BE RU EN
rss facebook twitter

“Штрыханутая школа” на парозе чарговай рэформы

16.09.2008
“Штрыханутая школа” на парозе чарговай рэформы

1 верасьня на ўрачыстасьцях з нагоды адкрыцьця чарговай новай школы ў сталічным мікрараёне Лошыца прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Мы вярнуліся да нармальнай 11-гадовай школы”.

“Этапы вялікага шляху”  

Магчыма, ня ўсе памятаюць, што менавіта спадар Лукашэнка ініцыяваў павелічэньне працягласьці сярэдняй адукацыі. Менавіта кіраўнік дзяржавы 4 студзеня 1996 года падпісаў адпаведнае распараджэньне. А ў лістападзе 2004 года, выступаючы на П зьезьдзе настаўнікаў, прэзыдэнт пацьвердзіў правільнасьць абранага шляху: «Жыцьцё паказала, што прынятае рашэньне аб рэфармаваньні агульнаадукацыйнай школы было правільным і своечасовым.  Мы ўступаем ў ХХІ стагодзьдзе з разьвітай сыстэмай адукацыі, якая захавала ўсё лепшае, што было ў савецкай школе».  

У тым жа 2004 годзе, выступаючы ў парлямэнце з пасланьнем да беларускага народу  Нацыянальнага сходу, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Вы ж ведаеце, што было на пачатку 90-х, калі нацыяналісты прыйшлі да ўлады. Яны перш за ўсё «улезьлі» ў сфэру адукацыі і пачалі ўсё ламаць і крышыць. Мы 10 гадоў ня можам пераадолець наступствы тых двух – трох гадоў ломкі. Таму тут трэба дзейнічаць вельмі ахайна і тонка».  

Тады ж, у 2004 годзе, з ініцыятывы прэзыдэнта была створана адмысловая міжведамасная камісія для вывучэньня мэтазгоднасьці пераходу сярэдняй школы на 12-гадовы тэрмін навучаньня. Камісія цалкам ухваліла 12-годку і вынесла вэрдыкт: прызнаць неабходным павелічэньне тэрмінаў навучаньня ў школе для атрыманьня якаснай агульнай сярэдняй адукацыі. Да таго ж, так мы наблізімся да цывілізаванага сьвету – шмат у якіх краінах шматроўневая сыстэма адукацыі. «Беларуская агульнаадукацыйная школа знаходзіцца на маршы буйных пераўтварэньняў» - падсумаваў тады Аляксандар Лукашэнка.  

“Закон аб сярэдняй адукацыі” дзейнічаў усяго паўтара гады

 І яшчэ адзін дакумэнт фактычна канчаткова зацьвердзіў 12-годку – “Закон аб сярэдняй адукацыі”. Натуральна, ён быў падпісаны кіраўніком дзяржавы. А ўступіў у дзеяньне ў студзені 2007 года. Але роўна праз год высьветлілася, што пераход на 12-гадовую сярэднюю адукацыю быў … “памылкай”.

 У красавіку 2008 года Аляксандар Лукашэнка заявіў літаральна наступнае: “Што гэта за размовы ў пэдагогаў, калі яны гавораць, з аднаго боку, аб паскораным разьвіцьці, аксэлерацыі, а з другога боку, трымаюць за партай 17 -18-гадовых  маладых людзей? Магчыма, я ўтрырую, але гэтым 18 – 19-гадовым дзяўчатам ўжо час нараджаць, што яны і робяць у вас у школах?”.

 У выніку ствараецца іншая міжведамасная камісія пад кіраўніцтвам першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Анатоля Рубінава. Вынік працы гэтай камісіі прадказальны: у аўральным парадку школа вяртаецца да 11-годкі.

