BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Год за два, шматтомны раман – за тры ўрокі

30.09.2008
Год за два, шматтомны раман – за тры ўрокі

Усе школьнікі зараз вучацца па агульных праграмах – па “Адзіным тыпавым вучэбным пляне”. Вывучэньне ўсіх прадметаў ва ўсіх агульнаадукацыйных установах, уключаючы ліцэі і гімназіі, ажыцьцяўляецца на базавым узроўні. Выступаючы на ўрачыстасьцях з нагоды адкрыцьця новай школы ў сталічным мікрараёне Лошыца, прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка ухваліў чарговую рэформу адукацыі і запэўніў, што цяпер любы школьнік, які засвоіць спрошчаныя школьныя праграмы, без рэпэтытараў зможа паступіць у ВНУ.

Куды сьпяшаемся? Навошта такі аўрал?

Пра пераход з 12-годкі  на 11-годку загаварылі толькі ў траўні, пры канцы навучальнага года. Заканадаўча зьмены сваім Дэкрэтам № 15 “Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі” прэзыдэнт зацьвердзіў 17 ліпеня -- менш чым за паўтара месяцы да пачатку новага навучальнага году. Цалкам відавочна, што на падрыхтоўку новых праграм, вучэбных плянаў, не кажучы ўжо пра новыя падручнікі, часу не было. Рэформа праводзілася ў нерэальна сьціслыя тэрміны, часу на падрыхтоўку не было.

Вучэбныя праграмы і каляндарныя пляны па школьных прадметах, распрацаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі ў аўральным парадку, зьявіліся літаральна пры канцы жніўня, іх не пасьпелі нават надрукаваць і разаслаць па школах. Таму літаральна за некалькі дзён да 1 верасьня іх пачалі разьмяшчаць на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага інстытуту адукацыі (www.adu.by) і друкаваць у «Настаўніцкай газеце». Натуральна, не ва ўсіх сельскіх школах ёсьць інтэрнэт. Дый ня ўсе настаўнікі маюць доступ і ўмеюць карыстацца сецівам. Але гэта яшчэ не самае страшнае, урэшце рэшт школы атрымалі гэтыя дакумэнты ў друкаваным выглядзе. Але калі пэдагогі зь імі ўважліва пазнаёміліся, многія былі ў недаўменьні. А калі да гэтага дадаць яшчэ праблемы з падручнікамі – настаўніцтва апынулася ў сапраўдным шоку.

Шматтомны раман клясыка – за тры ўрокі?

Вось некалькі прыкладаў. Значна скарацілася колькасьць гадзінаў на вывучэньне рускай і  беларускай мовы і літаратуры, асабліва ў старэйшых клясах. Настаўнік беларускай мовы мовы і літаратуры з 38-гадовым стажам з Іванава Берасьцейскай школы Рыгор Сыраватка кажа: «Тры гадзіны на мову і літаратуру — гэта проста незразумела, як яе вывучаць. У адзінаццатай, выпускной клясе — дзьве гадзіны мовы і адна літаратуры».

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валерыя Сом прагартала навучальныя пляны: “Уладзімер Караткевіч, раман “Каласы пад сярпом тваім” — 3 гадзіны. Васіль Быкаў, “Знак бяды” — 2 гадзіны. Іван Мележ, “Людзі на балоце” — 3 гадзіны на вывучэньне. Кузьма Чорны, “Пошукі будучыні” — 1 гадзіна. Літаратура 1920—50-х гадоў, уключаючы яшчэ вайну, агляд — 1 гадзіна»

Настаўнік Рыгор Сыраватка абураецца: “За 8 гадзін вывучыць тры творы — Быкава, Караткевіча і Мележа, да таго ж жыцьцёвы і творчы шлях кожнага пісьменьніка  — мне пакуль проста незразумела, як гэта будзе, і на якім узроўні вучні будуць атрымліваць веды”.

Па рускай літаратуры на вывучэньне рамана-эпапэі Льва Талстога «Вайна і мір» адведзена... 4 урокі.

Год – за два

Яшчэ больш недарэчнасьцяў і блытаніны ў праграмах па беларускай мове. Яны зроблены пад 11-гадовую школу, быццам бы ўжо адбыўся паўнавартасны пераход. Асаблівасьці ж пераходнага пэрыяду ня ўлічаныя.

Шостая кляса, да прыкладу, скончыла вывучэньне прыметніка. Далей трэба вывучаць дзеяслоў і яшчэ масу ўсяго. А згодна з праграмай гэтага году, сяміклясьнікі пачынаюць зь дзеепрыметніка і сканчаюць прыслоўем. Некалькі частак мовы проста прапушчана.

