BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Распачаўся фэст нефармальнай адукацыі

11.10.2008
 Распачаўся фэст нефармальнай адукацыі
У ім бяруць удзел каля 90 арганізацый і больш за 200 чалавек зь Беларусі, Украіны, Расеі, Нямеччыны, Швэцыі, Даніі і Польшчы.

Імпрэзы праходзяць у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Ладзіць фэст асацыяцыя арганізацый, што займаюцца грамадзянскай адукацыяй.

Адна з удзельніц фэсту Тамара Мацкевіч, якая прадстаўляе цэнтар “Супольнасьць”, кажа, што так пашыраная ва ўсім сьвеце грамадзянская адукацыя ў нашай краіне цалкам выцесьнена ў нефармальную сфэру. І гэта не залежыць ад таго, ці хочаш ты навучаць людзей правам жанчыны ў сям’і, ці правілам беражлівага стаўленьня да прыроды. Таму мажлівасьць удзелу ў такіх фэстах — адзіны спосаб для энтузіястаў пабачыць і пачуць, што робяць іншыя. І паінфармаваць пра гэта грамадзтва:

“Мэта правядзеньня гэтага фэстывалю — заявіць пра сябе, пра тое, што нефармальная адукацыя ў нас існуе і што ёсьць арганізацыі, якія ёю займаюцца. Заявіць нашай дзяржаве, што мы ёсьць”.

Па словах Тамары Мацкевіч, ніякімі аспэктамі фармаваньня грамадзянскай супольнасьці ў краіне беларуская дзяржава не зацікаўленая:

“Дзяржава, я сказала б, грамадзянскай адукацыяй зусім не займаецца. Яна займаецца хутчэй ідэалягічнай адукацыяй. А ёсьць шмат людзей сярод настаўнікаў, сярод моладзі, якія хочуць мець сапраўды сучасныя веды ў грамадзянскай сфэры. Таму, зразумела, што попыт на нашы веды ёсьць. На жаль, асноўная праблема ў нас — гэта доступ да мэтавай групы”.

Актывісты нефармальнай адукацыі ў Беларусі пазбаўленыя мажлівасьці выкладаць свае веды ў навучальных установах, моладзевых інтэрнатах, не заўжды могуць арэндаваць памяшканьне пад вучэбныя праграмы, надрукаваць іх. Таму на першы плян выходзяць сучасныя тэхналёгіі, да якіх і зьвярнуўся цэнтар “Супольнасьць”:

“Мы будзем прэзэнтаваць наша новае мультымэдыйнае выданьне — зборнік матэрыялаў па грамадзянскай адукацыі. Гэты зборнік мае трыццаць аўтараў — настаўнікаў з усіх куткоў краіны. Агульная тэма гэтых матэрыялаў — як навучаць дэмакратыі ва ўмовах сучаснай Беларусі”.

За час фэсту яго ўдзельнікі зьбіраюцца паслухаць і абмеркаваць некалькі дзясяткаў дакладаў, сустрэцца з рэдактарамі і аўтарамі часопісаў “pARTisan”, “Тэксты”, “Паміж”, “Маналёг”, “Druvis”, паўдзельнічаць у майстар-клясах і конкурсах.

Cпасылка 

Видео