BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

А. Завадскі: “Дзяржаўнае рэгуляванне ў разумных межах”

20.03.2008
А. Завадскі: “Дзяржаўнае рэгуляванне ў разумных межах”

У Беларусі існуе мясцовае самакіраванне, і кожны жыхар краіны пры жаданні можа ўплываць на тое, што адбываецца ў яго населеным пункце. Гэта думка Анатоля Завадскага, старшыні Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў.

– Анатоль Анатольевіч, ці існуе ў Беларусі мясцовае самакіраванне?

Так, існуе. Вядома, мы адрозніваемся ў гэтым плане ад нашых суседзяў. Існуюць адрозненні ў формах мясцовага самакіравання нават з Расіяй, а тым больш з нашымі заходнімі суседзямі. Аднак, калі мы размаўляем з калегамі з Літвы ці Латвіі, якія зараз з’яўляюцца краінамі Еўразвязу, мы знаходзім агульную мову і разуменне ролі гэткіх структур у жыцці грамадства. У нас аднолькавае ўяўленне аб тым, чым мы павінны займацца: арганізоўваць грамадства дзеля стварэння годных умоваў жыцця яго сябраў з улікам мясцовых рэсурсаў, чалавечага патэнцыялу, геаграфічнага і геапалітычнага становішча і шэрагу іншых момантаў. І я не думаю, што людзі ў нас у Беларусі моцна адрозніваюцца ад жыхароў Латвіі альбо Эстоніі. Проста першыя асобы нашых дзяржаваў маюць розныя погляды на развіцце грамадства – і гістарычныя, і сучасныя. Вядома, гэта пакідае свой адбітак на характар і форму самакіравання.

– Вы маглі б назваць прызнакі наяўнасці ў Беларусі мясцовага самакіравання?  

Вядома.У Беларусі ёсць адпаведная заканадаўчая база, у якой прадугледжана існаванне Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Іх выбіраюць непасрэдна жыхары канкрэтных тэрыторый падчас адкрытых і празрыстых выбараў. Ёсць таксама органы мясцовага самакіравання, якія выбіраюцца актыўнай часткай насельніцтва: рады старэйшын, дамавыя і вулічныя камітэты. Аналагі такіх структур ёсць і ў Еўропе. Я б вызначыў самакіраванне як выкарыстанне ўласных сродкаў для вырашэння лакальных задачаў на ўласнай тэрыторыі пад сваю ж адказнасць. Гэта шмат у чым залежыць ад узроўня свядомасці людзей, іх грамадзянскай актыўнасці. І я думаю, што гэтыя працэсы не стаяць на месцы, а ўзровень актыўнасці нашых грамадзян у пытаннях мясцовага самакіравання будзе павышацца. 

 Сёння вялікая праца дзяржаўнымі органамі праводзіцца са зваротамі грамадзян. Яны прыходзяць праз пошту, паступаюць падчас выязных прыёмаў, сустрэч з выбаршчыкамі ці сябрамі працоўных калектываў. І яны вельмі моцна могуць уплываць на становішча. Шмат якія са зваротаў ператвараюцца ў канкрэтныя рашэнні. Любы грамадзянін пры жаданні можа ўплываць на тое, што адбываецца ў яго доме, на яго вуліцы, у яго горадзе. Ці гэта не прыкмета самакіравання?

– Адной з функцыяў Саветаў з’яўляецца зацверджанне мясцовых бюджэтаў. Аднак у Беларусі гэтыя самыя мясцовыя бюджэты фактычна фармуюцца «зверху»...

– Бюджэты фармуюцца з улікам кантрольных лічбаў, якія даводзяцца кожнаму рэгіёну. Калі вы маеце на ўвазе гэты факт, то гэта насамрэч так. Думаю, у кожнай краіне свету дзяржаўнае рэгуляванне ў разумных межах прысутнічае ва ўсіх рэгіёнах і галінах эканомікі. Зыходзячы з нашых магчымасцяў, мы і вызначаем бюджэт. Сродкі з яго ідуць на вырашэнне задач, якія мы самі ж на месцах і вызначаем. Гэта, дарэчы, яшчэ адзін адказ на пытанне, ці ёсць мясцовае самакіраванне ў нас у Беларусі.

Дарэчы, раней свае асобныя бюджэты былі толькі ў абласцей, гарадоў і раёнаў. А з гэтага году ўласныя бюджэты фармуюць і Саветы першаснага ўзроўню – сельскія і пасялковыя. Гэта яшчэ адзін крок па развіцці мясцовага самакіравання. Збольшага, сельсаветам зараз значна прасцей вырашаць пытанні матэрыяльнага плану ў інтарэсах насельніцтва.

