BE RU EN
rss facebook twitter

Заява Праўлення Асамблеі НДА Беларусі з нагоды арышту Алеся Беляцкага

05.08.2011
Заява Праўлення Асамблеі НДА Беларусі з нагоды арышту Алеся Беляцкага
ЗАЯВА
Праўлення Асамблеі НДА Беларусі
5 жніўня 2011 г.

 

 
АТАКА ЎЛАДАЎ НА ПРАВААБАРОНЧЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ - ВЫКЛІК ДЛЯ БЕЛАРУСКАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі з трывогай адзначае актывізацыю наступу на правабарончую супольнасць краіны з боку дзяржаўнай улады. Арышт і крымінальны перасьлед лідэра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага з’яўляецца дэманстратыўнай акцыяй, якая скіраваная на застрашваньне і знішчэньне беларускага правабарончага руху.

Праваабарончыя няўрадавыя арганізацыі - адзін з найбольш дзейсных і эфэктыўных кампанентаў беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая ганарыцца іх прафэсіяналізмам і сьмеласцью. 

Праца беларускіх правабаронцаў заўжды сутыкалася з супрацьдзеяннем з боку дзяржаўных уладаў Беларусі, якія не прызнаюць універсальнай каштоўнасці правоў чалавека і грэбуюць сусьветнымі гуманітарнымі стандартамі.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня мінулага года, ва ўмовах рэзкага пагаршэньня становішча з правамі чалавека і грубага парушэньня падставовых прынцыпаў законнасці з боку беларускіх уладаў, праваабронцы апынуліся ў авангардзе змагання за чалавечую годнасць і дэмакратыю на тэрыторыі Беларусі. Беларускія праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцы, што дзейнічаюць у індывідуальнай якасьці, прынялі выклік і здолелі эфэктыўна і паслядоўна супрацьстаяць машыне аўтарытарнай улады.

Менавіта самаахвярная і мужная дзейнасьць сябраў і валянтэраў правабарончага руху стала цяпер галоўнай перашкодай для пабудовы ў Беларусі паліцэйскай дзяржавы.

Мы з трывогай адзначаем, што ў ліпені-жніўні 2011 года праваабарончыя арганізацыі сталіся мішэнню для комплексных рэпрэсіўных дзеянняў уладаў Беларусі. Жорскі і ўсеабдымны характар гэтай кампаніі выклікае надвычайную занепакоенасьць: пад удар патрапілі арганізацыі, што з’яўляюцца флагманамі нацыянальнага правабарончага руху і складаюць найбольш дзейснае ядро айчыннай грамадзянскай супольнасці:

У прыватнасці, Рэспубліканскаму праваабарончаму грамадзкаму аб’яднаньню “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” былі вынесеныя пісьмовыя папярэджаньні і паўторна прад’яўленае патрабаваньне выплаціць вялізарныя эканамічныя санкцыі за дзейнасьць па назіраньні за выбарамі дзесяцігадовай даўніны. Гэта арганізацыя, таксама як і асветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі” сутыкнулася з санкцыямі за збор інфармацыі па правах чалавека і яе прадстаўленне ў міжнародныя інстанцыі, у тым ліку ў органы Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Шэраг правабаронцаў з арганізацыяў, якія былі пазбаўленыя афіцыйнай рэгістрацыі, знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай крымінальнага перасьледу паводле артыкула 193-1 крымінальнага кодэкса.

Аднак асаблівую трывогу і абурэньне выклікае ўзбуджэньне крымінальнай справы і затрыманьне лідэра беларускага правабароннчага руху, заснавальніка і кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, які адначасова з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Гэтыя дзеянні ўладаў супярэчаць духу Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, міжнародна-прававых абавязацельстваў і Канстытуцыі Беларусі, яны з’яўляюцца недапушчальнымі і ганебнымі для ўсёй краіны.

Праўленне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

  • патрабуе ад дзяржавы вызвалення Алеся Бяляцкага і спыненьня распачатай супраць яго крымінальнай справы,
  • заклікае ўсе структуры грамадзянскай супольнасьці Беларусі да салідарнасці і падтрымкі правабарончых арганізацыяў і правабаронцаў, што сутыкаюцца цяпер з перасьледам,
  • заклікае міжнародную супольнасьць і міждзяржаўныя арганізацыі ўжыць усе магчымыя палітычныя і прававыя захады для прыпыненьня атакі на правабаронцаў у Беларусі

Асобна Праўленне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі звяртаецца да дзяржаваў Эўразьвязу, якія аказваюць падтрымку развіццю дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, устрымацца ад дзеяньняў, якія спрыяюць рэпрэсіўным органам беларускай дзяржавы ў іх супрацьпраўным і палітычна матываваным ціску на правабаронцаў.

Видео