міжнародных арганізацый. Беларусь пачала эфэктыўна супрацоўнічаць з АБСЭ, НАТО, Радай Эўропы, іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

Рэфэрэндум 1996-га: Эўрапа адмовілася прызнаваць легітымнасьць Канстытуцыі

Аднак шмат што зьмянілася з прыходам да ўлады Лукашэнкі. На сёньняшні дзень можна на пальцах адной рукі пералічыць, да прыкладу, колькасьць афіцыйных, дый проста працоўных візытаў у эўрапейскія краіны, якія ажыцьцявіў прэзыдэнт беларускай дзяржавы за гады свайго 14-гадовага кіраваньня . У ліпені 1996 года адбыўся візыт Лукашэнкі ў Францыю – першы афіцыйны візыт прэзыдэнта Беларусі ў краіны далёкага замежжа. А потым – доўгае зацішша.

У лістападзе 1996 года ў Беларусі прайшоў ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндум, пасьля якога былі ўнесеныя істотныя зьмены ў Канстытуцыю, фактычна распушчаны парлямэнт – Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Эўразьвяз адмовіўся прызнаваць легітымнасьць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзеючай пасьля рэфэрэндуму. Двухбаковыя адносіны на ўзроўні міністраў былі прыпыненыя, а таксама было замарожана аказаньне тэхнічнай дапамогі Беларусі з боку Эўразьвязу ў межах праграмы TACIS, за выключэньнем гуманітарнай дапамогі, рэгіянальных праграм і праграм, што садзейнічаюць працэсу дэмакратызацыі. Краіны Эўразьвязу таксама адмовіліся падтрымліваць кандыдатуру Беларусі на ўступленьне ў Раду Эўропы.
Пры канцы 1997 года ў Менску адкрыўся офіс Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, якую ачоліў нямецкі дыплямат Ханс-Георг Вік.

Дыпляматычны скандал вакол Драздоў

Адносіны Беларусі з заходнімі краінамі былі канчаткова сапсаваныя пасьля дыпляматычнага канфлікту 1998 году. Кіраўніцтву дыпмісій прапанавалі вызваліць рэзыдэнцыі ў Драздах, падстава – тэрміновы рамонт каналізацыйных сетак. Прадстаўнікі амбасадаў адназначна ацанілі дзеяньні беларускіх уладаў як парушэньне Венскай канвэнцыі. Пасол Францыі Бэрнар Фасье назваў гэта “беспрэцэдэнтным выпадкам ў гісторыі дыпляматыі”, а пасол Літвы Віктарас Баўбліс назваў дзеяньні ў дачыненьні дыпляматаў “мэтанакіраваным зьдзекам”. Спачатку Лукашэнка заявіў, што “Дразды – гэта ягоная асабістая рэзыдэнцыя. Амбасадары 13 краінаў, акрэдытаваных у Беларусі, зьдзейсьнілі сумесны дэмарш, наведалі МЗС, перадалі тагачаснаму міністру замежных справаў Івану Антановічу адмысловую заяву. Ініцыятар дэмаршу амбасадар Вялікай Брытаніі Джэсіка Пірс зрабіла заяву для прэсы, у якім паведаміла, што дэмарш зьяўляецца сумесным – краінаў Эўразьвязу, а таксама Літвы, Польшчы, Японіі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Турцыі і ЗША.

20 чэрвеня 1998 года амбасадары пакінулі Беларусь “для тэрміновых кансультацый са сваімі ўрадамі”. Дыпляматычны крызыс дасягнуў свайго апагею. Адказам зьявілася рашэньне, прынятае Эўразьвязам, аб прызнаньні беларускіх вышэйшых службовых асобаў пэрсонамі нон грата на тэрыторыі краін ЭЗ. Да гэтага рашэньня далучылася большасьць краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.

26 чэрвеня 1998 года Аляксандар Лукашэнка на эканамічным форуме ў Кран-Мантана (Швайцарыя) заявіў пра падвойныя стандарты ў эўрапейскай палітыцы. На форум ён прыбыў са спазьненьнем, гаварыў выключна пра палітыку, а не пра эканоміку, што выклікала адэкватную рэакцыю прысутных. Пасьля гэтага кіраўнік Беларусі дэманстратыўна пакінуў залю...

