BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Фэстываль нефармальнай адукацыі 2008 атрымаўся!

13.10.2008
Фэстываль нефармальнай адукацыі 2008 атрымаўся!

На Другім Фэстывалі нефармальнай адукацыі, з 10 да 12 кастрычніка, у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры сустракаліся і абменьваліся вопытам удзельнікі грамадзкіх арганізацый зь Беларусі, Украіны, Расеі, Нямеччыны, Швэцыі, Даніі і Польшчы.  

Старшыня аргкамітэту ІІ Фэстывалю нефармальнай адукацыі ў Беларусі Ўлад Вялічка кажа, што фэстываль атрымаўся і як сьвята, і як форум адукатараў, – людзей, што рэалізуюць нефармальную адукацыю ў Беларусі.  

Але, галоўнае, мерапрыемства выклікала цікавасьць і ў тых людзей, што дагэтуль не праяўлялі актыўнасьці на грамадзкіх пачатках.  

Улад Вялічка: Адным з галоўных дасягненьняў варта лічыць тое, што нам удалося залучыць на гэты фэстываль людзей незаангажаваных у нефармальную адукацыю. Каля двух сотняў людзей прыйшло ў другі дзень фэстывалю, каб пазнаёміцца з тым, што прапануюць адукатары, якія яны маюць праграмы, паслугі. Таксама нам удалося арганізаваць размовы і перамовы з нашымі эўрапейскімі партнэрамі. Для іх гэта была магчымасьць у сканцэнтраванай форме ўбачыць і прааналізаваць стан нефармальнай адукацыі ў Беларусі, а таксама наладзіць новыя кантакты, стасункі, магчыма, знайсьці новыя рашэньні, як працаваць у нашай краіне. Яшчэ нам хацелася сьвята. У людзей шмат працы часам, няма калі адно аднаго падтрымаць, пагутарыць. Гэтым разам удалося. Была культурная праграма, сустрэча з вядучымі рэдактарамі беларускіх часопісаў. Гэта важны кампанент нефармальнай адукацыі таксама.  

Нефармалы

Асноўным пытаньнем нефармальнай адукацыі ў Беларусі зьяўляецца грамадзянская адукацыя. Яна ў Беларусі, як раз, цалкам выцесьнена ў нефармальную сфэру.  

У той час, калі дзяржава займаецца ідэалягічнай адукацыяй, людзям, заангажаваным у грамадзянскай адукацыяй, даводзіцца нялёгка.  

Для Ўладзімера Мацкевіча адукацыя зьяўляецца прафэсыйнай галіною дзейнасьці. Але займацца праблемамі адукацыі сп.Мацкевіч вымушаны цяпер толькі ў грамадзкім сэктары, бо ў Беларусі ў галіне фармальнай адукацыі існуе такая зьява, як забарона на прафэсію.  

Уладзімер Мацкевіч на пачатку 90-х працаваў з Міністэрствам адукацыі Латвіі й Расеі. Вяртаўся ў Беларусь для таго, каб працаваць менавіта ў сфэры адукацыі, бо ўжо да гэтага кансультаваў тых людзей, якія займаліся распрацоўкаю стандартаў адукацыі. Пакуль яшчэ была адносная свабода, міністар адукацыі замовіў сп. Мацкевічу распрацоўку другога варыянту рэформы адукацыі. Яе не прынялі, а неўзабаве пачалося суцэльнае згортваньне працэсаў дэмакратызацыі. З 2003 году Ўладзімер Мацкевіч цалкам заангажаваны ў нефармальнай галіне.  

У якім стане нефармальная адукацыя ў Беларусі? 

Мацкевіч: У напалову мёртвым стане. Усё пачалося досыць інтэнсіўна напачатку 90-х. У сярэдзіне 90-х былі падставы меркаваць, што магчымае разьвіцьцё. А на сёньня – гэта сытуацыя выжываньня. У параўнаньні з суседнімі краінамі – Літвой, Польшчай, Украінай – у Беларусі гэта мае вельмі невыразны выгляд. Праўда, ёсьць дасягненьні, якімі мы можам ганарыцца, а нават і прапанаваць іх Эўропе. У 2000 годзе мы рабілі даклад на канфэрэнцыі ЮНЭСКА ў Варшаве па функцыянальнай пісьменнасьці. Навуковыя і арганізацыйныя распрацоўкі на гэтую тэму, якія мы маем, зьяўляюцца найлепшымі. У нас распрацавана канцэпцыя грамдзянскай адукацыі, закранаецца шырокі спэктар кампэтэнцыяў. Гэта прававая, эканамічная, грамадзянская, а таксама і моўная пісьменнасьць. У параўнаньні з кожнай эўрапейскай краінай беларусы маюць жахлівы стан пісьменнасьці, бо не валодаюць мовамі. Сучасны чалавек павінны валодаць некалькімі замежнымі мовамі, а ў беларусаў праблема нават з захаваньнем роднай. А тое, што робіцца ў Беларусі падчас выбараў, напрыклад, гэта вынік грамадзянскай непісьменнасьці.  

У чым галоўная задача нефармальнай адукацыі?  

Мацкевіч: Галоўная праблема нефармальнай адукацыі сёньня – ліквідацыя грамдзянаскай непісьменнасьці. Навучыць людзей быць грамадзянамі. І паводзіць сябе, як грамадзяне. Не як падданыя, а як грамдзяне, якія маюць правы, гонар, любяць сваю краіну і па меры сваіх магчымасьцяў і сілаў нешта робяць для будучыні гэтай краіны.  

Паводле мэтадоляга Агенцыі гуманітарных тэхналёгіяў Уладзімера Мацкевіча, “нефармалы” ўступаюць у канфрантацыю з фармалізаванай адукацыяй, якая падтрымліваецца дзяржаваю. Тут і розьніца і канцэпцыяў, і падыходаў, не кажучы пра розьніцу мэтадаў і каштоўнасьцяў. Але згодна з абраным сымбалем: “Мы адзін народ!”, трэба прасоўваць абгрунтаванае культурай і спадчынай бачаньне нефармальнай адукацыі з грамазянскага пункту гледзішча. Дзеля гэтага падрыхтаваная адмысловая канцэпцыя. “Нават пры тых малых магчымасьцях, якія існуюць у краіне, мы зьбіраемся яе прасоўваць”, -- кажа Ўладзімер Мацкевіч.  

Сябра гарадзенскай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня Цэнтар Трэці сэктар Алеся Бяленік – прадстаўніца маладога пакаленьня на фэстывалі: “Мы прыехалі прадставіць дзейнасьць нашай арганізацыі. У нас шмат цікавых, унікальных накірункаў. Школа маладога журналіста, напрыклад, дзейнічае ўжо 12 гадоў. Існуе інтэрнэт-партал “Твой стыль” – гэта газэта- радыё для моладзі, Школа сацыяльнага аніматара ды іншыя.  

Аляксандар Мазуркін зь Менскага моладзевага адукацыйнага цэнтру адзначае практычныя карысьці фэстываля: “па-першае, фэстываляў ня вельмі шмат, дзе б можна было паразмаўляць, даведацца пра новыя арганізацыі, якія працуюць у Беларусі. Па-другое, мы робім прэзэнтацыю праграмы “Моладзь у дзеяньні”. Гэта праграма можа прынесьці шмат карысьці беларускім арганізацыям на міжнародным узроўні.  

Нашыя веды могуць быць поўныя, але яны датычаць мінулага, а сучасная сытуацыя вельмі хутка мяняецца. І нават поўныя веды, якія тычацца мінулай сытуацыі, трэба пашыраць. Гэтыя тэзысы былі выкладзеныя ў дакладзе старшыні рады дырэктароў Грамадскага аб’яднаньня «Цэнтар сацыяльных інавацый» Тацьцяны Пашэвалавай.  

Для гатоўнасьці адказваць на выклікі будучыні, прадбачыць іх і да іх рыхтавацца, базавых кампэтэнцыяў недастаткова. Маецца на ўвазе кампэтэнтнасьць прававая, эканамічная, грамадзянская. Гэта ўсё пераклікаецца з сусьветнымі тэндэнцыямі. Цяпер у сьвеце назіраюцца тэндэнцыі перавагі фармальнай адукацыі. Нават дакладчыца з Нямеччыны казала пра тое, што ў іх кріне існуе неабходнасьць узмацняць менавіта ролю грамадзянскай адукацыі. Беларусы – нацыя, якая шмат чытае, больш за ўсіх карыстаецца інтэрнэтам на постсавецкай прасторы. Але іх палітычная і гармадзянская актыўнасьць, уся сытуацыя ў краіне паказвае, што яны адстаюць. Яны рэактыўна рэагуюць на тое, што адбываецца, але ўжо пасьля таго, як гэта адбылося, а не зараней рыхтуюцца да падзеяў.  Лепшая будучыня фармальнай адукацыі ў Беларусі - наперадзе, кажа  Улад Вялічка: "Спрабуем закласьці традыцыю, бо лічым, што правядзеньне такіх фэстываляў – стратэгічна важны момант для Беларусі. Мы спадзяемся і разьлічваем, што будзе трэці й чацьвёрты фэстываль. Пакуль што плянуем праводзіць іх раз на два гады. Але прагучалі прапановы, каб паміж фэстывалямі праводзіць іншага кшталту сустрэчы. Гэтыя мерапрыемствы маглі б быць сканцэнтраваныя на абмеркаваньні пытаньняў разьвіцьця нефармальнай адукацыі ўжо не ў фармаце сьвята, а ў фармаце працоўнай сустрэчы. Гэта можа быць форум, канфэрэнцыя, круглы стол".

Галіна Альшанская 

[email protected] 

 

 


Видео