 «Пэдагагічны сьверб рэфарматарства»  

Тут так і просіцца маленькая рэмарка. У сакавіку 2008 года газэта «Советская Белоруссия» апублікавала артыкул Анатоля Рубінава «Пэдагагічны сьверб рэфарматарства». Тут без цытаты не абыдзешся: «Час ад часу ў нас то тут, то там  ўзьнікае сьверб рэфарматарства, вылучаюцца прапановы радыкальных зьменаў. Асабліва гэта тычыцца сыстэмы адукацыі… Мы памятаем, што было на пачатку 90-х. Краіна – у развале, заробкі ў настаўнікаў мізэрныя, многія сыходзяць у камэрцыйныя сфэры. Грошай на школьнае абсталяваньне няма, школы ў заняпадзе, піянэрская і камсамольская арганізацыі разваліліся, выхаваўчы працэс падарваны. Нашы «сьвядомыя» энэргічна ўлазяць ў падручнікі па гісторыі і замяняюць адну гісторыю на другую. Здавалася б, трэба перш за ўсё ўзяцца за вырашэньне надзённых праблем. Але – не, нашы «пэдагогі» на першы плян вылучаюць іншую задачу – трэба пераходзіць ад 10-гадовай на 12-гадовую  школьную адукацыю. Навошта, чаму? Маўляў, так даўно ўжо зрабілі ў заходніх краінах…»

 Такім чынам, па вэрсіі ўдадаў, школу на 12-годку перавялі «нацыяналісты і пэдагогі» на пачатку 90-х.

 Чаму такая сьпешка?

Самае цікавае, што экспэрымэнт з 12-годкай не даведзены да канца. Першы паўнавартасны выпуск школьнікаў, якія пачалі вучыцца па 12-гадовай праграме, павінен адбыцца ў 2010 годзе. А вяртаньне да 11-годкі ажыцьцяўлялася ў аўральным парадку. Пры канцы траўня быў кінуты «пробны шар» – артыкулы ў прэсе пра магчымае вяртаньне да 11-годкі. Настаўнікі – у няведаньні, а ад гэтага – у шоку: незразумела, як будзе адбывацца пераход, па якіх праграмах і плянах давядзецца выкладаць, па якіх падручніках?
Дэкрэт прэзыдэнта №15 “Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі
” быў падпісаны 17 ліпеня, а навучальны год па новых правілах пачынаецца як звычайна, 1 верасьня.

 Што чакае нашых дзяцей?

Самыя агульныя зьмены: старшаклясьнікам давядзецца засвоіць школьную праграму, разьлічаную на два гады, за адзін год. У новым навучальным годзе будуць два выпускі сярэдняй школы (11 кляса – якая і павінна была ў 2009 годзе скончыць сярэднюю школу па 11-гадовай праграме,  і так званая адзінадцатая «штрых» – тыя дзеці, якія павінны былі вучыцца 12 гадоў). Да таго ж, будуць і два выпускі базавай школы (дзявятая кляса і дзявятая «штрых»). Натуральна, узьнік дэфіцыт падручнікаў, таму што новыя, натуральна, не пасьпелі скласьці і надрукаваць, а  па старым давядзецца вучыцца, да прыкладу, і 11 клясе, і 11-«штрых».

Скарочаная колькасьць гадзінаў па многіх прадметах (да прыкладу, у старэйшых клясах застаецца па адной гадзіне беларускай і рускай мовы на тыдзень). Значна скарацілі колькасьць ўрокаў замежных моваў, вывучэньне замежнай мовы цяпер пачынаецца з трэцяй клясы. Скасаваныя цэлыя курсы (да прыкладу, «Усясьветная мастацкая культура», «Сьпевы»). Як дэкляруюць улады, усё робіцца ў інтарэсах дзяцей, каб зьнізіць вучэбную нагрузку. Субота цяпер будзе выходным днём. Усе школы будуць вучыцца цяпер паводле адзінай вучэбнай праграмы. Ня будзе профільных клясаў з паглыбленым вывучэньнем асобных прадметаў. Калі хочаш вывучаць нейкую дысцыпліну на больш сур'ёзным роўні – запісвайся на факультатыў, які будзе праводзіцца пасьля ўрокаў. Натуральна, многіх настаўнікаў чакаюць скарачэньні.

У шоку настаўнікі, у шоку вучні, у шоку іх бацькі. Магчыма, многія лічаць, што сапраўды ў сярэдняй школе досыць вучыцца і 11 гадоў – насамрэч, школьніцы ў 18-19 гадоў ужо нараджаюць, а юнакам са школьнай парты прыйдзецца ісьці ў войска. Але наступствы такой пасьпешлівай і непрадуманай рэформы школы улада не пралічыла. Таму і вучняў, і іх бацькоў, і настаўнікаў чакае невядомасьць. 

Людміла Корсак

[email protected] 

 

Видео