Эўрапейцы выстаўляюць умовы і патрабаваньні

2 ліпеня 1998 года міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала чарговы даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і заклікала Раду Эўропы не аднаўляць Беларусі статус спэцыяльнай запрошанай ў РЭ. А ўвосень 1998 года беларускія ўлады адмовілі ў працягу акрэдытацыі і візаў супрацоўнікам КНГ АБСЭ, і ўсе дыпляматы пакінулі Беларусь.
Гэтымі дзеяньнямі беларускі рэжым сам загнаў сябе ў міжнародную ізаляцыю.
АБСЭ, іншыя ўплывовыя міжнародныя арганізацыі не раз заклікалі афіцыйны Менск стаць на шлях дэмакратызацыі. На Стамбульскім саміце АБСЭ ў лістападзе 2000 году, куды быў запрошаны і Аляксандар Лукашэнка, былі вылучаныя 4 умовы: правесьці свабодныя, дэмакратычныя і празрыстыя выбары; зьмяніць атмасфэру страху на атмасфэру даверу, наладзіць дыялёг з апазыцыяй; абраць і надаць паўнапраўныя паўнамоцтвы дэмакратычнаму парлямэнту; прадаставіць свабоду СМІ. Беларусь гэтыя ўмовы ня выканала.

Цягам многіх гадоў у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ працавалі адмысловыя рабочыя групы па Беларусі, якія ачольвалі Адрыян Сэвэрын, Ута Цапф. У Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы прызначаліся спэцдакладчыкі па Беларусі (Вольфганг Бэрэндт, Андрэа Рыгоні да іншыя). На парлямэнцкія (2004 і 2008 гг.) і прэзыдэнцкія (2001, 2006 гг.) выбары прыяжджалі міжнародныя назіральнікі БДІПЧ АБСЭ. Выбары прызнаваліся недэмакратычнымі, непразрыстымі. Эўрапейцы выстаўлялі новыя ўмовы Беларусі.

Зноў умовы...  Разам з жорсткімі санкцыямі

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года, якія ў Эўропе палічылі не адпаведнымі міжнародным дэмакратычным нормам, Эўразьвяз і ЗША ўвялі санкцыі супраць амаль сарака беларускіх чыноўнікаў, а таксама супраць кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі – забарону на ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, замарожваньне рахункаў.

Так, у лістападзе 2006 года Эўразьвяз высунуў 12 умоваў, каб беларускія ўлады:

1. Паважалі права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам;незалежнае назіраньне за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна; права волевыяўленьне й права на справядлівы падлік галасоў.

2. Паважалі права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, на свабоду слова, дазволіўшы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага перасьледу, не закрываючы СМІ і не замінаючы іх распаўсюджваньню.

3. Паважалі правы грамадзкіх арганізацыяў як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі.

4. Вызвалілі ўсіх палітычных зьняволеных — сябраў дэмакратычных апазыцыйных партыяў, сябраў і звычайных грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэчаў.

5. Належным чынам правялі незалежнае расьсьледаваньне або перагледзелі выпадкі са зьнікненьнем грамадзянаў.

6. Забясьпечылі права народу Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сыстэму.

7. Спынілі адвольныя арышты, затрыманьні й нягоднае абыходжаньне зь людзьмі.

8. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

9. Паважалі працоўныя правы грамадзянаў Беларусі, у прыватнасьці, іх права на сяброўства ў прафсаюзах, і права прафсаюзаў дзейнічаць у абарону правоў чалавека.

Беларусь выканала адну з умоваў ЭЗ і ЗША — вызваліла ўсіх палітвязьняў. 10. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасьць без празьмернага ўмяшальніцтва ўладаў.

11. Далучыліся да іншых народаў Эўропы і забаранілі пакараньне сьмерцю.

12. Выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЭ, ЭЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека.

Паміж Эўропай і Беларусьсю пацяпленьне?

Летам 2008 года Беларусь выканала адну з умоваў ЭЗ і ЗША — вызваліла ўсіх палітвязьняў.

13 кастрычніка 2008 года ў Люксэмбургу на саміце Рады Міністраў Эўразьвязу на 6 месяцаў прыпыненыя візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў. З 41 асобы, якія ўваходзілі ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз, засталіся пяцёра – Лідзія Ярмошына, Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Дзьмітры Паўлічэнка і Юры Сівакоў. Старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну эўрапейцы вінавацяць у недэмакратычным характары выбараў. А міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў і іншыя асобы застаюцца падазраванымі ў зьнікненьні апанэнтаў улады Віктара Ганчара, Юр’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Людміла Корсак

[email protected] 

Видео