– Ці маюць сёння мясцовыя Саветы дастаткова паўнамоцтваў для таго, каб рэальна ўплываць на сітуацыю?

 

– Рэальныя магчымасці ўплываць на сітуацыю залежаць ад фінансавых сродкаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні Савета. І тут я нічога новага не сказаў: можна нешта зрабіць менавіта ў межах той сумы сродкаў, якую маеш, то бок у межах мясцовага бюджэту. Але я лічу, што ўсім трэба жыць па сродках. Трэба разлічваць на свае магчымасці і развіваць пэўныя сферы мясцовай гаспадаркі ў пэўных прапорцыях. А што тычыцца ўласна размеркавання сродкаў, то тут роля дэпутатскага корпусу значная. Савет свабодна распараджаецца мясцовым бюджэтам без аніякага дыктату альбо ўказанняў «зверху». Дарэчы, цягам апошніх дзесяці гадоў кампетэнцыя Саветаў базавага ўзроўню ў Беларусі змянілася. Заканадаўчая база развіваецца, і ў нас з’яўляюцца новыя магчымасці для папаўнення бюджэтаў. Напрыклад, мы можам выстаўляць на аукцыёны зямельныя ўчасткі альбо здаваць іх у арэнду, распараджацца маёмасцю камунальнай уласнасці, можам уводзіць мясцовыя зборы. Такім чынам, з’яўляюцца новыя шляхі для таго, каб прыцягнуць фінансавыя сродкі для вырашэння мясцовых праблем. 

Якія стасункі паміж мясцовым Саветам і выканкамам? Хто прымае канчатковыя рашэнні?

Усе рашэнні прымаюцца пасля таго, як тэму прапрацуюць спецыялісты. А спецыялісты, якія глыбока ведаюць адпаведныя сферы гарадской гаспадаркі, працуюць у выканаўчым камітэце. Пасля таго, як яны вывучаць пытанне, яно выносіцца на разгляд дэпутатаў. У працэсе абмеркавання, часам даволі гарачага і прынцыповага, у дэмакратычных умовах і з’яўляецца рашэнне, якое становіцца законам мясцовага значэння.

 У прыняцці такіх рашэнняў удзельнічаюць і прадстаўнікі выканаўчага камітэту, то бок вертыкалі, і дэпутаты мясцовага Савета. Удзельнічаюць як партнёры. І паверце, працэс прыняцця рашэнняў – вельмі сур’ёзны і ніхто да яго не абыякавы. У першую чаргу – гараджане, паўнамоцнымі прадстаўнікамі якіх з’яўляюцца дэпутаты Савета.

 

– У складзе Саветаў мала прадстаўнікоў апазыцыі... 

 

– Выбары – гэта працэс, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі розных палітычных плыняў. Рэальна ўдзельнічаюць. Каго ў выніку выбіраюць людзі – гэта іншае пытанне. У нашым Савеце ёсць прадстаўнікі самых розных прафесій – лекары, педагогі, сацыяльныя работнікі, навукоўцы, спецыялісты ў галіне транспарту і сувязі, работнікі прамысловых прадпрыемстваў, будаўнікі. Шмат хто з іх мае значны вопыт – і кіраўнічы, і проста жыццёвы – і вельмі выразна ўяўляюць праблемы свайго горада. Ёсць двое маладых людзей, якім няма яшчэ і трыццаці гадоў. Адзін з іх – Вадзім Дзявятоўскі, вядомы беларускі спартовец, срэбраны прызёр чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы... Навошта я ўсё гэта пералічваю?

 

Мая думка простая: у першую чаргу дэпутаты – не палітыкі, а гараджане і прадстаўнікі іншых гараджанаў, якія абралі іх у Савет. І таму я цвёрда ўпэўнены, что галоўнае палягае ў тым, што нашы дэпутаты прадстаўляюць гэткую шырокую разнастайнасць сфераў жыцця горада, а не нейкія палітычныя плыні.

 

Усе пытанні ў межах нашага гарадскога Савета вырашаюцца адкрыта, галосна і дэмакратычна. І нейкай палітычнай афарбоўкі, шчыра кажучы, я не заўважаў. Дарэчы, у мінулых скліканнях Наваполацкага гарсавета былі прадстаўнікі апазіцыйных партыяў. І мы нармальна працавалі разам. Не было нічога ганебнага ці страшнага ў тым, што побач прысутнічаў і працаваў чалавек, у якога бачанне жыцця і існуючага ладу адрозніваюцца ад іншых. Бо ў першую чаргу ён жыхар нашага гораду і працаваў на карысць гараджанаў. У гэтым і ёсць галоўная мэта мясцовага самакіравання.

 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео