BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Прэс-анонс ІІ Фестываля нефармальнай адукацыі

03.10.2008
Прэс-анонс ІІ Фестываля нефармальнай адукацыі

З 10 па 12 кастрычніка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Рау (ММАЦ, г. Мінск, пр-т Газеты “Праўда”, 11) адбудзецца II Фестываль нефармальнай адукацыі.

На працягу трох дзён на адной пляцоўцы адбудуцца сустрэчы, дыскусіі і круглыя сталы паміж прадстаўнікамі шматлікіх беларускіх арганізацый, дзяржаўных і недзяржаўных, камерцыйных і непрыбытковых, з мэтай абмеркаваць перспектывы, накірункі развіцця нефармальнай адукацыі ў Беларусі.

Фестываль ініцыяваны шэрагам беларускіх асветніцкіх і адукацыйных аб’яднанняў. Каля 200 удзельнікаў Фестываля (прадстаўнікі арганізацый, якія прапануюць сваім удзельнікам і кліентам разнастайныя адукацыйныя праграмы: ад развіцця асобы і арганізацыі вольнага часу да атрымання новых прафесійных ведаў і кампетэнцый) сустрэнуцца дзеля абмену досведам і прэзентацыі разнастайнасці сферы нефармальнай адукацыі. Акрамя беларускіх арганізацый у Фестывалі прымаюць удзел прадстаўнікі Германіі, Даніі, Швецыі, Польшчы, Расіі і Украіны.

Першы дзень Фестываля прысвечаны правядзенню секцый па пытаннях “Нефармальная адукацыя як прадмет адукацыйнай палітыкі”, “Нефармальная адукацыя як сродак вырашэння актуальных грамадзянскіх задач”, “Адукатары ў нефармальнай адукацыі”, “Міжсектарнае ўзаемадзеянне ў нефармальнай адукацыі”.

Другі дзень Фестываля, 11 кастрычніка, які пройдзе ў фармаце Дня адчыненых дзвярэй, па словах Улада Вялічкі, аднаго з арганізатараў Фестываля, з’яўляецца інавацыяй: “Гэта спроба запрасіць да ўдзелу звычайных беларускіх грамадзян, якія шукаюць магчымасці для сваёй дадатковай адукацыі. Падчас шырокай выставы прапаноў у сферы нефармальнай адукацыі госці Фестываля змогуць наведаць выставу і прэзентацыі арганізацый і іх праграм, прыняць удзел у майстар-класах, пазнаёміцца з шырокім спектрам цікавай літаратуры па розных тэмах”.

Удзел гасцей Фестываля ў мерапрыемствах гэтага дня бясплатны, папярэдняй рэгістрацыі не патрабуе, абмежаванні існуюць толькі ў дачыненні да магчымасці памяшканняў прыняць адпаведную колькасць людзей.

У трэці дзень адбудуцца паседжанні круглых сталоў па тэмах “Прызнанне нефармальнай адукацыі ў Беларусі”, “Развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў нефармальнай адукацыі” і “Да актуальных задач грамадзянскай адукацыі ў Беларусі”.

Запрашаем журналістаў да супрацоўніцтва пры асвятленні падзей Фестываля. Для журналістаў, якія маюць намер узяць удзел у працы Фестываля, будуць падрыхтаваны дадатковыя інфармацыйныя матэрыялы, а таксама прадугледжана акрэдытацыя. Калі ласка, звяртайцеся да прэс-сакратара Алесі Белановіч па электронной пошце [email protected] і тэлефону                + 375 29 8786779        .

Дадатковую інфармацыю (папярэднюю праграму, апісанне майстар класаў) можна знайсці на сайце www.adukatar.net

 Нефармальная адукацыя – гэта ваш фармат!

Видео