BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"Усходняе партнэрства” ЭЗ: шанец для Беларусі?

26.05.2008
 "Усходняе партнэрства” ЭЗ: шанец для Беларусі?
Польшча і Швэцыя запрапанавалі міністрам замежных спраў Эўразьвязу плян супрацоўніцтва з поставецкімі краінамі.

Плян прапануе "глыбейшую інтэграцыю" Эўразьвязу зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам. Мэтай такога паглыбленага супрацоўніцтва павінна была быць падрыхтоўца гэтых краінаў да ўступу ў Эўразьвяз, хоць сам плян ня згадвае пра магчымасьці сяброўства ні словам.

Пасьля пашырэньня Эўразьвязу да 25 краінаў у 2004 г. Брусэль запрапанаваў плян бліжэйшага супрацоўніцтва сваім суседзям, які вядомы як Эўрапейская палітыка добрасуседзтва. Акрамя ўжо згаданых краінаў, гэты плян ахоплівае міжземнаморскіх суседзяў Эўропы, якія непасрэдна не мяжуюць з Эўразьвязам: Альгерыю, Эгіпет, Ізраіль, Ярданію, Лібан, Лібію, Марока, Акупаваныя палестынскія тэрыторыі, Сырыю і Туніс.

Міністар замежных справаў Польшчы Радэк Сікорскі сёньня растлумачыў журналістам у Брусэлі, у чым палягае розьніца паміж папярэднім і цяперашнім плянамі суседзкага супрацоўніцтва:

„Мы ў Польшчы робім адрозьненьне паміж паўднёвым і ўсходнім вымярэньнямі Эўрапэйскай палітыкі добрасуседзтва. Яно ў гэтым — на поўдні мы маем суседзяў Эўропы, на ўсходзе мы маем эўрапейскіх суседзяў. Гэта вялікая розьніца. Тут маем краіны такія як Беларусь, Украіна, Малдова, чые тэрыторыі поўнасьцю ляжаць у Эўропе. Паводле палажэньняў Рымскага трактату, усе яны маюць права аднаго дня папрасіць сяброўства, выканаць яго крытэры і, магчыма, стаць сябрамі Эўразьвязу”.

Выглядае на тое, што польска-швэдзкая прапанова „Ўсходняга партнэрства” зьяўляецца часткай шырэйшага кампрамісу, у якім сябры Эўразьвязу пагадзіліся разблякаваць перамовы аб партнэрскіх адносінах з Расеяй. Прапанова пачаць размовы на тэму трактату аб добрасуседзтве была зроблена Маскве таксама сёньня.

Ці ўдасца Беларусі пакарыстацца гэтай новай прапановай Эўразьвязу, за якой, нявыключана, пойдуць істотныя фінансавыя ўкладаньні Брусэлю ў падрыхтаваньне магчымых новых сябраў эўрапейскай супольнасьці?

Нагадаем, што хоць Беларусь фармальна зьяўляецца удзельніцай Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, супрацоўніцтва ў рамках гэтага пляну практычна замарожанае. У лістападзе 2004 г. Брусэль выставіла Менску 12 умоваў, ад выкананьня якіх залежыць разьвіцьцё далейшых палітычных і эканамічных стасункаў. У прыватнасьць, каб пакарыстацца дабротамі Эўрапэйскай палітыкі добрасуседзтва, Беларусь мусіць правесьці дэмакратычныя выбары, запэўніць усім палітычным сілам роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі, вызваліць усіх палітычных вязьняў.

Ці новая прапанова Эўраўьвязу, заяўленая сёньня Польшчай і Швэцыяй, застанецца адно пустым гукам для Беларусі? Цяжка загадзя вырашыць. Але адно ясна — афіцыйнаму Менску будзе ўсё цяжэй пераконваць беларусаў, што нібыта ў Эўропе ніхто іх не чакае.

Спасылка 

Видео