Цэлы год дзевяціклясьнікі на ўроках біялёгіі будуць вывучаць праблемы экалёгіі. Гэта, безумоўна, вельмі важная дысцыпліна. Але ў выпускной, 11 клясе ім давядзецца за адзін год засвоіць вельмі складаны і аб'ёмны курс агульнай біялёгіі, які раней быў разьлічаны на 2 гады.

Дарэчы, больш за ўсё не пашанцавала менавіта старшаклясьнікам, якія зараз вучацца ў так званых «штрыхаваных» клясах, дзявятых і адзінаццатых, якія сёлета здаюць выпускныя іспыты, адны за курс базавай школы, другія – за курс сярэдняй. Яны павінны адолець праграму, на якую раней было адведзена два гады, практычна за адзін год. Некаторыя важныя тэмы проста апускаюцца. А дзе гарантыя, што яны ня будуць уключаныя ў білеты на выпускных экзамэнах ў школе ці ў заданьні па цэнтралізаваным тэставаньні?

Многія настаўнікі, каб пасьпець прайсьці поўны курс, задаюць на дом па два-тры параграфы, па 50 старонак. Старанныя добрасумленныя вучні сядзяць за падручнікамі да поўначы, бацькі скардзяцца...

Канспэктуем, шукаем сьпісаныя падручнікі

А самая вялікая праблема — падручнікі. Іх проста не хапае. Мовазнаўца Рыгор Сыраватка працуе настаўнікам з 1970 году: “Быў дырэктарам школы доўгі час і ведаю, што ні ў адзін год не было такога, каб поўны камплект падручнікаў быў да 1 верасьня. Але такога вэрхалу, як сёлета, яшчэ не было ні разу. Ну не пасьпелі выдаць, неяк выходзілі са становішча па адным-двух прадметах. А цяпер сытуацыя катастрафічная. Я сам ня маю некаторых падручнікаў... Міністэрства адукацыі рэкамэндуе адшукаць падручнікі, якія выдаваліся ў 1998 годзе. Але яны даўно ўжо сьпісаныя. Ёсьць клясы, дзе патрэбны два падручнікі, бо ў адным палова праграмы, а ў другім — другая палова. Да прыкладу, у дзевятай і восьмай клясе патрэбны адны і тыя ж падручнікі, а іх страшэнна не хапае”.

Настаўнікам даручана больш матэрыялу даваць на ўроках, а школьнікам – весьці падрабязныя канспэкты. Няма падручніка па чарчэньні, якое сёлета ўвялі ў праграму – не пасьпелі падрыхтаваць. Дырэктар Нацыянальнага інстытуту адукацыі Міністэрства адукацыі Генадзь Пальчык запэўніў, што па колькасьці падручнікаў павінна хапіць на ўсіх вучняў, але прызнаў, што могуць быць затрымкі і блытаніна. 

Апошнімі днямі верасьня праблема заставалася актуальнай.

Рэформы патрэбныя. Але не дэкаратыўныя, а сутнасныя

І настаўнікі, і вучні, і бацькі аднадушныя: рэформы сёньняшняй беларускай школе патрэбныя. Але рэформы не дэкаратыўныя, а сутнасныя. Яны не праводзяцца сьпехам, а рыхтуюцца гадамі, нават дзесяцігоддзямі. Заслужаны настаўнік Беларусі, матэматык з амаль 40-гадовым стажам Міхась Булавацкі з Магілёву прапануе: «Спачатку агучваецца ідэя, якая шырока і грунтоўна абмяркоўваецца менавіта на ўзроўні ідэі. Калі гэта прымаецца пэдагогамі-практыкамі, пачынаецца распрацоўка неабходных вучэбна-мэтадычных матэрыялаў (у форме тэкставых дапаможнікаў, кампутарных праграм), якія спачатку вывяраюцца на базе некалькіх навучальных устаноў. Пасьля таго, як матэрыялы адшліфуюцца і зьявяцца настаўнікі, якія дасканала валодаюць гэтымі матэрыяламі, можна праз адпаведныя сэмінары-курсы падключыць больш шырокае кола настаўнікаў-добраахвотнікаў. І толькі калі прыхільнікаў рэформы набіраецца патрэбная «крытычная маса», можна пачынаць працэс рэалізацыі ў масавым парадку».

Людміла Корсак

[email protected] 

 

Видео